Спяшайцеся рабіць дабро!

Date 05.01.2023 Man
Comment 2105
Спяшайцеся рабіць дабро!

Быць добрым на словах можа большасць з нас. А вось перайсці ад пасіўнага спачування да рэальных дзеянняў у адносінах да адзінокіх дзяцей ці нямоглых старых можа далёка не кожны. Такім чалавекам, словы якога не разыходзяцца са справамі, з’яўляецца старшыня Бярэзінскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ірына Дубовік. 

Яе валанцёрскі атрад па выніках мінулага года заняў трэцяе месца ў вобласці. Акрамя таго, уласна Ірына Леанідаўна ў канцы мінулага года была адзначана падзячным лістом Бярэзінскага райвыканкама за развіццё валанцёрскага руху ў раёне. А гэта выдатная нагода пагутарыць з ёй пра тое, як людзі становяцца валанцёрамі, каб зрабіць наш свет больш чалавечным.

– Ірына Леанідаўна, чаму Вы вырашылі стаць валанцёрам? Якія “зярняткі дабра” падштурхнулі да гэтага?

– Дабро закладзена ў кожным чалавеку, важна яго падштурхнуць да добрых спраў… Падчас работы ў школе і цэнтры дзіцячай творчасці разам з дзецьмі мы наладзілі апеку над ветэранамі і адзінокімі людзьмі. Пачыналі з малога: агароды ім капалі, хаты прыбіралі, падарункі і канцэрты да свят рыхтавалі. Валанцёрства спачатку было проста часткай маіх службовых абавязкаў, а толькі потым стала справай усяго жыцця.

– А што сёння ўваходзіць у Вашы асабістыя валанцёрскія абавязкі?

– Я кіраўнік валанцёрскага атрада, каардыную і курырую дзейнасць добраахвотнікаў “пярвічкі” Таварыства Чырвонага Крыжа, якую ўзначальваю. Кола маіх абавязкаў дыктуюць патрэбы людзей. У прыватнасці, я дастаўляю рэцэпты або прадукты хворым старым і адзінокім людзям, магу ўзяць талончык да ўрача, не цураюся прыбраць кватэру, пасадзіць агарод. Толькі пазалетась, у час, калі бушавала пандэмія, мы са своімі валанцёрамі аказалі дапамогу 647 жыхарам раёна. Сёлета лічба стала істотна меншай, але вось дапамагаць становіцца цяжэй і і цяжэй.

Нядаўна да нас звярнулася састарэлая жанчына. У яе сын-інвалід пенсійнага узросту, вось ужо некалькі гадоў не пакідае межы кватэры на пятым паверсе шматпавярховага дома. А яму вельмі патрэбна дапамога ўрача-афтальмолага. Дзякуй Богу, дзякуючы дапамозе галоўнага ўрача ЦРБ Крысціны Крук, спецыяліст наведаў яго і выпісаў акуляры. Цяпер ён бачыць!

Звярнулася да нас па дапамогу жанчына з Беразіно. Нядаўна яна перанесла інсульт і дрэнна рухаецца. Родныя і сваякі яе былі ў гэты час занятыя і яна ўспомніла, што чытала матэрыял у раённай газеце пра валанцёраў. Вось і вырашыла звярнуцца да нас у набыцці прадуктаў.

Летась мы яшчэ дапамаглі ўкраінскай сям’і з горада Харкава. Дом іх разбамбілі і яны вымушаны былі збегчы ад выбухаў і стрэлаў у Беларусь. Мы аказалі ім дапамогу грашыма і вопраткай.

Яшчэ адна цяжка хворая жыхарка горада папрасіла нас пасадзіць ёй агарод. Гэта няпоўны пералік усіх нашых спраў. Бо ёсць людзі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, інваліды, нямоглыя, альбо тыя, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. На жаль, усім

дапамагчы мы пакуль не маем ні сіл, ні фінансавых сродкаў.

– Ірына Леанідаўна, прызнайцеся, якія матывы падахвочваюць удзельнічаць у справе, якая не аплачваецца?

– Кажуць, калі чалавек нешта не аддае, ён губляе. Можа таму ў мяне ёсць жаданне аддаваць. Падтрымліваюць яго мае дзеці і муж, якія ніколі не адмаўляюць мне ў дапамозе. Яна мне вельмі патрэбна, бо пакуль у нашай арганізацыі няма ні ўласнай машыны, ні нават стацыянарнага тэлефона. Аднак я атрымліваю неверагоднае пачуццё задавальнення і ўзбагачаюся энергіяй, калі бачу, як людзі шчыра радуюцца, калі на іх звяртаеш увагу і дорыш свой час. Валанцёрства, паверце, лепшы спосаб развіцця асобы і магчымасць размаляваць сваё жыццё яркімі фарбамі.

Нашы валанцёры не хочуць быць абыякавымі людзьмі. За час валанцёрскай дзейнасці выпрацоўваецца настолькі абвостранае пачуццё разумення і суперажывання, што кінуць сваю справу ўжо не можаш. А плата за яе вельмі высокая: валанцёрства ўзбагачае чалавека знутры і дапамагае паглядзець на свет па-новаму.

– А што самае цяжкае? Ці здаралася Вам расчароўвацца ў сваёй справе або ў людзях?

– Самае складанае – гэта сутыкацца з недаверам людзей, якія папракаюць: “Напэўна, табе няма чым заняцца”, альбо: “Табе выгадна”. Вельмі непрыемна, калі нехта спрабуе ўбачыць у валанцёрстве нейкае ашуканства. Я ў такіх выпадках адказваю: “Мы рады кожнаму. Далучайцеся! І вы зразумееце, як і навошта працуюць валанцёры”.

З іншага боку, мне падабаецца, што зараз многія падыходзяць да дабрачыннасці не толькі з адкрытым сэрцам, але і з розумам. Я лічу, што класічная парада на ўсе часы – “давярай, але правярай” – тут працуе: апошнім часам з’явілася вельмі шмат махляроў. Не хочацца сутыкацца з такімі негатыўнымі момантамі, бо часам і без іх пачуцці перепаўняюць.

Цяжка бачыць, колькі людзей вакол маюць патрэбу ў дапамозе. Але мне вельмі прыемна, што нашы валанцёрскія рады пашыраюцца. Знайшліся людзі, якія жадаюць бясплатна на даму аказваць паслугі цырульніка альбо паклеіць нямоглым кватэру шпалерамі.

– Як Вы спраўляецеся з эмоцыямі?

– За гады валанцёрства я навучылася трымаць сябе ў руках, хаця кожную гісторыю прапускаю праз сябе. У мяне матуля цяжка хварэла і доўга ляжала. Часта слёзы падступаюць, іншым разам даю ім волю, але часцей выгляду не падаю… Нашым падапечным не патрэбны жаль. Ім патрэбны любоў і шчырасць. Ім бывае няма з кім і пагаварыць. Да гэтага рыхтую і юных валанцёраў.

– Які самы важны ўрок Вы вынеслі, штодня сутыкаючыся з цяжкімі праблемамі людзей?

– Трэба шанаваць тое, што маеш. Радавацца таму, што побач з табой бацькі і сябры, а значыць, ты – багаты чалавек і можаш смела аддаваць часцінку сябе, набываючы ўзамен нешта значна большае, чым матэрыяльныя выгоды. Пры гэтым трэба быць да ўсяго гатовым і ўжо сёння ўмець суперажываць. Паколькі ніхто не застрахаваны ад гора. Калі сёння ты адчуваеш сябе ў бяспецы, гэта не значыць, што заўтра сам не сутыкнешся з вялікімі цяжкасцямі. Памятайце аб гэтым! І яшчэ адна рэкамендацыя - не саромейцеся гаварыць пра сваё гора і звяртайцеся па дапамогу. Мы зробім усё магчымае, каб вырашыць вашу праблему.

– А хто Вашы асноўныя памочнікі?

– У нас шмат сяброў: і фізічных асоб, і арганізацый, якія гатовы аказаць усялякую падтрымку добраахвотніцкаму руху. У ліку маіх верных памочнкаў Раіса Аўтуховіч, Ірына Грэк, Уладзімір Канавалаў, Наталля Чорная, Маргарыта Булойчык, Алеся Парупова, Вікторыя Дзюбайла, Алена Драніца і Іна Чорная. Так, Ірына Грэк у свой час падарыла камп’ютар. Знайшлася ў мяне і “баявая” сяброўка Лілія Раманёк. Яна займаецца бадзяжнымі жывёламі, але нядаўна раздавала навагоднія падарункі дзецям. Набыла падарункі ўсім юным валанцёрам і Таццяна Амяльчэня.

Многія чамусьці думаюць, што гэта вельмі заможныя людзі. Але гэта не так. Проста нашы сябры гатовы зняць з сябе апошнюю кашулю – іх капейка важкая… Увогуле валанцёрства – гэта не эквівалент грошай. Для таго, каб, у прыватнасці, напісаць ліст дзіцяці з дзіцячага дома або адправіць паштоўку са словамі падтрымкі пацыентам і медыкам бальніцы, не трэба мець тоўсты кашалёк.

– Напэўна, Вас асабліва радуе папаўненне валанцёрскіх атрадаў моладдзю?

– Так, удзел у дабрачыннасці ў юным узросце – гарантыя выхавання пакалення добрых і спагадлівых людзей. Як вынік – аздараўленне ўсяго грамадства, у якім сёння, на жаль, градус абыякавасці павышаны. За гэта гавару вялікае “дзякуй” класнаму кіраўніку валанцёрскага атрада “Непоседы” ДУА "Пачатковая школа №1 г. Беразіно" Аэліце Асадчай і музычнаму кіраўніку Людміле Заяц. Надыдзе час і іх выхаванцы стануць завадарамі многіх дабрачынных спраў.

– Прадоўжыце, калі ласка, прымаўку “Добрымі намерамі выбрукавана дарога ў пекла”…

– … добрымі справамі – туды, дзе чалавек будзе адчуваць сябе добра. Тут і зараз. Таму, калі ў вас ёсць жаданне бясплатна тварыць дабро, проста далучайцеся да любога добраахвотніцкага атрада ці руху. Балазе, іх у нас шмат. І спраў шмат, а вось людзей, на жаль, не хапае. Адважвайцеся! Ніхто з нашых валанцёраў яшчэ не пашкадаваў аб сваім выбары. Наша славутая беларуская талака, якая аб’ядноўвае неабыякавых людзей, – гэта вялікая сіла. Разам зможам зрабіць вельмі многае і дапамагчы многім людзям. Не заставайцеся ўбаку і спяшайцеся рабіць дабро людзям!

Мілана ТРАПЯНОК.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Зямля любіць парадак Чалавек, які вядзе за сабой »