Майстар драўляных дзівосаў

Date 01.07.2025 Man
Comment 416
Майстар драўляных дзівосаў

Колькі гляджу на вырабы гэтага майстра, столькі здзіўляюся і захапляюся. Гэта ж як можна выразаць ланцужок з суцэльнага кавалка дрэва? А як трапіў у геаметрычную фігуру роўненькі шарык? Як удалося так праўдзіва перадаць казку на драўлянай лыжцы? Колькі цярпення патрэбна, каб вытачыць сотні падобных на зубачысткі палачак для лыжкі-вожыка? Ці магчыма так праўдападобна выразаць з дрэва партрэт Леніна? А якая фантазія павінна быць, каб ні адзін з соцень, а магчыма і тысяч, вырабаў не быў падобны на другі?

Для Народнага майстра Рэспулікі Беларусь разьбы па дрэве, члена народнага калектыву майстроў Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў Яўгена Осіпава нічога дзіўнага і незвычайнага ў гэтым няма. Проста, як кажуць, спрытнасць рук і ніякага махлярства. Ды не проста спрытнасць, а сапраўдны талент, калі у гэтых самых руках ажываюць бервяно ці калодка, набываюць свой унікальны выгляд і, нават, характар. Кожны з яго вырабаў – сапраўдны арыгінальны і непаўторны твор мастацтва, нярэдка з багатым сюжэтам, дзе ёсць месца казкам і прыродзе, дзе адчуваецца стан душы ці бачыцца пытанне пра сэнс жыцця, не абыходзіцца і без гумару.

Адкуль і як гэта прыйшло, Яўген Паўлавіч і сам дакладна сказаць не можа. Выразаць з дрэва пачаў гадоў у 45, а да гэтага… Бывала, узнікалі думкі, але да справы не даходзіла, пакуль не прывезлі яму спілаваную ліпу. Да ўсяго ў справе разьбы па дрэве даходзіў сам.

– У прамым сэнсе асабістым мазалём, нярэдка і параненымі рукамі, – гаворыць майстар. – Гэта цяпер у інтэрнэце майстар-класы можна знайсці, а тады – ні літаратуры, ні інтэрнэту. Але было вялікае жаданне. А маімі першымі  вырабамі сталі крэслы, якія адправіліся ў Маскву на падарунак. Пасля пачаў выразаць больш дробныя сувенірныя рэчы – карціны, гадзіннікі, бюсты…

Былі ў творчым «асартыменце» Яўгена Осіпава і лыжкі, але асабліва цесна пачаў працаваць над імі, калі ўвайшоў у народны клуб майстроў. І сёння большасць экспанатаў адзінага ў краіне музея-пакоя драўлянай лыжкі ў Бярэзінскім раённым цэнтры рамёстваў – менавіта яго вырабы. Якіх тут толькі няма! Кожная лыжка – цэлы сюжэт, кампазіцыя ці карціна, цэлы аповед – сур’ёзны або гумарыстычны. Бо проста выразаць лыжку, па меркаванні майстра, гэта сумна. Спачатку ён «малюе» выраб у галаве, прадумвае кожную дэталь. Усё выходзіць неяк само сабой. Але наўрад ці можна абысціся без фантазіі, жыццёвага вопыту, майстэрства, таленту. Быў выпадак, калі Яўген Паўлавіч амаль год пераступаў праз палена. А потым у адно імгненне прыйшла думка, і тое палена стала прыгожым бюстам з каронай і каралямі (упрыгажэннем) на шыі.

Вось так нечакана ўзнікла і ідэя аздобіць самую вялікую лыжку і зрабіць яе лыжкай-Цмокам. Хаця працаваць з дубам было зусім не проста, бо гэта адно з цвёрдых дрэў.

– Дуб прывезлі з урочышча з-пад Мачаска, – расказвае Яўген Осіпаў. – Спачатку не ўсе  верылі ў тое, што такая самая вялікая лыжка атрымаецца. Але мы гэта зрабілі. Працаваў над ёй разам з памочнікамі з восені да вясны. Вядома, можна было зрабіць не мудрагелістую, проста вялікую лыжку, але хацелася незвычайную. Так узнікла задума з Цмокам з беларускай міфалогіі, хаця гэта і  ўскладніла работу, чаго толькі каштавала выразаць панцыр на дубе.

Але майстар ніколі не шукае лёгкіх шляхоў у любімай справе і заўсёды стараецца ажыццявіць усе ідэі. Не доўга думаў і над вырабам лыжак з розных парод дрэў, якія растуць на нашай тэрыторыі.  Так атрымалася адна з каштоўных і рэдкіх калекцый, якая сёння практычна ў цэнтры выставы драўляных лыжак. Унікальнасць і вядомасць калекцыі яшчэ і ў тым, што менавіта з ёй пабываў нават у Кітаі, куды лятаў разам дэлегацыяй Мінскай вобласці.

Дэманстраваў сваё майстэрства Яўген Паўлавіч і ў Турцыі, дзе правёў тры тыдні і прыняў удзел у двух фестывалях. Больш таго, даваў майстар-клас разьбы па дрэве ў беларускім  пасольстве ў Маскве. Што ўжо гаварыць пра разнастайныя конкурсы, святы і фестывалі, як раённыя, так і рэспубліканскія.

Вось тут разьбяр размаўляе са старшынёй  Мінскага аблвыканкама А. Кушнарэнка,  тут  яму працягвае руку для прывітання міністр культуры Рэспублікі Беларусь Р. Чарнецкі, а вось ужо ён вучыць азам рамясла гасцей свята. Гэта рэалістычныя малюнкі толькі з аднаго нядаўняга фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2025». Колькі іх было на творчым шляху Я. Осіпава, нават цяжка падлічыць!

– Дыпломаў, грамат і падзяк таксама цэлая тумбачка, маю званне Народнага майстра Беларусі, – адказвае на маё пытанне пра ўзнагароды майстар. – І ўвогуле, дзякуючы менавіта свайму захапленню разьбой па дрэве і свет паглядзеў, і ў цікавых паездках пабываў, з неардынарнымі і вядомымі людзьмі пазнаёміўся.

І гэта ўжо зусім не хобі, як здавалася напачатку, а справа жыцця. Хаця, за плячыма 38 гадоў педагагічнага стажу. Па размеркаванні Яўген Паўлавіч прыехаў настаўнічаць у Бярэзінскі раён з Віцебшчыны. Спачатку гэта была Ляжынская школа, потым пабудавалі сярэднюю школу ў Лагах. Выкладаў фізіку, матэматыку, інфарматыку. Успомніў разам з вучнямі і сваё школьнае захапленне – мадэліраванне. Змайстравалі самалёт, які нават уздымаўся ў неба і лятаў. Вёў і фотагурток. Адным словам, творчасці хапала. І схільнасць да творчасці заўсёды прысутнічала.

А тут, як лічыць Яўген Осіпаў, галоўнае – жаданне.  А яно, як і глыбокая цяга да разьбы па дрэве, было заўсёды. Штуршком для таго, каб распачаць новую справу, стала тая самая спілаваная ліпа.

– Гэта самае падатлівае дрэва для разьбы, – гаворыць майстар, – з ім у асноўным працую. Увогуле, разьба па дрэве – справа нялёгкая. Тут патрэбна і падумаць, і фізічную сілу прыкласці.

Таму, па меркаванні Яўгена Паўлавіча, разьба па дрэве – гэта не жаночая справа. Хаця сярод яго вучняў  былі і дзяўчынкі, і цэлая сям’я разам з мамай.

– Магчыма, дзеці, якія наведвалі школу лыжкарскага майстэрства ў раённым цэнтры рамёстваў, менавіта цяпер і не займаюцца разьбой па дрэве. Але праз пэўны час некаторыя з іх абавязкова захочуць вярнуцца да гэтай справы.

Гэта вера ў Я. Осіпава з уласнага вопыту. Былі ў яго і моманты адчаю, і такое захапленне, што мог з 6 гадзін раніцы і да поўначы карпець над дрэвам, каб ажывіць яго, стварыць вобраз. А тут патрэбны не толькі тэхнічныя навыкі, але і мастацкі густ, дакладнасць і ўменне передаць задуманае. Сакрэт поспеху і ў таленце бачыць і ствараць прыгажосць.

Усё гэта засвойваў ад бацькі сын Павел. Жыве і працуе ён у Мінску, але іншы раз знаходзіць час, каб адвесці душу за работай над дрэвам. Разам з бацькам прымаў удзел у конкурсе «Бярэзінскія лыжкары».

У самога Яўгена Паўлавіча разам з бліжэйшымі задачамі і далёка ідучыя планы. Адна з задум – прадоўжыць і дапоўніць кампазіцыю «На Купалле», дзе будуць і папараць-кветка, і касцёр, праз які скачуць, і гарманіст, падобны на Міхаіла Папругу.

Ала АЛЬФЕР.

Фота з архіва Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER