Ток не трапіць да нас на кручок

Date 05.06.2023 Man
Comment 1003
Ток не трапіць да нас на кручок

Рэчка і вадаёмы заўсёды вабяць да сябе. І не толькі магчымасцю адпачыць каля вады ў летні перыяд спёкі. На жаль, надвор’е сёлета не дае магчымасці распачаць купальны сезон. Але для рыбакоў холад не з’яўляецца перашкодай для таго, каб пасядзець на беразе з вудачкай у спадзяванні на важкі ўлоў. З пачаткам канікул рады аматараў клёву істотна папоўніліся за кошт школьнікаў, якія таксама не супраць злавіць удачу за хвост, няхай нават і рыбны.

Пры гэтым, на жаль, і старыя, і малыя, іншы раз забываюць пра тую небяспеку, якая чакае іх у час любімага занятку. І тоіць яе не толькі вада. З году ў год адзначаюцца выпадкі электратраўматызму, якія адбываюцца ў час аматарскай рыбалкі ў ахоўных зонах паветраных ліній электраперадач, што праходзяць уздоўж берагавых ліній рэк і азёр або перасякаюць іх.

Так, за перыяд часу з 2019 па 2023 год у рэспубліцы адбылося 11 няшчасных выпадкаў з рыбакамі (7 з іх – са смяротным зыходам), звязаных з паражэннем электрычным токам з–за набліжэння вудзільнаў на недапушчальную адлегласць да правадоў ліній электраперадач. Выпадак, які зафіксаваны ўжо сёлета, адбыўся на тэрыторыі Бярозаўскага раёна 11 красавіка. Прычына здарэння – аналагічная, вынік – яшчэ адна смерць чалавека.

Небяспечным у гэтым плане з’яўляецца і Бярэзіншчына. На яе тэрыторыі адзначана 49 перасячэнняў высакавольтных ліній з рэкамі і іншымі воднымі аб’ектамі. І кожнае такое месца ўяўляе сабой патэнцыяльную пагрозу для рыбакоў, якія вырашылі там заняцца рыбалкай. Не рабіце гэтага ні ў якім разе! Найбольшую небяспеку ўяўляюць сабой неізаляваныя правады. І хоць работнікамі электрасетак пастаянна, у адпаведнасці з існуючым графікам, праводзяцца рамонтныя работы па ізаляцыі такіх правадоў, падобных месцаў у нас яшчэ засталося з добры дзясятак.

З мэтай прафілактыкі электратраўматызму ў час рыбнай лоўлі работнікі інспекцыі дзяржэнергагазнагляду, раёна электрычных сетак пастаянна праводзяць папераджальна-растлумачальную работу з патэнцыяльнымі рыбакамі, раздаюць ім тэматычныя лістоўкі і брашуры, праводзяць рэйды па водных аб’ектах, размяшчаюць папераджальныя і інфармацыйныя знакі на саміх вышках ліній электраперадач, расказваюць аб тым, што ўяўляе сабой охоўная зона высакавольтнай лініі і якую бяспеку тоіць знаходжанне ў ёй.

Для чытачоў нагадаем гэтую інфармацыю яшчэ раз: ахоўная зона высакавольтнай лініі – гэта зона ўздоўж яе ў выглядзе зямельнага ўчастка і паветранай прасторы, абмежаваная вертыкальнымі плоскасцямі, якія размешчаны па абодва бакі ліній ад крайніх правадоў пры неадхіленым становішчы на адлегласці не менш 2 метраў пры намінальным напружанні лініі ВЛ-0,4кВ, 10 метраў – для ВЛ-10кВ, 15 метраў – для ВЛ-20/35кВ, 20 метраў – для ВЛ-110кВ. Як правіла, у месцах перасячэння або набліжэння ВЛ з вадаёмамі на бліжэйшых апорах устанаўліваюцца папераджальныя знакі “Лавіць рыбу небяспечна для жыцця”, “Ахоўная зона - 10 м” і інш. Запомніце: рыбная лоўля ў гэтых месцах забаронена!

У час праведзенага на мінулым тыдні рэйду работнікі энерганагляду і РЭС не толькі сустракаліся з аматарамі рыбалкі, у тым ліку і школьнікамі, але і пабывалі ў шэрагу магазінаў горада, дзе прадаюцца рыбалоўныя прылады і вудачкі, пакінулі там тэматычныя буклеты-напаміны рыбакам аб мерах па захаванні правілаў бяспекі ў ахоўных зонах высакавольтных ліній з размешчанай там інфармацыяй аб тым, да чаго прыводзіць грэбаванне гэтымі простымі правіламі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER