100 балаў – заслужаная перамога!

Date 06.06.2023 Man
Comment 1570
100 балаў – заслужаная перамога!

Страсці па выніках першага ў краіне цэнтралізаванага экзамену па беларускай і рускай мовах паступова заціхаюць, бо яны перагледжаны і цяпер адпавядаюць рэальным ведам вучняў. Аднак ужо першыя звесткі пра гэта няпростае ва ўсіх сэнсах выпрабаванне прыемна ўразілі школьнікаў, педагогаў і бацькоў.

Адразу 413 выпускнікоў Беларусі атрымалі па беларускай мове максімальную колькасць балаў – 100! Не трэба гаварыць, што ўладальнікі такіх вынікаў зараз ў цэнтры ўвагі, ды і не пакрыўджаны няўвагай педагогі гэтых зорных вучняў. Вось чаму сёння наш шлях ляжаў у Пагосцкую сярэднюю школу. Тут заканчвае школу з такім бліскучым вынікам Валерый Шэмет, і вось ужо трыццаць тры гады выкладае беларускую мову і літаратуру Надзея Новікава.

– Страсці па выніках экзамену мяне ніколькі не датычыліся, – прызнаўся юнак. – Я быў цалкам гатовы атрымаць свае 100 балаў, а крышачку схітрыў у сваім першым інтэрв’ю, каб усё ж такі не напалохаць удачу. З лёгкасцю выдыхнуў, толькі калі пабачыў на экране лічбу 100. Першай паведаміў бабулі, а затым, вядома, свайму настаўніку. Гэта ж з ім мы мэтанакіравана ішлі да такога поспеху.

Надзея Сяргееўна – педагог прынцыповы і патрабавальны, якая гатова з намі займацца да сёмага поту. Кожнаму з 10 вучняў зрабіла цэлы стос раздруковак па тэмах, падрыхтавала безліч тэстаў і заданняў. Ды і ў школе ўсе ведаюць, што спуску яна не дасць таму, хто не прачытае твор школьнай праграмы ад вокладкі да вокладкі. Цікава з ёй не толькі на ўроках, але і па-за імі. Яна ж з намі размаўляе выключна на прыгожай, мілагучнай беларускай мове, а гэта выдатная моўная практыка. Ды і цярпенне ўнікальнае – яна жадае навучыць свайму прадмету кожнага вучня, прагне кожнаму прывіць любоў да роднай мовы, сваіх каранёў. Гэта яна адкрыла для мяне чароўны свет літаратуры Уладзіміра Караткевіча і Аляксея Дударава, навучыла адчуваць паэзію і зрабіла родную мову важным складальнікам майго жыцця.

– Цэнтралізаваны экзамен – новы іспыт і для сёлетніх 11-класнікаў, і для нас, настаўнікаў, – уключаецца ў размову Надзея Сяргееўна. – І мы яго вытрымалі! Лічу, што 11-класнікі нашай школы былі добра падрыхтаваны да экзамену па беларускай мове. Гэтаму спрыялі і ўрокі, і факультатыўныя заняткі, і ўдзел у рэпетыцыйным тэсціраванні, якое вучні прайшлі па тры разы. Я пераконвала іх у тым, што поспех немагчымы без пастаяннай плённай працы. Тым больш, што тэставыя заданні цалкам адпавядалі школьнай праграме базавага ўзроўню па вучэбным прадмеце. Вынікі маіх вучняў мяне задавальняюць, бо кожны з іх пацвердзіў сваю гадавую адзнаку. Так, сярод маіх 10 вучняў адзін мае адзнаку ў 5 балаў, а большасць – 7-8 балаў. Самы вышэйшы бал набраў Валерый Шэмет. Гэта мяне вельмі ўзрадавала, але ніколькі не здзівіла. Валерый адказны, старанны, мэтанакіраваны, удзельнічаў у алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Юнак дапытлівы, начытаны і адукаваны суразмоўца. Ён першым сярод маіх вучняў справіўся з тэставым заданнем і патэлефанаваў мне, каб праверыць асобныя моманты.

Валерый марыць стаць інжынерам-канструктарам і сёлета паступае ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. У тым, што ён атрымае студэнцкі білет, Надзея Сяргееўна ніколькі не сумняваецца, бо таленту юнаку не пазычаць. Яго 100 балаў – заслужаная перамога, да якой прывялі праца і ўпартасць. А яшчэ высокая адзнака вучня пераконвае педагога са стажам у правільна выбраным напрамку працы.

– Я заўсёды любіла свой прадмет, – дадае Надзея Сяргееўна. – Гэту любоў мне падарыла былая настаўніца нашай школы Лілія Пянкрат. Дзякуючы ёй, я стала педагогам, палюбіла ўсёй душой прозу Уладзіміра Караткевіча і даведалася праўду аб жудаснай вайне з твораў Васіля Быкава. Тыя ўрокі і сёння нельга забыць. Яны дапамагаюць мне заўсёды ў навучанні дзяцей і даюць свой плён. У далёкім 2003 годзе мае выпускнікі атрымлівалі сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання, у якіх значылася 70 балаў і вышэй. Ды і ўсе яны выдатна спраўляюцца з маім прадметам у вышэйшых і сярэдніх навучальных установах, дзе слывуць па ім лепшымі. Не забываюць маіх урокаў яны і ў дарослым жыцці – вучаць роднай мове сваіх дзяцей.

Ёсць у Надзеі Сяргееўны і яшчэ адзін даволі ўнікальны талент навучання беларускай мове. Ён тоіцца ў нязменнай і вернай любові да нашай газеты. Вось ужо шмат гадоў яна чытае яе ад першага да апошняга радка і нязменна выкарыстоўвае на ўроках і інфармацыйных гадзінах.

– Тут мне падабаецца ўсё – ад вялікіх артыкулаў пра нашу мясцовую гаспадарку ААТ “Пагосцкі” да замалёвак пра людзей, – гаворыць жанчына. – Ды і не мінаю ніколі школьныя навіны. Яны знаходзяць жывы водгук сярод вучняў і прымушаюць іх больш чытаць. А калі яны чытаюць, то вучацца правільна пісаць, глыбока думаць і разважаць. Дарэчы, ведаю, што Валерыю ў раёнцы падабаюцца краязнаўчыя матэрыялы. А гэта значыць, што мае вучні яшчэ са школы навучацца цаніць свае карані, мову і Айчыну.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER