Адным з яскравых прыкладаў з’яўляецца станочніца Бярэзінскага лясгаса Людміла Кузняцова, якая, як прыйшла працаваць у лясную гаспадарку ў 1999 годзе, так і да гэтага часу шчыруе станочніцай на працягу 27 гадоў. Дарэчы, Людміла Раманаўна тут не адзіная прадстаўніца лепшай паловы чалавецтва, гэтую нялёгкую прафесію асвоілі ажно 8 жанчын.
– Так склаўся лёс і сышліся зоркі, - усміхаецца Людміла Кузняцова. – Скончыла школу, выйшла замуж, муж працаваў у лясной гаспадарцы і я следам за ім. На станочніцу вывучылася тут на месцы. Работа падабаецца, спачатку было, вядомая справа, вельмі цяжка, але потым прызвычаілася, неяк абвыклася, усё наладзілася. Тут галоўнае – не баяцца станка, не баяцца працы, упэўнена выконваць рабочыя функцыі адпаведна з усімі правіламі і інструкцыямі. Калі набярэшся вопыту, далей усё пойдзе як па масле.
Аддадзім належнае спрыту і ўвішнасці Людмілы Раманаўны, не кожны мужчына адважыцца падацца ў цяжкую прамысловасць, працаваць з дрэвам, распілоўваць, распускаць на дошкі. А тут – жанчына аднойчы абрала такі шлях для сябе і застаецца яму адданым на ўсё жыццё. І праўда, беларускія жанчыны могуць усё, калі паназіраеш збоку за работай на дрэваапрацоўчых станках жанчын у цаху. І пры ўсім гэтым яна не губляе жаночую сімпатыю, нягледзячы на фізічную працу.
– На станок падаецца дошка, і яе растарцоўваю па зададзеных памерах, а за мною ўжо дошкі ўкладваюцца ў пакеты, таксама па даведзеных кіраўніцтвам памерах, - тлумачыць жанчына наконт сваіх рабочых абавязкаў. – Перапрацоўваюцца ў асноўным сосны і елкі, аб’ёмамі ад васьмі да трыццаці кубаметраў за дзень. Работа не складаная, але вымагае быць вельмі ўважлівым да сорту і якасці прадукцыі, яе колькасці, каб умець правільна ўсё ўкласці.
Муж Людмілы Раманаўны таксама працуе ў цаху, разам ходзяць у адну змену. Сын атрымаў спецыяльнасць электрыка і ўслед за бацькамі папоўніў працоўныя кадры Бярэзінскага лясгаса. Адным словам, арганізацыя ганарыцца сваімі адданымі работнікамі. Дарэчы, персанал ставіцца да кіраўніцтва з асаблівымі імпэтам і ўдзячнасцю. Адміністрацыя лясгаса дапамагае з вырашэннем усіх надзённых пытанняў, звязаных з работай і бытам. Для жанчын маецца асобнае бытавое памяшканне, у кожнай працаўніцы – асобная шафа для адзення. Сталовая лясгаса штодзень пастаўляе гарачыя абеды. Карацей, як сведчыць Людміла Кузняцова, умовы для працы проста выдатныя.
На лагічнае пытанне, якое ўсё ж узнікае, ці жаночая гэта справа – працаваць станочніцай, Людміла Кузняцова ніколькі не сумняваецца:
– Жанчыны больш адказныя, узмоцненая адказнасць закладзена ў самой жаночай прыродзе, якая надае імпэту больш якасна ставіцца да работы, працоўных абавязкаў.
І дадае следам:
– Мне вельмі прыемна, што гэты год абвешчаны Годам беларускай жанчыны, мы працуем на прадпрыемстве ў галіне, дзе не кожны чалавек справіцца, і гэта стварае сваю атмасферу, а таксама надае пачуццё гонару прафесіяй, працоўным месцам, родным калектывам і арганізацыяй.
Варта напрыканцы дадаць, што ў Год беларускай жанчыны Людміла Кузняцова, як і астатнія жанчыны арганізацыі, з’яўляецца важным прыкладам для падрастаючага пакалення, які дэманструе прыгажосць чалавека ў працэсе стваральнай працы. Яна з’яўляецца жывым увасабленнем той самай сучаснай беларускі, пра якую кажуць з высокіх трыбун: дужай, мудрай, адказнай і адданай сваёй справе, працоўная біяграфія якой гэта не проста радок у асабістай справе, а трывалая нітка, уплеценая ў агульнае палатно квітнеючай незалежнай Беларусі.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.