Капланецкая школа мяняецца як знешне, так і ўнутры

Date 04.08.2023 Man
Comment 925
Капланецкая школа мяняецца як знешне, так і ўнутры

А садзейнічае гэтаму вялікі капітальны рамонт, які ідзе тут гэтымі днямі. Аб’ём работ, які належыць выканаць генеральнаму падрадчыку работ Мінскаблсельбуду, даволі значны. Таму каля школы мы і ўбачылі дырэктара ПМК-182, якая з’яўляецца субпадрадчыкам, Дзмітрыя Ажэўскага і галоўнага інжынера ПМК Ігара Жукоўскага, якія разам з намеснікам дырэктара школы Аленай Жукоўскай удакладнялі з прывязкай да месца ўсе неабходныя дэталі.

Перш-наперш намнога прыгажэйшай і больш утульнай стане сама прышкольная тэрыторыя. У ходзе яе добраўпарадкавання тут мяркуецца асфальтавае пакрыццё (яно зараз дэманціруецца) памяняць на сучасную плітку. Таксама будуць укладзены і новыя бардзюры.

Наверсе школьнага будынка заўважаем рух. Тут поўнасцю мяняецца дах.

Не менш ажыўлена і ў самім будынку. Тут найбольшы аб’ём работ належыць выканаць у спартыўнай зале, дзе былая драўляная падлога мяняецца на сучаснае пакрыццё, якое дазволіць у час заняткаў фізкультурай (а вучні любяць гэты прадмет і не раз паказвалі высокія дасягненні і поспехі, прычым, не толькі на раённым узроўні) не дапускаць траўм. Побач будуць устаноўлены душавыя, дзе пасля фізічных нагрузак можна змыць з сябе стомленасць. А для таго, каб у душавых, і не толькі ў іх, а ў цэлым па школе заўсёды мелася гарачая вада, тут будуць устаноўлены бойлеры.

Замена пакрыцця падлогі намечана і ў дзіцячым садку, які знаходзіцца пад адным дахам са школай. Адбудуцца тут і іншыя перамены: пакоі для ўтрымання малышоў і калідор набудуць новыя яркія фарбы, што, безумоўна, парадуе дзятву.

– Акрамя пералічаных відаў работ, – дадае Алена Жукоўская, – пройдзе замена электраабсталявання і сантэхнікі, дзвярэй. Наогул унутранай аддзелцы школьных памяшканняў і калідораў падлягае прыкладна 50 працэнтаў. Не могуць не радаваць такія перамены нашага агульнага дома, які становіцца яшчэ больш утульным, прыгожым і сучасным. Ды і дзятве ў такіх умовах вучыцца, займацца спортам і дасягаць новых спартыўных перамог і поспехаў будзе таксама радасна і камфортна. Думаю, што яны, як і мы, педагогі, з нецярпеннем чакаюць пачатку новага навучальнага года.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER