Стаць настаўнікам ён марыў з маленства, па прыкладзе маці Валянціны Міхайлаўны. Яна нарадзілася ў Беразіно, але ўсё жыццё працавала ў палескай вёсцы Бывалькі Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці.
– Адкрываць таямнічы свет прыроды, а таксама краязнаўства я пачаў у дзяцінстве, – прыгадвае Анатоль Сініла. – Напрыклад, калі мы з татам Мікалаем Сяргеевічам ішлі ў грыбы, ён распавядаў назвы, гісторыю і паданні пра мясцовасці, дзе мы хадзілі. Такім чынам у падлеткавым узросце мне хацелася стаць настаўнікам гісторыі або біялогіі. Пераважыла апошняе. І я скончыў біялагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Адпрацоўваць размеркаванне прыехаў на малую радзіму і працаваў у многіх школах рэгіёна.
– У 2007 годзе я пераехаў на радзіму матулі ў Беразіно і пачаў працаваць у Багушэвіцкай школе настаўнікам біялогіі, хіміі і геаграфіі, – працягвае Анатоль Мікалаевіч. – Зразумела, праца адказная. У сярэднім у мяне праходзіць шэсць урокаў у дзень. Бывае і больш.
За гэты час я напісаў кандыдацкую дысертацыю ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе сёння вучуся ў аспірантуры. Яе тэма “Мастацкія асаблівасці жывапісу даваенных калекцый Мінска”. Магу адзначыць, што выявіў больш за двесце прадметаў даваенных калекцый беларускіх каштоўнасцей, якія знаходзяцца па-за межамі краіны: ў Польшчы, Літве, Украіне, Ізраілі, Расіі, Германіі. Пастаянна выступаю з дакладамі на навуковых канферэнцыях. На сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі можна пазнаёміцца з шасцюдзесяццю спасылкамі на мае публікацыі.
– За час работы ў Бярэзінскім раёне мне давялося даследаваць традыцыйнае адзенне рэгіёна, – дадае настаўнік. – У прыватнасці, з дапамогай навуковых матэрыялаў і фотаздымкаў сялян вёсак Міластава і Капланцы, этнографа пачатку XX ст. Вячаслава Косткі. Я асабіста аб’ехаў семдзесят два населеныя пункты Бярэзінскага і Чэрвеньскага раёнаў. Збіраў элементы адзення і інфармацыю, як яны вырабляліся і прымяняліся. На жаль, нашчадкі такіх рэдкасцей не ўсведамляюць іх каштоўнасць.
Па словах Анатоля Сінілы, строі – візітная картка любога раёна. Напрыклад, для бярэзінскіх характэрна шматнітачная тэхніка ткацтва на льняных тканінах. Тады як на Лоеўшчыне, радзіме даследчыка, дзе па Дняпры праходзілі гандлёвыя шляхі, самаробныя палотны замяняліся на пакупныя. Адметна, што на Бярэзіншчыне таксама можна прасачыць розніцу ў касцюмах праваслаўных і каталікоў. Першыя апраналі саматканыя льняныя світкі, а другія насілі адзенне с пакупных тканін, у больш цемнаватых, фіялетавых або блакітных колерах. Для Бярэзіншчыны характэрны і адметныя для ўсёй краіны паясы.
Павел САЛАЎЁЎ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.