Конкурс гэты ўжо 27 гадоў праводзіцца ў нашай краіне і добра вядомы школьнікам. Удзельнікі праявілі сябе ў розных намінацыях: малюнак, выраб, плакат, мадэль пажарнай тэхнікі, скульптура, верш, казка, расказ. Звыш сотні работ прадставілі на конкурс установы адукацыі. Пераможцы атрымалі віншаванні ад начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызме Алесі Цітовай, першага намесніка начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрыя Анцыпава, намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валерыі Карэцкай. Словы віншавання прагучалі і ад старшыні Бярэзінскага таварыства ратавання людзей на водах Алега Даўгадзіліна і інспектара раённай энергагазінспекцыі Настассі Крывель. Трыццыць сем дзіцячых работ атрымалі высокую адзнаку журы конкурса. Двае дзяцей – Аўчарэнка Карына і Рыбакова Ганна – нават двойчы падымаліся на сцэну!
Берагчы прыроду, быць абачлівымі з агнем у быце, быць асцярожнымі на вадаёмах, акуратна карыстацца газам і электрапрыборамі, берагчы ліфт і не засмечваць навакольнае асяроддзе прызываюць работы дзяцей. Сваёй творчасцю дзеці вучаць не толькі сваіх аднагодкаў, але і нагадваюць нам, дарослым, пра выключную цэннасць жыцця чалавека. Варта дадаць, што важкую ролю мела дапамога дарослых пры падрыхтоўцы работ, таму хочацца выказаць падзяку педагогам і бацькам, якія дапамагалі дзецям.
Беражыце сябе і штодня вучыце дзяцей мерам бяспекі дома, на дарозе, ля вадаёма, у лесе. Аб’яднаўшы намаганні ратавальнікаў, педагогаў, бацькоў, мы зможам навучыць нашых дзяцей важным мерам уласнай бяспекі і зберагчы іх ад надзвычайных здарэнняў.