Агульны лёс, агульная работа

Date 07.05.2022 Man
Comment 544
Агульны лёс, агульная работа

Дзень друку, які ў нашай рэспубліцы традыцыйна адзначаўся 5 мая, гэта не толькі свята журналістаў, якія сваім талентам даносяць шырокай аўдыторыі інфармацыю і ствараюць перыядычныя выданні. Важная роля ў ланцужку “рэдакцыя – падпісчык” належыць і работнікам пошты, які дастаўляюць свежыя нумары газет аматарам друкаванага слова. Яны не менш журналістаў аддадзеныя сваёй справе і заўсёды дзейнічаюць у надзейным тандэме. Кожны з іх заслугоўвае нашай удзячнасці за цеснае супрацоўніцтва і слоў віншавання у іх сённяшняе прафісійнае свята. 

У аператара сувязі Бярэзінскага ўчастка паштовай сувязі Алы Картэль гэтае супрацоўніцтва доўжыцца вось ужо звыш трыццаці гадоў з таго самага часу, калі яна, учарашняя выпускніца школы і курсаў падрыхтоўкі, прыступіла да выканання абавязкаў начальніка Новінскага аддзялення сувязі. Як прызнаецца Ала Уладзіміраўна, такі выбар прафесіі быў для яе невыпадковым. Ён стаў працягам пракладзенай матуляй сцяжынкі: Кацярына Браніславаўна Пікулік (дарэчы, яна была мнагадзетнай матуляй і выгадавала пяцярых дзяцей) шмат гадоў, да выхаду на заслужаны адпачынак, адпрацавала паштальёнам у гэтым самым Новінскім аддзяленні сувязі.

На гэтым сямейная сувязь А. Картэль з паштовай службай не завяршаецца, бо і ў далейшым прафесійным жыцці крочыла яна шляхамі-дарогамі не адна: побач і дома, і на рабоце быў яе муж Алег, знаёмствам з якім Ала Уладзіміраўна таксама абавязана пошце, дзе ён працаваў вадзіцелем і іх шляхі вельмі часта перасякаліся. Аднойчы яны сышліся назаўсёды.

Дарэчы, у сям’і Картэляў месяц май адметны не толькі прафесійным святам Дня работнікаў сувязі (не ў меншай павазе тут і Сусветны дзень пошты), але і тым, што менавіта ў маі была створана іх сям’я, якой сёлета споўніцца роўна 35 гадоў.

Шмат цікавага і змястоўнага адбылося за гэты час. Ала Уладзіміраўна за 30 гадоў работы вывучала сваю прафесію з многіх бакоў, бо была яна і начальнікам гарадскога аддзялення сувязі, і займалася падпіскай на перыядычныя выданні, ведае ўсе акалічнасці паштовай работы.

- Мая работа ніколі не бывае манатоннай, - расказвае А. Картэль, - бо яна вельмі шматгранная і творчая, пастаянна звязана з людзьмі і зносінамі з імі. Мы займаемся дастаўкай газет і часопісаў, разнастайнай карэспандэнцыі, аказваем шматлікія паштовыя паслугі, нават займаемся гандлем. І вельмі прыемна, што сярод тых жыхароў раёна, якім мы дастаўляем перыёдыку, шмат падпісчыкаў роднай нам газеты “Бярэзінская панарама”. Ад імя сваіх калег жадаю яе калектыву далейшага плёну і пастаяннага росту тыражу. Такім чынам, сумаваць на такой рабоце няма калі, бо кожны дзень прыносіць штосьці новае і цікавае, не падобны на іншы, і дорыць радасць.

Жыццярадаснасцю вызначаецца і Алег Георгіевіч. Яго ніколі не ўбачыш сумным або не ў гуморы. Яго паштовы аўтамабіль заўсёды запатрабаваны, не мае прастояў і чаканы ў кожным кутку раёна.

Так яны і жывуць, адзін поплеч з другім, раздаючы аптымізм іншым людзям, дастаўляючы ў дамы свежыя навіны і радасць кожнаму падпісчыку.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

 


Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER