На работу трэба прыходзіць толькі з самым добрым настроем, нягледзячы на надвор’е – пераканана паштальён Бярэзінскага аддзялення сувязі РУП “Белпошта” Валянціна Бурая. Унутраны стан павінен быць станоўчым і выклікаць аптымізм у акаляючых. Асабліва ў тых, да каго ты нясеш сёння свежыя газеты.
Працоўны дзень у жанчыны пачынаецца з будзённай мітусні: адразу чакаецца аўтамашына з поштай, потым ідзе разгрузка, і спецыяліст размяркоўвае прэсу з пісьмамі паміж паштальёнамі, якія пасля адразу выходзяць кожны на свой участак па ўжо звыклым маршруце.
Вось што-што, а праблемы, выкліканыя сідзячым ладам жыцця, паштальёнам не пагражаюць. Аднойчы Валянціна падлічыла, што за дзень адолела пешшу па горадзе 30 тысяч крокаў – добрая сабе прагуляначка. А падлічыць дапамог фітнес-гадзіннік з устроеным крокамерам. Праўда, на працяглыя адлегласці хадзіць выпадае не кожны раз, а толькі два разы на тыдзень, у дні, калі выходзіць раённая газета, якую выпісваюць шмат жыхароў Бярэзіншчыны.
– Раёнка наогул у трэндзе сярод насельніцтва, разам з газетай “Друг пенсионера”.
Яшчэ таксама шмат выпісваюць “Мінскую праўду”, – адзначае Валянціна. – Тады даводзіцца даносіць свежыя нумары любімых выданняў да кожнага падпісчыка.
І доўгі кіламетраж зусім не засмучае гэтую жыццярадасную і адказную жанчыну. Сама хацела працаваць менавіта на такой рабоце, у сферу паштовага абслугоўвання яе прывяла прага да дынамікі і пастаяннага руху.
– Сядзець цэлы дзень дзе-небудзь у офісе гэта дакладна не маё, – завярае яна. – А тут штодня прастора для фізічнай актыўнасці, і з людзьмі паразмаўляць пры выпадку шмат магчымасцей. Мне вельмі падабаецца.
Дарэчы, тэрыторыя ўчастка, замацаванага за Валянцінай Бурай, даволі шырокая. Калі браць геаграфічныя кропкі, то ад раённага цэнтра культуры да вуліцы Інтэрнацыянальнай. У яе адказнасці амаль увесь сектар.
Разнесці газеты, часопісы і карэспандэнцыю – гэта яшчэ не ўсе абавязкі, якія выконвае паштальён у спісе паслуг. Адзін з важных момантаў – заўсёды актуальныя пытанні падпіскі на газеты і часопісы. Любы жадаючы можа звярнуцца да паштальёна і падпісацца на перыёдыку.
І ўсё ж, не кожны бярэзінец адважыцца за адзін раз прайсці пешшу і палову таго маршруту, на які выходзяць паштальёны кожны раз на працягу доўгіх гадоў сваёй службы. На гэта ж патрабуецца столькі энергіі і сіл, міжволі ўзнікае пытанне: як іх кампенсаваць?
– Калі прыходжу дадому пасля работы, адразу пару гадзін адпачываю. А ўжо потым – хатнія справы, муж, дзеці.
Хатнія ведаюць, што маме і жонцы трэба аднавіць сілы, стараюцца не шумець, а дзеці часам нават прапаноўваюць дапамогу ў рабоце, што выклікае ў матулі замілаваную ўсмешку. Дарэчы, нагадаем, што Валянціна Бурая ўзнагароджана ордэнам Маці, і мы пра тое ўжо аднойчы пісалі на старонках раённай газеты. Муж працуе праграмістам, у іх 6 дзяцей.
У Год беларускай жанчыны нельга прамінуць пытанне, якой павінна быць жанчына? З адказам Валянціна не марудзіць: абавязкова гаспадарлівая і абавязкова павінна сачыць за сабой, ставіцца да ўсяго з пачуццём любові і адказнасці, і найперш за ўсё – хадзіць на работу з добрым настроем, дзяліцца ім і ў дождж, і ў спёку як з калегамі па рабоце, так і з людзьмі, да якіх нясеш пошту.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.