Бярэзінцы на Купаллі ў Александрыі

Date 12.07.2022 Man
Comment 357
Бярэзінцы на Купаллі ў Александрыі

Рэспубліканскае свята "Купалле. Александрыя збірае сяброў" стартавала ў суботу, 9 ліпеня, у 11.00 з адпраўкі экскурсійнага маршруту па тэматычных пляцоўках і завяршылася ў нядзелю, 10 ліпеня, у 3.00 начной маладзёжнай дыскатэкай. Праходзіла свята ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці на маляўнічым беразе "ракі дружбы" - Дняпра.

Традыцыйна мерапрыемства было разбіта на некалькі тэматычных зон. Працавалі гандлёвыя і рамесныя рады, гульнявыя атракцыёны, цырк-шапіто, кантактны заапарк, выставы-продажы, рэгіянальныя міні-павільёны, сфарміраваныя па відах народных промыслаў і рамёстваў, а таксама выступленні на галоўнай і малой сцэне, Бярэзінскі раён прадстаўляў Мінскую вобласць на тэматычнай пляцоўцы "Кола жыцця".

Так, удзельнікі Новінскага СДК, захавальнікі і пераемнікі традыцыйнага абрада "Цягнуць Каляду на дуба", падрыхтавалі выставу на пляцоўцы, спявалі, танчылі, віталі гасцей і прэзентавалі абрад на малой сцэне.

У сваю чаргу, майстры народнай творчасці Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў прадстаўлялі свае вырабы, праводзілі майстар-класы па іх стварэнні.

Адным з яркіх месцаў на Александрыйскім свяце стала пляцоўка, дзе былі размешчаны госці, якія прыехалі з Казахстана, Таджыкістана і з 19 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі: Бранскай, Калінінградскай, Курскай, Ленінградскай, Ніжагародскай абласцей, а таксама нават з Якуціі і Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі.

У 21.00 на галоўнай канцэртнай пляцоўцы пачаўся "Гала-канцэрт" – музычнае падарожжа "Ёсць што паглядзець!" з удзелам зорак беларускай і расійскай эстрады, які скончыўся святочным феерверкам.

У праграме прынялі удзел заслужаныя артысты Беларусі Аляксандр Саладуха, Вікторыя Алешка, Ірына Дарафеева, Алена Ланская, Руслан Беразоўскі, Аляксандра Гайдук, Ірына Васілеўская, сёстры Груздзевы, вакальны ансамбль "Верасы", мадэлі Нацыянальнай школы прыгажосці.

Былі задзейнічаны таксама Прэзідэнцкі аркестр, Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, групы "Аўра", "Дразды", "Беларусы". Кожны рэгіён прадставіў сваіх артыстаў з народа. Так, Мінскую вобласць прадставіў Руслан Кім, Гродзенскую – Андрэй Кушко, Брэсцкую – Сафія Рустанова, Магілёўскую – Ульяна Гузоўская і Валерыя Азаранка і іншыя. Прыемным падарункам для гледачоў стала выступленне Алены Ваенгі і Ігара Нікалаева.


Я на свяце "Купалле. Александрыя збірае сяброў" у якасці ўдзельніцы была ўжо трэці раз. І кожны раз гэта новыя яркія эмоцыі, цудоўная творчая атмасфера, новыя знаёмствы. Самай запамінальнай падзеяй на гэты раз для мяне стала, вядома ж, выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка, які павіншаваў гасцей і ўдзельнікаў свята.

Яніна КЛІМОВІЧ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER