Да прафесійнага свята - новая машына

Date 06.09.2022 Man
Comment 797
Да прафесійнага свята - новая машына

Непадабенства паміж гэтымі двума мужчынамі, можна сказаць, толькі знешняе і даволі адноснае, бо аб’ядноўвае іх многае, як у рабоце, так і ў жыцці.

 

- Мы нават больш часу праводзім разам, чым са сваімі сем’ямі, - жартуюць яны.

І гэта, сапраўды, так, бо Дзміт-рый Аўсянскі і Васіль Тарасеня з’яўляюцца членамі аднаго экіпажа, у абавязкі якога ўваходзіць дастаўка балоннага звадкаванага газу жыхарам Бярэзіншчыны.

Такім чынам, з самага пачатку рабочага дня і да яго завяршэння, а бывае так, што здараецца гэта іншы раз і не ў сямнаццаць гадзін (асабліва ў летні перыяд, калі насельніцтва раёна павялічваецца за кошт дачнікаў-гараджан і наступае актыўны перыяд нарыхтовак, і колькасць заказаў прапарцыянальна расце), абодва не тое, што ходзяць аднымі сцежкамі, а нібы нітка з іголкай, звязаны штодзённымі абавязкамі.

– Гэта сёння мы ўжо дасканала вывучылі кола людзей, з якімі нам даводзіцца сутыкацца па рабоце, – расказваюць мужчыны, – а напачатку было вельмі няпроста знайсці з кожным агульную мову, згладжваць наспяваючую канфліктную сітуацыю, хутка выконваць свае абавязкі. Бывала, што дамоў вярталіся спустошанымі і познім вечарам. Што не кажыце, а работа з людзьмі – адна з самых складаных і няпростых. 

Складанасць першых дзён работы ў Бярэзінскім раёне газазабеспячэння для Дзмітрыя і Васіля ўскладнялася тым, што да выканання сваіх абавязкаў яны прыступілі амаль адначасова, розніца складала літаральна пару месяцаў. Таму і вопыт зносін з заказчыкамі, і вывучэнне населеных пунктаў, якія ўваходзяць у зону іх абслугоўвання, у іх адбываліся адначасова. І сёння, маючы за плячыма па пяць гадоў сумеснага працоўнага стажу, абодва глядзяць на мінулыя цяжкасці з сумнай настальгічнай усмешкай.

Што да цяжкасцей, то іх хапае і сёння, бо без спраў ся-дзець не даводзіцца. А абавязкі ж у членаў экіпажа падобныя, хоць і крыху адрозніваюцца. Ну, хаця б тым, што Д. Аўсянскі па штаце з’яўляецца вадзіцелем, а В. Тарасеня – слесарам. Аднак свае абавязкі яны не па-дзяляюць на “твае” і “мае”. Таму і Дзмітрыю таксама выпадае насіць балоны, акрамя таго, на ім ляжыць фінансавы бок справы – разлічыцца з гаспадарамі за паслугу, выдаць чэк, а ўвечары здаць выручку. Васілю, як слесару, неабходна не толькі даставіць балон, а і падключыць яго, праверыць стан газавай пліты, а пры неабходнасці правесці яе дыягностыку.

Сёлетні год для Дзмітрыя Аляксандравіча і Васіля Іванавіча не толькі знамянальны сваім пяцігадовым юбілеем работы ў гаргазе. Прыемныя "сюрпрызы" адбыліся з імі і на працягу апошніх пары месяцаў. І першы з іх – атрыманне новай машыны для дастаўкі балонаў. Чаму менавіта ім выпала ўдача, а не калегам другога экіпажа? Ды не, не па блаце дасталася, проста машына, на якой яны працавалі, мела больш салідны стаж эксплуатацыі, чым у іх напарнікаў. Ім, дарэчы, таксама неўзабаве свеціць такая ж “абноўка”.

Прыемныя навіны, але ўжо не прафесійнага, а асабістага жыцця, чакаюць Дзмітрыя Аўсянскага і Васіля Тарасеню: да канца года абодва мяркуюць адзначыць наваселлі. Дык мала таго, што абодва будуць пачынаць абжываць свае куткі амаль адначасова, жыць яны будуць на адной вуліцы, як самі прызналіся “метрах у двухстах адзін ад аднаго”.

– Чаму жыллём выбралі іменна дамы, а не кватэры? – пытаюцца. І тут, зноў жа, пра-явілася іх аднадушнасць і падабенства. – Бо прывыклі мена-віта да такіх умоў, каб былі свае градкі ды падворак, месца для адпачынку дзяцей і свежае паветра. Хіба такія ўмовы дае кватэра ў шматпавярховым доме? Вядома, не!

Новабудоўлямі мужчыны займаліся таксама падобным жа чынам – без прыцягнення спецыялістаў-будаўнікоў або шабашнікаў. Навошта плаціць грошы за няякасную работу, якую табе зробяць, калі можаш гэта зрабіць сам? Прычым атрымлівалася ў саміх намнога лепш, бо – для сябе. Так і асвоілі мужчыны многія будаўнічыя спецыяльнасці, на-вучыліся, як кажуць, і кладку рабіць, і раствор мясіць. Толькі ў выключных выпадках, прызнаюцца, прыбягалі да дапамогі сваякоў ці сяброў, і то большай часткай, калі не маглі ўзняць ці прыладзіць якую-небудзь буйнагабарытную рэч.

Агульным захапленнем для абодвух з‘яўляецца спорт. Васіль – выдатны тэнісіст і адстойваве гонар роднага калектыву на галіновых абласных спаборніцтвах, займаючы прызавыя месцы. А вось хобі Дзмітрыя – мотаспорт. Яго матацыкл класа “Індура” прызначаны для паездак па бездарожжы. Вось ён і ездзіць па розных кутках Беларусі разам са сваімі бярэзінскімі сябрамі-мотааматарамі, выбіраючы шлях да канчатковай мэты выключна па лясным ці прасёлачным бездарожжы…

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER