Сямейнае шчасце Бажанковых

Date 09.07.2022 Man
Comment 459
Сямейнае шчасце Бажанковых

На Бярэзіншчыне заўсёды шмат сем’яў, якія могуць служыць узорам узаемаадносін, узаемапавагі, гаспадарлівасці, любові і кахання.

Вось і ў аграгарадку Любушаны жывуць Аляксандр і Таццяна Бажанковы, прыклад якіх можа натхніць іншых. Нядаўна сям’я прыняла ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”, які праходзіў у Яновічах Клецкага раёна.

Пра сям’ю

Аляксандр – вальшчык лесу ў Мачаскім лясніцтве. Ужо не раз узнагароджаны дыпломамі, граматамі і падзякамі кіраўніцтва за прафесійнасць і добрасумленную працу. Нарадзіўся ў Слаўгарадскім раёне на Магілёўшчыне ў 1989 годзе, у вёсцы Добры Дуб, сёння яе ўжо няма.

– Усіх жыхароў выселілі ў выніку наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, – дзеліцца Аляксандр. – І наша сям’я перабралася на Бярэзіншчыну.

З 7 класа быў памочнікам камбайнёра ў бацькі, нават прэміі давалі. Яшчэ вучыўся ў вучэбна-вытворчым камбінаце ў школьны час. Пасля заканчэння 11 класаў адразу пайшоў працаваць трактарыстам у гаспадарку. Адпрацаваў год, у 2007-ым забралі ў армію. Калі вярнуўся, адвучыўся на трактарыста далейшых катэгорый і на вальшчыка лесу. Вучыўся ад лясгаса ў Барысаве, потым было пераабучэнне ў Бешанковічах, у Мінску. Мы штогадова абучэнне праходзім, здаём экзамены, бо прафесія лічыцца небяспечнай.

Яшчэ глава сям’і мае своеасаблівае хобі, ён аматар тэхнікі – дома шмат розных сельскагаспадарчых прыстасаванняў, маюцца трактар, бульбакапалка, бульбасаджалка, плугі, акучнікі, іншыя разнастайныя агрэгаты для апрацоўкі зямлі, збору ўраджаю. Жыць у вёсцы прасцей, калі мець усё названыя рэчы. Хобі сябе апраўдвае. Аляксандр з задавальненнем дапамагае сябрам, знаёмым, суседзям, аднавяскоўцам, калі тыя звернуцца за дапамогай.

Таццяна родам з Васілеўшчыны. Закончыла Дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, мае прафесію культарганізатара, працуе ў Любушанскім сельскім клубе-бібліятэцы. Зараз у дэкрэтным водпуску. Вельмі цікавіцца народнымі традыцыямі, вывучае абрады і святы.

Дома ж выдатная гаспадыня, вялікая аматарка гатаваць прысмакі, займацца выпечкай тартоў, пірожных, пячэння і іншага. Выпякае нават хлеб па ўласнай рэцэптуры. Яшчэ захапляецца вырошчваннем кветак, дома больш за 40 відаў фіялак, таксама 8 архідэй і інш. Гаспадыня любіць кветкі і прывучае да гэтай любові дачушку Настассю.

Аляксандр і Таццяна пазнаёміліся 8 гадоў назад, і лічаць сябе дастаткова маладой сям’ёй. Жывуць з бацькамі Аляксандра. Жыццё акрэслена работай, гаспадаркай і выхаваннем дзетак.

Нарадзіўся на Купалле

Сын Арцём нарадзіўся два гады назад у купальскую ноч. Менавіта з тае пары народнае свята для Бажанковых набыло яшчэ статус і сямейнага. Калі для аматараў старадаўніх народных звычаяў выйсці купальскай ноччу ў пошуках папараць-кветкі выглядае чымсьці фантастычным і эфемерным, то для Аляксандра і Таццяны гэта не так: сваю папараць-кветку яны ўжо знайшлі і не хаваюць шчасця. Арцёмка расце, будуе вежы з кубікаў, захоплена гуляецца з дзіцячым канструктарам, радуе вока таты і мамы. Дарэчы, калі выбіралі для дзіцяці імя, здаецца, выбару не было, як назваць Іванам. Аднак, у календары 6 ліпеня значыцца днём імянінаў не толькі Івана, але яшчэ Арцёма і Арцемія.

Арцём на старажытнай мове значыць “моцны, здаровы, нехварэючы”. На гэтым імені і спыніліся.

Самастойная дзяўчынка

У старажытных славянскіх казках 7-гадовыя дзяўчынкі завіхаюцца каля печы нібы дарослыя гаспадыні, а калі верыць вядомаму мультфільму пра Машу і мядзведзя, умеюць павучаць жывёл правільным паводзінам. І хоць старэйшая дачушка Наста пакуль пірагі самастойна не пячэ, аднак з задавальненнем дапамагае матулі па гаспадарцы, імкнецца не адставаць у гэтай справе. Таксама дапамагае глядзець за малодшым братам. І яшчэ спрабуе вышываць бісерам, чым развівае маторыку пальцаў, і гледзячы па ўсім, з Насты атрымаецца ў будучым выдатная майстрыха па бісерапляценні. Аднак больш за ўсё дзяўчынцы падабаецца ўдзельнічаць у тэматычных фотасесіях, якія ладзяць бацькі. Наста аматарка прымерваць воб-разы казачных персанажаў. Пачалося ўсё з удзелу ў онлайн-конкурсе, прысвечанаму хэлоўіну, які правёў раённы цэнтр культуры. Вобраз Насты так спадабаўся суддзям, што маленькая ўдзельніца атрымала дыплом 1-й ступені і ганаровы прыз. Сёлета дачка Бажанковых паспяхова скончыла першы клас.

Сямейны стрыжань

Хто ў сям’і галоўны? Тут у Таццяны сумніваў ніколі і не было: муж – гэта святое.

– Нават спрачацца не буду, – сцвярджае гаспадыня. – Па складу характару я заўсёды лічыла, галавой сям’і павінен быць толькі муж. Мужчына, гаспадар, здабытчык, як гэта было ў старадаўнія, старажытныя часы. Народны досвед, асвечаны вякамі. Саша ў нас зарабляе грошы, забяспечвае сям’ю, глядзіць, каб дома ўсяго хапала і было ў дастатку. Мне ж даводзіцца сачыць за парадкам, каб было ўтульна, чыста і прыгожа ў доме, каб усе былі сытыя і задаволеныя. І ведаеце: я шчаслівая жанчына!

Зараз Бажанковы мараць купіць уласны дом, збіраюць сродкі. На першым жа месцы ў іх дзеткі, іх забеспячэнне і выхаванне ў правільным рэчышчы, у любові да роднай зямлі, Радзімы. Хочуць абавязкова даць ім належную адукацыю і забяспечыць добрае жыццё. І хоць дзетак пакуль двое, Аляксандр перакананы, на гэтым спыняцца няварта. Што ж, слова мужа – закон, а ў дзяржавы заўсёды нагатове належная падтрымка шматдзетных сем’яў.

Дзякуй за дапамогу

Карыстаючыся выпадкам, сям’я Бажанковых выказвае падзяку ўсім родным, блізкім і сябрам, якія дапамаглі сабрацца да ўдзелу ў раённым і абласным этапах рэспубліканскага праекта “Уладар сяла”, а таксама ААТ “Пагосцкі”, Бярэзінскаму лясгасу, райкаму БРСМ і раённаму цэнтру рамёстваў.

– Падобнага маштабу мерапрыемства для нас, канешне, у навінку, – кажуць хорам муж і жонка. – Напярэдадні мы мітусіліся ў зборах, трэніраваліся дома ў тых конкурсах, якія меркаваліся на свяце. Шмат дапамаглі нашы бацькі, якія любяць, цэняць нас і хварэюць за нас. Падзяка ўсяму Беразіно за тое, што выбралі нас, аказалі такі давер.

Пра свята

Некалькі слоў пра ўласна свята. Вось чаго-чаго, а пачастункаў на сельскагаспадарчым сямейным свяце ў Яновічах за кожным сталом хапала ўдосталь. “Яскравае сведчанне – квітнее наша любая краіна”, – заўважыў хтосьці з прысутных, і з гэтай высновай цяжка не пагадніцца.

У конкурсах спаборнічалі 18 сем’яў. Разам пілавалі дровы народным інструментам “Дружба-2”, потым секлі дровы, вязалі венікі, перабіралі з завязанымі вачыма гародніну, пеляналі ляльку. І спёка ніяк не замінала спрыту і жаданню перамагчы. Асабліва захапляльным выглядаў конкурс “Дранікі на калодзе”, у якім бульбяныя аладкі пякліся ў палявых умовах. Было шмат музыкі і спеваў.

Для журы ад Бажанковых былі прыгатаваны купальскія кветкі, вянкі, і хлебасольнае прывітанне.

Па выніках конкурсу трэцяе месца не прысудзілі нікому. Другое заняла сям’я з Барысава. На першым месцы адразу дзве сям’і – з Клецка і Стоўбцаў. Між іншым, прызёрам давалі парсюкоў.

Наогул жа, Бажанковы набралі 23 балы, пры тым сярод удзельнікаў мінімальны паказчык быў 6 балаў, максімальны – 34. У цэлым сям’я з Любушан паказала добры вынік, была ўзнагароджана дыпломам, а таксама падарункамі ад арганізатараў мерапрыемства, Бярэзінскага лясгаса і Бярэзінскага райкама БРСМ. Сям’я прывезла са свята цудоўны настрой, якім гатовая падзяліцца з усімі. Нам жа застаецца толькі пажадаць гэтай сям’і далейшага шчасця.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

 

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER