“Святло вачэй” струменіцца шчырасцю і багатымі пачуццямі

Date 05.05.2026 Man
Comment 152
“Святло вачэй” струменіцца шчырасцю і багатымі пачуццямі

Наш зямляк, пісьменнік і мастак, ветэран журналістыкі, майстар друкаванага слова Уладзімір Несцяровіч сёлета прадставіў чытачам сваю новую кнігу, паэтычны зборнік “Святло вачэй”, якая пабачыла свет у сталічным выдавецтве “Чатыры чвэрці”. Падзея актуальная, каб напісаць пра яе напярэдадні Дня друку, улічваючы яшчэ і тое, што Уладзімір Паўлавіч шмат гадоў аддаў рабоце ў раённай газеце “Бярэзінская панарама”.

Сёлета кніга таксама была прадстаўлена на ХХХІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая праходзіла ў выставачным комплексе “БелЭкспа” ў сталіцы Беларусі, і выклікала цікавасць выдаўцоў і літаратараў, прафесійных крытыкаў і проста аматараў чытання, гасцей свята літаральна з усяго свету.

Пра творчасць і натхненне

Пра нашага былога супрацоўніка можна расказваць шмат. Журналісцкія матэрыялы і літаратурныя творы Уладзіміра Несцяровіча шмат разоў радавалі чытачоў на старонках раённай газеты і асобнымі выданнямі. Творчых перамог на пакручастым шляху літаратурных пошукаў у нашага калегі шмат. Ён з’яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў “Сто дарог” і “Эпоха русалкі”, аповесцей “Непрыручанае рэха” і “Круты ўзлёт”, зборніка “Не гром нябесны”, укладальні-кам калектыўнага літаратурнага зборніка “Абярэг”. Таксама актыўны ўдзельнік і пераможца многіх літаратурных конкурсаў, у тым ліку лаўрэат абласнога конкурсу літаратурнай творчасці ветэранаў, фіналіст ІХ Міжнароднага конкурсу лірыка-патрыятычнай паэзіі, прысвечанага стагоддзю з дня нараджэння паэта Ігара Грыгор’ева. Карацей, спіс можна пералічваць яшчэ доўга.

Варта прыгадаць адметны момант – лірычную песню “Хлеб” на верш Уладзіміра Несцяровіча, якую выканаў вядомы беларускі выканаўца Аляксандр Саладуха ў 2024-м на свяце ў гонар 100-годдзя Бярэзіншчыны. Рэакцыя гледачоў была сапраўдным прызнаннем творчых здабыткаў нашага калегі.

Як расказаў Уладзімір Паўлавіч, першыя спробы пяра ён пачаў яшчэ ў школьныя гады. Нарадзіўся ў Карбаўскім, невялікай вёсачцы, на той час з адзінаццаці двароў. І адтуль бярэ пачатак увесь творчы патэнцыял нашага самабытнага аўтара, які з маленства быў цікаўным да прыроды і яе з’яў, а кнігу палюбіў яшчэ задоўга да таго, як навучыўся чытаць.

– Я вельмі ўдзячны лёсу за тое, што мае карані знаходзяцца на маленькай радзіме ў вёсцы, куды заўжды вяртаюся і ў думках, і на справе. Прыязджаю сюды з блізкімі, бываю і адзін, каб пасумаваць, сабрацца з думкамі, акрэсліць творчыя планы, і, вядома ж, пісаць. Героі маіх твораў, многія з якіх хоць і прыдуманыя, – выхадцы з таго асяроддзя, адкуль з’явіўся і я, – ахвотна распавядае Уладзімір Паўлавіч.

Пра новую кнігу

Літаратурны зборнік “Святло вачэй” напоўнены багатым зместам і заслугоўвае свайго асэнсавання. Каб захапіцца напісаным, ад чытача не патрабуецца ніякай падрыхтаванасці ў настроі на кнігу. Ён натуральна з першых радкоў акунаецца ў вір жыцця, дзе раптам апынуўся сам аўтар.

Некалькі вершаў, уключаных у гэтую кнігу – сёмае па ліку выданне аўтара, - толькі маленькая часцінка яго літаратурнага здабытку. Прачытаўшы іх, адчуваеш эмацыянальнае ўздзеянне друкаванага аўтарскага слова. Лёгкасці ўспрымання тэксту паэту ўдаецца дасягнуць умела выкарыстоўваючы мастацкія сродкі. Акрамя таго, ён прытрымліваецца бездакорнага захавання вершаванага памеру ў кожным радку, строгай класічнай рыфмы і інш. Вядома, толькі па змешчаных у зборніку творах аб асобе пісьменніка ў поўнай меры судзіць не прыходзіцца. Аднак і гэтага дастаткова, каб заўважыць яго самабытны літаратурны талент, высокі прафесіяналізм, імкненне паказаць свой пункт гледжання як звычайную жыццёвую з’яву, так і праблему чалавецтва.

Віншаванні са святам!

Наогул жа перыяд работы нашага дарагога калегі ў раённай газеце быў настолькі насычаны рознымі падзеямі, што можна цяпер і мемуары напісаць. Але ж, пакінем гэтую прапанову на разгляд уласна самаго аўтара. Гэта ж па сутнасці цэлая эпоха ў жыцці. Уладзімір Несцяровіч быў і карэспандэнтам, і загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі. Жыццё багатае на падзеі, старажылам раёнкі зараз прыемна ўспомніць калегу-журналіста, з якім давялося працаваць, а маладзейшым супрацоўнікам ёсць з каго браць добры прыклад. А ўсім разам павіншаваць з новай кнігай і прафесійным святам – Днём друку – і пажадаць здароўя, доўгіх гадоў жыцця, далейшага плёну ў творчасці і светлых, добрых, радасных дзён!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER