Жыццё пражыць – што добры хлеб спячы

Date 22.01.2024 Man
Comment 1300
Жыццё пражыць –  што добры хлеб спячы

Што і казаць, у кожнага з нас бываюць перыяды ператамлення. Але гэта не вялікая бяда, бо ад фізічнай стомы можна пазбавіцца, добра адпачыўшы. Намнога горш, калі ў душы пасяляецца журба. Часткова змякчаюць яе зносіны з людзьмі, праца, асабістая сіла волі. Але душэўная пакутлівасць так проста не здаецца, бо душэўная журба – гэта твой боль, твая рана, і ты павінен яе сам перажыць.

Менавіта ў такой сітуацыі апынулася ў свой час пасля 43 гадоў зладжанай душэўнай сямейнай гармоніі мая субяседніца Людміла Паўлаўна Чалей. Жанчына гэтая ў некаторай ступені ўнікальная і непаўторная, са
сваёй рускай закваскай, цвёрдай логікай і асабістай пазіцыяй да жыцця.

А фарміравалася яна ў добра забяспечанай сям’і лесанарыхтоўшчыкаў пасёлка Чырвоны Бор Кастрамской вобласці. Дзяўчынцы было хораша, светла, радасна. Вучылася добра, з лёгкасцю закончыла фізіка-матэматычны факультэт ВНУ, выйшла замуж за любімага юнака з далёкай Беларусі з вёскі Дзмітравічы, самага добрага, прыстойнага, які яе ніколі не пакрыўдзіў ні словам, ні паводзінамі. Працаваў начальнікам чыгункі. Пасля з’яўлення ў сям’і двух сыночкаў мужа настальгічна пацягнула ў свой Бярэзінскі край. Яго доўга не адпускалі, але цяга да родных каранёў аказалася мацнейшай за ўсе абяцаныя прывілеі. Людміла Паўлаўна пярэчыць не стала. Ды і свякроў падтрымала такое рашэнне зяця.

Перамена месца жыхарства для маладой сям’і не была гладкай. Не хапала месц у садку для дзяцей, не ўсё ладзілася з працаўладкаваннем: прыйшлося ёй, рускамоўнай, вучыцца выкладаць фізіку на беларускай мове ў сельскай школе. Але часовыя бытавыя цяжкасці не змаглі зламаць харызматычны характар Людмілы Паўлаўны. Яна па-ранейшаму лічыла сябе самадастатковай і шчаслівай.

Праз які час дзетак уладкавалі ў гарадскі садок, ёй самой прапанавалі месца настаўніцы ў СШ № 2 г. Беразіно. Па лічбавым статусе гэтая школа мае другі нумар, а вось па прафесіяналізме, згуртаванасці педагогаў і вучняў, аўтарытэце яна заўсёды была на першым месцы. Упісацца ў такі калектыў, пранікнуцца яго духам, стаць у ім сваім, заняць годнае месца і заваяваць павагу вельмі няпроста. Трэба было набірацца вопыту ў больш мудрых калег.

Чароўнае ўражанне для яе, як і для другіх членаў калектыву, уяўляла сабой сама дырэктар школы Ніна Васільеўна  Беладзед – эталон педагагічнага майстэрства, якая асабістымі паводзінамі, знешняй і ўнутранай культурай вылучала святасць. І гэта не пафаснае параўнанне. Людміла Паўлаўна ўспамінае, як праз некалькі гадоў Ніну Беладзед, пасля ад’езду ў г. Барысаў, запрасілі ў школу на адзін з вечароў сустрэчы. Пасля завяршэння мерапрыемства ўсе прысутныя ў зале праводзілі яе, падняўшыся з месцаў, гучнымі апладысментамі…

Ішлі гады. Шмат чаго мянялася ў школе, у тым ліку і педагагічныя кадры. Людміле Паўлаўне – чалавеку неардынарнаму, ініцыятыўнаму, дасканаламу ў педагагічных навінках прапанавалі стаць намеснікам дырэктара школы і ўзначаліць галоўны мазгавы цэнтр установы – вучэбна-выхаваўчы працэс. Не адзін дзясятак гадоў аддала яна гэтай пасадзе. І ўсе гэтыя гады Людміла Чалей адчувала сябе шчаслівай у паўсядзённым жыцці: шчаслівая ў сям’і, аўтарытэтная на рабоце, пазітыўная з людзьмі.

Толькі вось жыццё пражыць – што добры хлеб спячы: і салодкага трэба дабавіць, і салёнага, і горкага. З апошнім у Людмілы Паўлаўны выйшаў нават перабор, калі пайшоў з жыцця яе сямейны аберагальнік – муж. У першыя мінуты здранцвець ад гора і адчаю не далі сыны, сябры, калегі. Яна разумела, што іх шчырыя словы падтрымкі нязначна дапамогуць ёй справіцца з бядой. Змірыцца ж з непазбежнай сітуацыяй яна павінна была толькі асабістай сілай волі. І дзякаваць Богу, яна змагла выстаяць, справіцца з журбой, не замкнулася ў сабе, засталася адкрытым чалавекам.

Людміла Чалей і сёння запатрабаваны і любімы вучнямі педагог. Яе ўрокі заўсёды праходзяць змястоўна, цікава, пазнавальна і даюць глыбокія веды. Аўтарытэт Людмілы Паўлаўны сярод калег бясспрэчны. Яе імя неаднойчы называлася ў ліку лепшых педагогаў Бярэзіншчыны. Ды і ў плане грамадскай работы жанчына не ў меншай ступені праяўляе сваю актыўнасць і шчырасць. Колькі цікавых мерапрыемстваў і карысных спраў на рахунку ветэранскай арганізацыі педагогаў СШ №2, якую яна ўзначальвае! А калектыў былых работнікаў тут немалы – аж 52 чалавекі, ёсць з кім працаваць.

Дарэчы, дзякуючы намаганням старшыні, пярвічная арганізацыя абласным саветам ветэранаў была прызнана адной з лепшых на Міншчыне. Крочыць у нагу з часам, каб не ўпусціць важныя моманты ісціны – такая галоўная задача старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі СШ № 2 г. Беразіно Людмілы Паўлаўны Чалей.

Ніна БУРКО.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
« Апрель 2026 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30