Утылізуем будаўнічае смецце

Date 26.05.2022 Man
Comment 909
Утылізуем будаўнічае смецце

На адрас рэдакцыі звярнуўся жыхар Бярэзіншчыны, які ў сваім электронным пісьме задаў наступныя пытанні: “Як утылізаваць будаўнічае смецце (непатрэбны шыфер і г.д.)? Як утылізаваць згарэлы будынак дома?  Як паступіць у выпадку, калі ў размешчаныя паблізу вёскі лес і пералесак жыхары вёскі пастаянна вывозяць бытавое смецце (вёдры, шыны, пластык і г.д.)? Хто павінен ачышчаць гэтыя месцы?”.

Адказвае майстар адзінай дыспетчарскай службы РКУВП “Бярэзінская ЖКГ” Надзея СТАСЮН

- Пытанняў зададзена некалькі, адкажу на іх па парадку.

Наконт утылізацыі будаўнічага смецця. Працэдура гэта платная і ажыццяўляецца наступным чынам. Па-першае, вам патрэбна рассартаваць існуючае смецце па відах: асобна, напрыклад, будаўнічыя блокі, асобна – шыфер і г.д. Па-другое, асабіста звярнуцца ў нашу бухгалтэрыю для выпісвання тэхнікі, на якой будзе вывезена смецце. Аплата ажыццяўляецца як за транспарт, так і захаванне смецця на палігоне. Па-трэцяе, з дагаворам на аказанне названай паслугі і квітанцыяй аб яе аплаце вы накіроўваецеся ў дыспетчарскую службу ЖКГ, дзе ўдакладняюцца дзень і час пастаўкі тэхнікі для вывазу смецця (дарэчы, яго загрузку на транспарт ажыццяўляе сам заказчык).

Аналагічны алгарытм дзеянняў прадугледжаны і ў выпадку вывазу рэшткаў пацярпелага ад пажару будынка.

Наконт засмечвання лясных масіваў і пералескаў. На жаль, гэта праблема, сапраўды, існуе і звязана ў першую чаргу і толькі з нашай культурай паводзін і асабістай адказнасцю за навакольнае асяроддзе. Аб выяўленых фактах падобнага варварства паведамляйце ў інспекцыю прыродных рэсурсаў, мясцовыя органы ўлады. Што датычыцца ачысткі такіх несанкцыянаваных звалак, то гэтую работу павінны ажыццяўляць уласнікі лясоў, на чыім балансе або ў чыім падпарадкаванні яны знаходзяцца  – у першую чаргу лясгас, дарожныя службы (у межах іх кампетэнтнасці) або самі сельскагаспадрчыя вытворчыя прадпрыемствы.

Звяртайцеся! Будзем разбірацца разам!

 Падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER