Жыццё ў колавароце стваральнай працы

Date 08.03.2026 Man
Comment 97
Жыццё ў колавароце стваральнай працы

Згадзіцеся, прысвяціць усё жыццё рабоце ў адной толькі сферы можа жанчына, адданая сваёй справе, апантаная дзейнасцю ў аднойчы выбранай галіне, якая і не ўяўляе ніякага іншага для сябе занятку, як толькі працаваць на карысць роднай гаспадаркі і мацаваць родны край, уносячы ўласную лепту ў агульныя здабыткі.

Менавіта такой і з’яўляецца загадчыца склада ААТ “Брадзец” Марыя Клімовіч, якая працуе ў гаспадарцы з мая 1985 года. Пачынала яшчэ з працы на ферме буйной рагатай жывёлы, дзе вельмі хутка заўважылі спрыт і ўвішнасць Марыі Вільгельмаўны і назначылі кіраваць складам, чым яна плённа і займалася на працягу пяці гадоў.

Потым старанная працаўніца стала загадчыцай свінафермы. Зараз успамінае тыя часы, як можа падасца, нават з ноткай настальгічнага суму.

– Амаль дваццаць гадоў загадвала свінафермай, прыкладна з 1991-га па 2010-ы. Свіней у нас было шмат, быў час, калі налічвалася звыш 2 тысяч галоў, – расказвае Марыя Вільгельмаўна. – Але пакрысе статак змяншаўся, а потым эпідэмія свіной чумы пачалася, давялося ад фермы адмовіцца.

Дарэчы, сама яна мясцовая, нарадзілася ў Жаліна. І так склалася ў лёсе, што вырашыла звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай. Жыццё – гэта няспынны рух, і пакуль працуеш – жыць цікава. А задач на дзень хапае, самая галоўная – своечасова выдаць муку і зерне на корм буйной рагатай жывёле.

Хоць мужа даўно ўжо няма, радуюць Марыю Вільгельмаўну дзеці і ўнукі. Дачка жыве ў Барысаве, сын у Мінску. Старэйшы ўнук скончыў універсітэт замежных моў і ў хуткім часе мабыць будзе прызваны на тэрміновую ваенную службу ў рады Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Малодшы ўнук толькі пайшоў у першы клас, а ўнучка яшчэ наведваецца ў дзіцячы садок. На лета ды на святы прыязджаюць да любімай мамы і бабулі, у якой заўсёды для дзетак прыпасены гасцінцы.

Увогуле ж можна зазначыць, што дзякуючы такім працаўніцам у многім і трымаецца лад і парадак у гаспадарцы – разам з усімі астатнімі працавітымі людзьмі яны жывуць дзеля сваёй справы і ўзбагачаюць наш край.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ,
фота з архіва Марыі КЛІМОВІЧ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Красавік 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30