Школа як другі дом

Date 11.03.2022 Man
Comment 717
Школа як другі дом

Аб сваёй прафесіі разважае настаўнік фізічнай культуры і здароўя ДУА “Гарэніцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” Аляксандр Петруковіч.

 

– А яшчэ ён вельмі прынцыповы і патрабавальны ўласна да сябе і да вучняў, чалавек надзвычай чуллівы і спагадлівы, які ва ўсім імкнецца разабрацца і знайсці сваю сутнасць, – гаворыць пра яго дырэктар установы Таццяна Чалей. – Мужчын у нашым калектыве нямнога, але ён надзейны, дысцыплінаваны. Любое даручэнне выканае і зробіць гэта адмыслова.

Аляксандр Мікалаевіч кампліментаў у свой адрас не прызнае і ставіцца да сваіх заслуг вельмі сціпла.

– Вы ведаеце, я, напэўна, не памыліўся з выбарам прафесіі, яна стала маёй пуцяводнай зоркай на жыццёвым шляху, – гаворыць мужчына, – падарыла і дагэтуль нясе мне радасць сустрэчы з вучнямі, гарэзлівымі і непаседлівымі, сур’ёзнымі і летуценнымі, часам дзёрзкімі, сучаснымі і таленавітымі, а яшчэ ўзнагародзіла мяне вялікім уласным шчасцем і аўтарытэтам сярод людзей.

Аўтарытэту сярод калег Аляксандру Мікалаевічу, сапраўды, не пазычаць. Яго вучні рэгулярна і паспяхова выступаюць на самых розных спаборніцтвах, спартландыях і алімпіядах. Ён шчыра ганарыцца перамогай кожнага. А калегі ўголас адзначаюць яго своеасаблівы педагагічны падыход і намер насуперак усяму рабіць усё на 100%.

– Наіўна думаць, што спартыўныя перамогі даюцца вясковым дзецям лёгка і проста, – разважае настаўнік, – тут, як і для ўдзелу ў любой іншай алімпіядзе, пастарацца трэба, папацець і вучню, і педагогу. Таму да сваіх заняткаў стаўлюся сур’ёзна і прадумана. Заўсёды назіраю за зменай настрою школьнікаў, калі яны ўваходзяць у спартыўную залу. Вочы радасна ззяюць у прадчуванні таго, што можна скакаць, бегаць, займацца фізічнымі практыкаваннямі, рухомымі і спартыўнымі гульнямі. Ды і асабіста мне прыемна бачыць, як нязграбныя, скаваныя ў рухах на першых уроках вучні паступова выпрамляюць плечы, становяцца мацнейшымі і больш упэўненымі, ператвараюцца ва ўмелага і спрытнага хлапчука або шуструю дзяўчынку.

Быў час, спартыўная зала гудзела на ўсю школу. А сёння тут не ўдаецца нават сабраць каманду з класа, каб пагуляць у баскетбол, бо вучыцца ўсяго 48 дзяцей. Аднак рук педагог не апускае і зрабіў асноўным педагагічным прынцыпам індывідуальны падыход. Ён і сапраўды валодае талентам настройваць юнакоў і дзяўчат на заняткі спортам: падбірае індывідуальныя практыкаванні і нагрузку, знаходзіць ключык да сэрца сваіх вучняў яшчэ і вялікай уласнай прыстойнасцю. Усе ў Гарэнічах ведаюць, які ён добры і руплівы гаспадар, клапатлівы бацька і любячы муж.

– Мая прафесія дапамагла мне знайсці ўласнае шчасце, – расказвае мужчына. – Сваю суджаную я сустрэў у час працы ў былой Дулебскай школе. Яна працавала піянерважатай, а я – настаўнікам фізічнай культуры. Той час для мяне быў самым шчаслівым, бо я рабіў пасля заканчэння Гродзенскага тэхнікума спорту першыя крокі ў прафесію, сустрэў любімую і аднадумцаў, пераканаўся ў правільным выбары прафесіі. Пабачыўшы Алу ўсяго адзін раз, зразумеў, што яна мая палова. Бо такая ж няўрымслівая, дасціпная, энергічная, улюбёная ў школу і дзяцей. Разам з жонкай вярнуліся ў яе родную вёску Гарэнічы, уласнымі сіламі пабудавалі дом, нарадзілі і выхавалі дачушак і зараз дапамагаем гадаваць унукаў.

Дарэчы, дачушкі Аляксандра Мікалаевіча пайшлі па педагагічных сцежках. Старэйшая выкладае біялогію ў Бярэзінскай гімназіі, малодшая працуе выхавальнікам у дзіцячым садку №8.

– У тым, што дзяўчаты сталі педагогамі, нічога дзіўнага няма, – разважае мужчына, – перакананы, яны свой выбар зрабілі свядома, бо ў нашай сям’і ўсё грунтуецца на школьных справах. Яны на свае вочы бачылі, як мы з жонкай "гарым" на працы, колькі гэта адбірае нерваў і сіл, якой самааддачы патрабуе настаўніцкая справа. Таму на педагагічныя цяжкасці нам яны не скардзяцца. Самі яны разумныя, гарачыя, мэтанакіраваныя і знойдуць выйсце.

Аляксандр Мікалаевіч ганарыцца дачушкамі і імкнецца па меры сіл дапамагчы ім на нялёгкім шляху педагагічнага станаўлення.

– Вучыць сучасную моладзь трэба не толькі ўласным прыкладам, але і разумнай дапамогай, – разважае мужчына. – Мы з жонкай узялі на сябе пэўны клопат пра ўнукаў. Яны ў нас гарэзы, якіх пашукаць, і патрабуюць да сябе пільнай увагі. Тут мы прыхільнікі класічнай формы выхавання. Ніяк не хочам, каб яны замест жывых зносін выбіралі гаджэты і смартфоны, а прапануем ім актыўны адпачынак. Мне гэта вельмі пасуе, бо ў галаве круцяцца розныя думкі, як наладзіць урок і захапіць дзяцей, а ва ўнукаў расце прага да гульняў і спорту. Хто ведае, можа хто з іх захоча выбраць маю прафесію выкладчыка фізічнай культуры і здароўя альбо наогул стане чэмпіёнам?

Гэта надзея і атрыманая энергія нясуць яму радасны настрой і жаданне зрабіць кожнага вучня шчаслівым.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER