Ад вучнёўскіх доследаў да сур’ёзных адкрыццяў у навуцы

Date 04.04.2023 Man
Comment 1682
Ад вучнёўскіх доследаў да сур’ёзных адкрыццяў у навуцы

У сярэдняй школе №2 адбылася штогадовая навукова-практычная канферэнцыя школьнікаў. На ёй вучнямі Бярэзіншчыны былі прадстаўлены даследчыя работы па самых розных дысцыплінах: фізіцы, хіміі, біялогіі, беларускай мове і літаратуры, інфарматыцы, геаграфіі і іншых.

Ва ўрачыстай абстаноўцы мерапрыемства адкрыла намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ала Петруковіч.

- Бярэзінскія школьнікі заўсёды дэманстравалі добрыя веды і добрасумленнае стаўленне да даследчай дзейнасці ў рамках урокаў і пазакласнай работы. У тым заслуга нашых педагогаў, адукацыйнай сістэмы і, несумненна, бацькоў, - зазначыла Ала Сяргееўна.

– Навукова-практычная канферэнцыя дазваляе праявіць дзецям ініцыятыву, развівае творчыя памкненні ў засваенні навук і вызначае лепшых вучняў у розных накірунках навукова-практычнай дзейнасці. І зразумела, паспяховы вучань – гонар настаўніка.

Прыцягальнасць гісторыі

Цікавай тэмай парадаваў прысутных на пленарнай частцы пасяджэння выхаванец дзіцячага садка №5 Раман Курневіч (кіраўнік – выхавацель дашкольнай адукацыі Кацярына Карповіч). Юны даследчык раскрыў пытанне “Почему на гербе нашего города изображен лис со стрелой?”.

А вось вучні СШ №2 Павел Паскробка і Яўгенія Шуппо пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў Ірыны Шаграй прадставілі работу “Березинские улицы от А до Я”. Павел і Яўгенія – пераможцы абласнога конкурсу “Я – исследователь”. Не менш цікава прагучаў даклад вучня Гарэніцкай установы адукацыі Кірыла Карповіча “Таямніцы Бярэзіншчыны, або Дзе схаваны скарбы Напалеона?” (кіраўнік – настаўнік гісторыі Зоя Несцяровіч).

Пасля пленарнага пасяджэння вучні прэзентавалі работы па секцыях. Як заўважылі некаторыя педагогі, сёлета тэма гісторыі Беларусі і краязнаўства аказалася ў ліку самых запатрабаваных, папулярных і насычаных, на канферэнцыі ёй была прысвечана немалая колькасць работ. Дарэчы, шчодры ўраджай дакладаў быў і па астатніх прадметных секцыях.

Фізіка шакаладу і іншае

Гучалі і даволі цікавыя тэмы. Напрыклад, у секцыі “Фізіка, інфарматыка” вучаніца Паплаўскай школы Мілана Свірыд пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі і інфарматыкі Людмілы Ермаковіч правяла даследаванне “Фізіка ў шакаладзе”. Здаецца, якія адносіны шакалад мае да фізікі? Аднак вучаніца дастойна адказала на пытанні прысутных і прадэманстравала глыбокую распрацоўку выбранай тэмы даследавання.

– Шакалад вельмі папулярны, дарослыя людзі – аматары горкага, моладзь любіць малочны, я ж вельмі люблю белы шакалад, – тлумачыць Мілана. – Віды шакаладу адрозніваюцца па саставе, насычанасці рознымі элементамі, тэмпературы плаўлення, цеплаправоднасці, каларыйнасці і шырока прымяняюцца ў індустрыі вытворчасці харчовай прадукцыі.

Згадзіцеся, тэма даволі актуальная, дадзеная работа рэкамендавана арганізатарамі канферэнцыі для ўдзелу ў абласным конкурсе навуковых прац школьнікаў.

У секцыі “Беларуская мова і літаратура” непадробную цікавасць журы выклікала праца вучня сярэдняй школы №3 Аляксандра Лебедзя “Стварэнне школьнага ілюстраванага тлумачальнага слоўніка “Мілітаралагізмы ў творах беларускай літаратуры школьнай праграмы (для вучняў 5-8 класаў)”, напісаная пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Жукоўскай.

Цікавымі былі накірункі навуковых пошукаў таксама многіх іншых вучняў. У якасці прыкладу прывяду назвы некаторых доследаў: “Біяметрычныя асаблівасці папілярнага ўзору”, “Негатыўны ўплыў камп’ютара і мабільных прыстасаванняў на арганізм чалавека”, “Аналіз загалоўкаў друкаваных СМІ Германіі і Беларусі”, “Аналіз эфектыўнасці анлайн-перакладчыкаў”, “Фізіка ў дзіцячых цацках”, “Праблема бытавых адходаў на тэрыторыі горада Беразіно”, “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны”, “Влияние средств массовой информации на речь подростков”, “Збор бытавых адходаў на тэрыторыі Бярэзінскага раёна з пункта гледжання матэматыкі”…

Навуковых прац было прадстаўлена на канферэнцыю вельмі шмат. Усё гэта сведчыць пра эрудыцыю і крэатыўнасць мыслення юных даследчыкаў, навучэнцаў устаноў адукацыі Бярэзіншчыны, іх памкненні да навукі і новых адкрыццяў.

Да новых вяршынь

Удзельнікі мерапрыемства былі адзначаны Дыпломамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама.

13 вучняў атрымалі Дыпломы пераможцаў. Іх работы прапанаваны да ўдзелу ў абласным конкурсе навуковых прац школьнікаў. Сярод іх работы вучняў сярэдняй школы №2 Маргарыты Навадворскай (кіраўнік – настаўнік рускай мовы і літаратуры Наталля Аўтуховіч), Настассі Верас і Ксеніі Камароўскай (кіраўнік – настаўнік вучэбнага прадмета “айчынная і сусветная мастацкая культура” Алена Ждановіч); Кацярыны Бегуновіч (кіраўнік – настаўніца біялогіі Таццяна Логвін); вучняў сярэдняй школы №3 Аляксандра Лебедзя (кіраўнік–настаўнік беларускай мовы і літаратуры Святлана Жукоўская), Кацярыны Круталевіч (кіраўнік – настаўнік англійскай мовы Вікторыя Хвашчынская); вучаніцы Багушэвіцкай сярэдняй школы Лізаветы Крук (кіраўнік - Ларыса Галуза, настаўнік гісторыі), вучаніцы Капланецкай сярэдняй школы Яны Белай (кіраўнік – настаўнік гісторыі Наталля Бальчунас), вучняў Пагосцкай сярэдняй школы Дар’і Крумкач і Ангеліны Салаўёвай (кіраўнік – настаўнік хіміі Юлія Цісецкая), вучаніцы Бярэзінскай гімназіі Эліты Лідзекайціс (кіраўнік – настаўнік нямецкай мовы Яўгенія Трапянок), вучаніцы Паплаўскай сярэдняй школы Міланы Свірыд (кіраўнік – настаўнік фізікі Людміла Ермаковіч), вучаніцы Ушанскай сярэдняй школы Дзіяны Пянкрат (кіраўнік – настаўнік матэматыкі Дзіна Хадаронак).

Жадаем ім усім далейшых поспехаў на шляху да новых вяршынь у даследчыцкай дзейнасці.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER