Раім прачытаць

Date 16.11.2021 Man
Comment 1445

Расказвем далей пра цікавыя кнігі і новыя выданні, якія маюцца ў раённай бібліятэцы.

Казімір КАМЕЙША. З АГНЮ ДЫ Ў ПРЫСАК.

Іскрынкі свайго непаўторнага гумару, які склаў новую кнігу, аўтар збіраў спакваля, на працягу многіх гадоў жыцця і творчасці, занатоўваючы ці запамінаючы ўсё тое, што дарыла яму родная Налібоцкая пушча, сустрэчы з людзьмі на дарогах і ростанях, на прыпынках, пад небам і пад стрэхамі. Гэта не толькі тое, што рыфмавалася, але і запісвалася ў блакноты, чулася ад сяброў і знаёмых, бачылася на ўласныя вочы.

Гумар паэта, як і яго вершы, як і яго проза, мае мяккую пушчанскую падфарбоўку, цёплы лірычны адгалос, а часам і нечаканы падтэкст, нават намёк, што ўласцівы найбольш раздзелу “Партрэцікі”. А там, дзе не бачна “партрэціка”, ёсць абавязкова добры, зусім не зласлівы, смешны, жыццёвы малюнак.

Парачка цытат з кнігі:

“Памахаўшы ў паветры новым паэтычным зборнікам, мой знаёмы прызнаўся слухачам:

— Гэта кніга вельмі дарагая мне…- зрабіў паўзу і дадаў: — Бо выдаў я яе за ўласныя грошы”.

“Юбіляра цалавалі доўга, цэлы вечар, але чамусьці, як нябожчыка, баючыся”.

Выданне адрасуецца шырокаму колу чытачоў.

Станіслаў РАСАВЕЦКІ. ЭЛІТНЫ АТРАД КНЯЗЯ ІЗЯСЛАВА.

Кніга не адрозніваецца глыбінёй думкі, аднак для падобнага жанру тое і не патрабуецца. Бо гэта не проста гістарычны раман, гэта гістарычны баявік. І ў дадзеным плане яго можна назваць адным з лепшых у шэрагу напісаных пра старадаўнюю Русь дамангольскага перыяду. Адмыслоўцы называюць розныя недакладнасці, але яны цалкам нязначныя, бо ў першую чаргу перад намі не падручнік гісторыі, а мастацкі твор. Назначэнне ж мастацкай літаратуры – выклікаць перажыванне, эмоцыі, спагаду да галоўных герояў. Чытаецца лёгка і хутка. Няма вялікай колькасці архаізмаў і запазычанняў з позняга перыяду. Можна засвоіць за адзін вечар, калі маецца час. Хочацца пажадаць, каб прыгодніцкі раман пра старадаўнія часы заўсёды быў менавіта на такім узроўні, не менш.

Коратка пра сюжэт. Зіма 1151 года. За кіеўскі трон змагаюцца Ізяслаў Мсціслававіч і Юрый Доўгарукі. Малады мячнік Хатэн камандуе элітным атрадам князя, які складаецца з лепшых ваяроў-прафесіяналаў. Каб выканаць загад князя, Хатэну трэба здзяйсняць цуды вынослівасці і адвагі.

Дэніэл КІЗ. КВЕТКІ ДЛЯ ЭЛДЖЭРНОНА.

Класіка сучаснай сусветнай літаратуры, выкананая ў жанры навуковай фантастыкі. Між іншым, на радзіме аўтара ў ЗША кнігу ўвялі ў абавязковую школьную праграму. За гэты твор Дэніэл Кіз быў двойчы ўзнагароджаны. Спачатку ён напісаў апавяданне, якое павінна помніцца аматарам фантастыкі, якім за 40. Тое апавяданне часцяком уключалася ў пераведзеныя на рускую мову зборнікі, што выдаваліся за савецкім часам. Пасля апавяданне было перапрацавана ў раман.

…Трыццацітрохгадовы Чарлі Гордан вельмі адстае ў развіцці. Пры гэтым ён мае сяброў, работу і ўсё адпаведнае. Таксама ён вельмі прагне вучыцца, стаць развітым, як нармальныя людзі. І згаджаецца прыняць удзел у небяспечным навуковым эксперыменце, каб паразумнець.

Гэтая фантастычная гісторыя валодае прыцягальнай псіхалагічнай сілай і вымушае задумацца, які кошт мы згодны заплаціць, якія ахвяры прынесці, каб стаць разумнымі? А ці не прывядзе гэта да адзіноты? Моцны твор.

Аглядаў кніжкі Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER