Святло знаёмай зоркі

Date 08.03.2025 Man
Comment 640
Святло знаёмай зоркі

Памятаеце, у класіка: найлепшыя жанчыны нараджаюцца ў правінцыі. Вось і ў гісторыі нашага горада жанчыны здабылі вялікую вядомасць і славу. Мы маральна абавязаны ведаць і памятаць іх імёны. Часлава Паўлаўна Махнач. Імя гэтае зоркай свеціць у думках, у сэрцы, у душы. Яркае, як палёт каметы ў начным небе, яе жыццё і цяпер выклікае захапленне. Час не астудзіў удзячнай памяці.

Зорачка яе жыцця ўзышла ў красавіку 1929 г. на хутары Рэпішча Чэрвеньскага раёна на радавым небасхіле Баброўскіх у эпоху, поўную гераізму і трагізму, у час, які не ведаў паўтаноў і паўмер. Грозны вецер гісторыі развеяў радавое гняздо, сям’я не з кніг пазнала пра раскулачванне, высылкі-рэпрэсіі і апынулася за Уралам.

Чэся з дзяцінства марыла быць урачом і пасля заканчэння пасялковай школы аднесла дакументы ў Молатаўскі медінстытут (у 1940-1957 гады цэнтр Пермскай вобласці называўся Молатавым). Пашпартоў ссыльным не выдавалі, а толькі часовае, на адзін год, пасведчанне, і дакументы ў прэстыжны інстытут не прынялі. А вось у Кудымкарскім педінстытуце для паспяховай дзяўчыны зрабілі выключэнне. Так у біяграфіі Чаславы Баброўскай з’явіліся першыя настаўніцкія штрыхі. Студэнцкія гады – усход захаплення прафесіяй. Выкладчыкі інстытута былі высокакваліфікаванымі – з ліку рэпрэсіраваных і эвакуіраваных спецыя-лістаў ВНУ Масквы і Ленінграда.

Напрыканцы пасляваенных 40-х ссыльным дазвалялі вяртацца дадому, і бацькі пры першай магчымасці адправіліся ў родную Беларусь, абжыліся ў пасёлку Беразіно. Пасля заканчэння інстытута, у 1948 годзе, 19-гадовая настаўніца прыехала выкладаць родную мову і літаратуру ў Шавярніцкую 7-годку.

Дачка рэпрэсіраванага (рэабілітаваны ў 90-я гады) шмат гадоў правяла ў прымусовай высылцы далёка ад малой радзімы, але не страціла духоўнасці і дабрыні, яе вочы даверліва глядзелі на свет і на людзей, душа не ачарсцвела. Пяшчотная, рамантычная, нібы тургенеўская гераіня, яна асвятляла сваім творчым гарэннем сцены вясковай школы, з радасцю ўваходзіла ў клас.

Тут прайшлі тры гады плённай сельскай педагогікі, з іх адзін год – завучам. Часлава Паўлаўна была не з тых, хто з цяжкасцю наскроб па сусеках мізэрныя балы і ўбогім калабком укаціўся ў студэнцкую аўдыторыю, а затым выкаціўся на школьную прастору.

Пасля візіту ў школу загадчыка РАНА Канстанціна Барысевіча, Чаславу Паўлаўну прызначылі інспектарам адукацыі і выкладчыкам у вячэрняй школе рабочай моладзі г.п. Беразіно. Яна не столькі займалася праверкай, а больш вучыла, дзялілася вопытам з маладымі выкладчыкамі, якія ў большасці працавалі ў школах адразу пасля 10-годкі. Па вечарах спяшалася ў вячэрнюю школу, дзе давялося вучыць людзей, узрост якіх у многім перавышаў узрост настаўніцы.

Адзін з урокаў зрабіў яе шчаслівай на ўсё жыццё. Маладая настаўніца захоплена чытала верш Сіманава і адчула пяшчотны позірк вучня Георгія Махнача. Успыхнула каханне. Ёй 26, яму 28. За яго плячыма 5 гадоў службы ў Германіі. 21 ліпеня 1956 года Часлава стала жонкай і змяніла прозвішча. Так вучань стаў мужам. У сямейным архіве захоўваецца сшытак Георгія Махнача па рускай мове, дзе рукой настаўніцы Чаславы Паўлаўны чырвоным чарнілам пастаўлена 3/3 за сачыненне з прыпіскай “Тэма не раскрыта”. А вось у каханні Георгій раскрыўся поўнасцю. Аб іх трапяткіх адносінах ведалі ў горадзе, ставілі ў прыклад маладым. Жанчына спазнала сапраўднае каханне не толькі па раманах рускай класікі.

Г.І. Махнач, выхадзец са шматдзетнай сям’і, дзе выхоўваліся 8 сыноў і 2 дачкі, узначальваў буйную кангламерацыю – Бярэзінскі райпрамкамбінат, які аб’ядноўваў КБА, швейную фабрыку, плодаагароднінны і цагельны заводы. Мужчына аддаваўся справе спаўна, заўчасна пайшоў з жыцця ў 44 гады, пасля 16 гадоў сямейнага шчасця. У той трагічны год сям’я атрымала свой дом па вуліцы Мультана. Старэйшая дачка вучылася ў 8-м, малодшая – у 4-м класе, галоўнае багацце – бібліятэка і піяніна.

Працуючы ў РАНА, Часлава Паўлаўна не здрадзіла свайму залатакрыламу жураўлю, яе цягнула да школы, там яна бачыла сваё прызванне.

У 1956-м годзе адбыўся новы зігзаг у яе працоўнай біяграфіі – СШ № 2. Цудоўны калектыў, адданыя сваёй справе людзі, сапраўдныя інтэлігенты Скрабуноў, Зоркін, Гаварко, Забродская, Ланцэвіч, Грыцко, Даўнаровіч… Калегі-аднадумцы даражылі сяброўствам, вучыліся адзін у аднога, любілі школу і вучняў, успрымалі работу ў школе як ганаровы абавязак. Часлава Паўлаўна вывела не адно пакаленне юных бярэзінцаў на бальшак жыцця і памятала ўсіх сваіх вучняў пайменна, бо яны прайшлі праз яе сэрца. Яе лічылі класнай класнай. Любілі яе ўрокі, любілі класныя гадзіны, спрабавалі сябе ў ролі артыстаў школьнай самадзейнасці і на сцэне РДК у пастаноўках па літаратурных творах.

Індыкатар прафесіяналізму – урок. Неяк высокі правяраючы наведаўся да Чаславы Паўлаўны на ўрок, дзе праходзілі “Вайну і мір”. Адбылася жывая дыскусія пра Наташу Растову – інспектар быў у захапленні! Хутка паследавала рашэнне аб прысваенні Ч.П.Махнач ганаровага звання заслужанай настаўніцы БССР (1974) – вышэйшая педагагічная адзнака пасля 26 гадоў працы ў сферы адукацыі.

Ч.П.Махнач – педагог з вялікай літары, паважаны вучнямі, калегамі і бацькамі. Эталон інтэлігентнасці, такту. Была і застаецца гонарам і славай не толькі педагагічнага калектыву СШ № 2, але і ўсяго раёна і вобласці.

У працоўнай кніжцы выразна значыцца 48 гадоў педагагічнага стажу, служэння і вернасці абранай справе. Выйшла на пенсію ў 63 гады ў 1992-м годзе, але не сышла са школьнага летапісу і стэнда гонару СШ № 2, з арыенціраў былых вучняў, якія вярнуліся ў родную школу педагогамі. Зязюля накукавала Чаславе Паўлаўне круглую дату – 80. Добрае, таленавітае, чуйнае сэрца перастала біцца 1 красавіка 2009 года. Абарваўся радок ўзнёслага жыцця прыхільніцы высокай літаратуры і ўзвышанага складу, напісана аповесць цудоўнага жыцця. Часлава Паўлаўна пакінула пасля сябе другую зямную рэальнасць, населеную вучнямі. Гарыць, не гасне яе настаўніцкая зорка. Такая сіла прафесіі настаўніка.

А яшчэ яе працяг – у дзецях і ўнуках. Старэйшы ўнук Анжэй склаў радавое дрэва, малодшая праўнучка Яна, вучаніца СШ №2, любіць спяваць любімую бабуліну песню “Тревожная молодость”. Эстафету жыцця нашчадкі нясуць далей, звяраючы свой зямны азімут па гэтай яркай пуцяводнай зорцы.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
супрацоўнік ДУК “Бярэзінская цэнтральная
раённая бібліятэка”.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER