Урачыстая лінейка пачалася выкананнем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, пасля чаго школьнікі ўсклалі кветкі да падножжа помніка загінуўшым абаронцам у знак удзячнасці за мірнае неба і вялікі гераічны подзвіг.
Менавіта мірнага неба ўсім, прылежнасці пры асваенні новых ведаў, цярпення, добрых адзнак і паспязховасці жадалі вучням, педагогам і бацькам дзетак дырэктар школы Міхаіл Маркоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Трухан, дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і маладзі Бярэзінскага раёна Дзмітрый Ванькевіч, айцец Аляксей, старшыня Капланецкага сельскага Савета Святлана Аўсянкіна.
Гучалі ў гэты дзень віншаванні і саміх школьнікаў, а таксама і настаўленні-парады прадстаўнікам малодшых класаў ад сёлетніх выпускнікоў.
Неабышлося і без падарункаў. Так, Святалана Аўсянкіна ўручыла падарункі вучням другога класа (на жаль, сёлета ў школе першакласнікаў няма). Акрамя таго Дзмітрый Ванькевіч уручыў дырэктару школы Кубак за перамогу другі год запар у раённай спартакіядзе па фізічнай культуры.
І вось першы школьны званок дае старт новаму навучальнаму году. Няхай будзе ён паспяховым, багатым на веды і шчаслівым для выпускнікоў!
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.