Узрост у 95 гадоў наўрад ці назавеш юным. А менавіта ж столькі гадоў спаўняецца сёлета нашай газеце, якая некалі насіла назву “Сцяг Леніна”, а затым была перайменавана ў “Бярэзінскую панараму”. Тым не менш, ветэранам, якому прыйшоў час ісці на спакой, наша выданне сябе не адчувае. Яно і зразумела: тут пастаянна абнаўляецца штат маладымі супрацоўнікамі, тут заўсёды сочаць за пераменамі, што адбываюцца навокал і імкнуцца ісці (і ідуць!) у нагу з часам, тут заўсёды дбаюць аб перспектыве, а свае матэрыялы журналісты ствараюць такім чынам, каб былі яны цікавымі і прывабнымі для чытача любога ўзросту. Мяркуючы па той колькасці сяброў, якую мае газета і яе электронныя дадаткі, нам гэта ўдаецца, як і ўдаецца заставацца па-за часам, рэальным адлюстраваннем якога заклікана быць выданне.
Час, які адышоў у мінулае – гэта і ёсць гісторыя. У прыватнасці да раённай газеты – наша з вамі, гісторыя роднага краю і тых падзей, якія адбываліся на яго тэрыторыі. Перыядычна на працягу года мы будзем гартаць старонкі “Сцяга” і “Панарамы” і расказваць, аб чым пісалася тут у тыя ці іншыя гады, знаёміць вас з найбольш удалымі і цікавымі публікацыямі і іх героямі. Думаецца, вам будзе цікава на хвіліну-другую акунуцца ў мінулае і многае што ўзгадаць.
Гэта зрабіць прапануе і наша сённяшняя падборка фотаздымкаў. Зроблены яны былі ў розны час і змешчаны на старонках нашай газеты. На жаль, высокай якасцю паліграфічнага выканання яны ў большасці сваёй не вызначаюцца. На іх – нашы даволі вядомыя сёння землякі гадкоў гэтак 15-30, а то і болей назад.
Яшчэ маладыя, а часам і юныя. Угледзьцеся ў гэтыя твары і паспрабуйце пазнаць герояў колішніх публікацый. Перажытае, безумоўна, знайшло свой адбітак на іх знешнасці, але не да такой ступені, каб зрабіць непазнавальнымі. Так што напружвайце ўважлівасць і назіральнасць.
-