Сабралі дзецям партфелі ў школу

Date 18.08.2022 Man
Comment 636
Сабралі дзецям партфелі ў школу

Сёння раённае аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з прафаюзнымі арганізацыямі горада правялі ў цэнтры рамёстваў акцыю “Збяром партфель у школу”, на якую сабраліся бацькі і дзеткі – будучыя сёлетнія першакласнікі.

Збіраць дзетак у першы клас заўсёды няпростая справа, а ў шматдзетных сем’ях у гэтым плане клопатаў наогул нашмат больш, чым у тых сем’ях, дзе гадуюцца адно-два дзіцяці. І тут на дапамогу заўсёды прыходзяць наймальнікі і прафсаюзы, якія матэрыяльна падтрымліваюць бацькоў, збіраючы дзеткам партфелі ў школу.

З прывітальным словам выступіла на мерапрыемстве старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан, якая прапанавала малым гульню “адгадай загадку – атрымай падарунак”. Варта зазначыць, эрудыцыя будучых першакласнікаў аказалася на належным узроўні. Здаецца, без падарунка па выніках гульні не застаўся ніхто. Потым дзеці атрымалі наборы першакласніка.

Асобна былі адзначаны дзеці-блізняткі са шматдзетных сем’яў, якія сёлета таксама ідуць першы раз у першы клас: Аліна і Мальвіна Бурыя, Крысціна і Карына Жукоўскія, Яўгеній і Мацвей Чарнаўцы.

Дарэчы, падарункам ад прафсаюзаў былі рады ўсе бацькі.

- Добрае мерапрыемства, своечасовая падтрымка, мы вельмі задаволеныя, - падзялілася Валянціна Бурая, шматдзетная матуля, якая працуе паштальёнам. – Рыхтуем да школы дзвюх дачушак. Гэта ў пэўным сэнсе напружаны перыяд, але спраўляемся, дзякуй нашым прафсаюзам.

- А ў нас сёлета дачка Кіра ідзе ў першы клас, і для мяне гэта таксама першы раз! – зазначыў шчаслівы тата Уладзімір Саскавец. – Маральна гатовыя, падарункам вельмі рады, удзячны прафсаюзу. Нягледзячы на крыху спякотнае надвор’е, настрой выдатны!

А вось маленькі Яніслаў Цітоў, або скарочана Яніс, прыйшоў на мерапрыемства разам з бабуляй Марыяй Аляксееўнай. Сфатаграфаваліся на памяць разам са старшынёй прафсаюзнай арганізацыі Беларусбанка Ганнай Бондар. У “Беларусбанку” працуе і мама Яніса.

- Трэцяга ўнука адпраўляем у школу, - гаворыць бабуля хлопчыка. – Нашы прафсаюзы, наогул, выдатныя, падтрымцы рады.

Дарэчы, наборы першакласніка сёння атрымалі звыш 100 дзетак. У наборы прадугледжана ўсё, што можа спатрэбіцца дзіцяці: сшыткі, алоўкі, лінейкі, фарбы, пэндзлі, пластылін, каляровая папера, альбомы для малявання, ручкі, клей.

- Падобныя акцыі ў нас праводзяцца не першы год і даўно сталі традыцыйнымі, - пракаментавала Алена Токан. – Стараемся дапамагаць людзям, падтрымліваць, рабіць усё, што ў нашых сілах. 

Напрыканцы ўдзельнікі мерапрыемства наведалі з экскурсіяй музей драўлянай лыжкі.

 

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

 

 

 

 

 

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER