З кнігай – у кожны дом

Date 15.09.2026 Man
Comment 32
З кнігай – у кожны дом

Прывіць якасную культуру чытання, любоў да літаратуры і друкаванага слова як малому, так і старому – менавіта гэтым заклапочаны работнікі бібліятэкі. А значыць даставіць кнігу ў населеныя пункты, дзе няма ўстаноў культуры – задача пачэсная, высакародная і адказная, з якой выдатна спраўляецца так званая мабільная бібліятэка, створаная менавіта з мэтай пашырыць кола карыстальнікаў і аматараў чытання.

– Крэатыўная ідэя стварыць мабільную бібліятэку і адправіцца з кнігамі ў населеныя пункты Бярэзіншчыны нарадзілася даволі своечасова, – расказвае дырэктар Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Маеўская. – Гэта стала часткай крэатыўнага развіцця бібліятэчнай справы, і як паказаў час, сябе апраўдала, бо запатрабавана сярод насельніцтва раёна.

Як сведчыць адказны за функцыянаванне мабільнай бібліятэкі спецыяліст Юлія Корсак, першы рэйс меў эксперыментальны характар і адбыўся ў ліпені 2023 года. Бібліятэкары, жанчыны рашучыя і з творчай разынкай, заўсёды ў пошуку новых шляхоў і формы працы, вырашылі сабраць найбольш папулярныя выданні і выехаць у сельскую мясцовасць, там, дзе бібліятэк няма. Першы маршрут пралягаў праз Журоўку, Шавярнічы, Дзмітравічы, Вяшэўку.

– Па першасці было нават трохі боязна: а як нас успрымуць, і ці будзе з гэтага ўсяго толк? – прыводзіць факт Юлія Юр’еўна. – Аднак усё атрымалася якслед, жыхары вёсак Бярэзіншчыны сустрэлі нас вельмі прыязна і з задавальненнем. Для многіх гэта стала культурнай падзеяй і нават забаўляльным мерапрыемствам. Неўзабаве высветлілася, што шмат людзей на самой справе хочуць знаёміцца з кніжнымі навінкамі, бавіць вольны час за чытаннем. Мы ж прапанавалі жаночы раман, дэтэктывы, класіку, сучасную беларускую літаратуру. Калі працэс рушыў, не забыліся і пра маленькіх чытачоў – прывезлі дзіцячыя кніжкі.

Карацей, убачыўшы эфектыўнасць новага метада работы, бібліятэкары вырашылі перавесці свае візіты на сяло на пастаянную аснову. Цяпер існуе некалькі маршрутаў. Кожную трэцюю сераду месяца: Журоўка-Шавярнічы-Дзмітравічы-Вяшэўка. Апошні чацвер месяца: Святліца – Чырвоны Бераг – Божына – Міхалёва, а на зваротным шляху ў другой палове дня – у Глухі Ток, спецыяльна да дзетак. Збіраюцца звычайна ў тых месцах, дзе спыняецца аўталаўка. Для кожнага чытача – свая абанентская картка. Можна ўзяць кнігі і перыядычныя выданні, якія мабільная бібліятэка прывозіць таксама абавязкова, і чытаць цэлы месяц – да наступнага візіту.

Дарэчы, з цягам часу склалася і сваё кола актыўных чытачоў, якія бяруць не па адной ці дзве, а па дзясятку кніг. Напрыклад, Алена Жукоўская з Вяшэўкі бярэ кніжкі і часопісы для сябе і для мужа, чытае шмат, разлічвае, каб хапіла на месяц. Галіна Кісель з Божына таксама набірае шмат розных друкаваных выданняў. Вольга Цыўнэль з Глухога Току збірае на мерапрыемствы дзяцей. А вось Ганна Лобач з Дзмітравіч уласна сама былы бібліятэкар і ўжо на заслужаным адпачынку. Таму не толькі карыстаецца мабільнай бібліятэкай, але яшчэ і прываблівае новых чытачоў, карыстальнікаў паслуг, што яшчэ раз даказвае – сапраўдныя прафесіяналы былымі не бываюць.

У дзейнасці мабільнай бібліятэкі задзейнічаны амаль усе супрацоўнікі. У гэтым сэнсе нельга не сказаць некалькі добрых слоў пра старэйшую супрацоўніцу ўстановы Тамару Круталевіч, генератара крэатыўных ідэй, заўсёдную ўдзельніцу і вядучую шматлікіх бібліятэчных мерапрыемстваў і ў першую чаргу – краязнаўчых. 5 верасня Тамара Мікалаеўна адзначыла 45-годдзе работы ў Бярэзінскай бібліятэцы.

Такім чынам, нечакана новая форма работы з чытачамі пераўтварылася ў перспектыўны накірунак дзейнасці, у якім бібліятэчная ўстанова робіць упэўненыя крокі, выкарыстоўваючы любую магчымасць сеяць «разумнае, добрае, вечнае» амаль на роўных з сістэмай адукацыі. Бо часам з кніжнымі «справамі» у сельскай мясцовасці ладзяцца мерапрыемствы  патрыятычнага выхавання, прапаганды здаровага ладу жыцця, краязнаўчага характару і  гэтак далей, у тым ліку і з гульнявымі праграмамі для дзетак. 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара і Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER