Каб не плакалі вашы грошыкі

Date 29.09.2022 Man
Comment 322
Каб не плакалі вашы грошыкі

Дастаюцца яны нам зусім няпроста. А вось страціць іх можна ў адно імгненне. І не толькі ў магазіне. Прычым,  нават без уздзеяння на вас фізічнай сілы або прымусу, калі вы самі добраахвотна аддаяце свае “кроўныя” невядомым асобам. На жаль, адбываецца падобнае апошнім часам нярэдка: злачынцы і авантурысты, карыстаючыся даверлівасцю грамадзян, уваходзяць ім у давер і “абчышчаюць”  кішэні. Пра тое, як пазбегнуць падобных сітуацый, гутарым з начальнікам аддзела рознічных прадаж ЦБУ №507 ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Беразіно рэгіянальнай дырэкцыі па Мінскай вобласці Святланай Жураўлёвай.

- Найбольш папулярнымі схемамі пазбаўлення чалавека грашовых сродкаў з‘яўляюцца тэлефонныя званкі, калі авантурысты пад любой прычынай вывуджваюць у сваіх кліентаў іх персанальныя звесткі і звесткі аб іх банкаўскіх картках. Яны могуць прадстаўляцца пакупнікамі (у выпадку, калі вы выставілі на продаж у тым жа “Куфары” нейкую рэч),  работнікамі банка (для ўдакладнення некаторых звестак аб картцы) або нават супрацоўнікамі міліцыі -  з нагоды таго, што ваш сваяк трапіў у няшчасны выпадак і яму тэрмінова трэба заплаціць істотную суму грошай, якія неабходна перадаць цераз кур’ера.

- Што трэба рабіць у падобных выпадках і як разабрацца: падман гэта, ці не?

- Пачнём з таго, што работнікі банка ніколі не звоняць (а тым больш на вайбер або ватсап!) для ўдакладнення вашых звестак. Усе яны ў нас ёсць. Калі ж надараецца неабходнасць зносін з кліентам, то мы яго персанальна запрашаем да сябе і толькі ў банку працуем з ім.

У выпадку, калі ваш блізкі чалавек нібыта трапіў у бяду, не губляйце галавы, а перазваніце яму асабіста або яго сваякам і ўдакладніце, ці праўдзівая гэта інфармацыя. Ды і патрабаваць нейкія сумы за здароўе чалавека з вас ніхто не будзе. Што датычыць даных вашай банкаўскай карткі, то ні ў якім выпадку не называйце яе “ай-дзі” або “сі-ві-сі”-коды (гэта 16-лічбавы і 3-лічбавы нумары на ёй), не паведамляейце ідэтыфікацыйны нумар свайго пашпарта, ніякіх фотаздымкаў або фотакопій па тэлефоне не адпраўляйце.

Памятайце, што асобы падобнага кшталту – выдатныя псіхолагі і могуць “затлуміць” вас вельмі хутка. Таму, калі атрымаеце званок з незнаёмага нумара (у такім выпадку раю наогул не адказваць на яго і “скінуць” паведамленне, каб вас не ўцягнулі ў авантуру), а пачуўшы інфармацыю наконт вашай карткі і праблем з ёй, адказвайце, што якраз знаходзіцеся каля банка і зараз асабіста зойдзеце ўдакладніць узнікшыя праблемы. Да вас адразу ж прападзе цікавасць суразмоўцы і ён адключыцца.

- Мы пагаварылі пра тое, як нас могуць “развесці” на грошы, што на нашай картцы. Але ж бываюць выпадкі, калі прападаюць і наяўныя грошы – іх крадуць з дома, вымагаюць тыя ж цыгане і г.д. Як застрахавацца ад такіх бед?

- Як у першым, так і ў другім выпадку, найбольш пацярпелай катэгорыяй з’яўляюцца людзі састарэлага ўзросту. Таму парада перш за ўсё да іх: не захоўваць вялікія сумы наяўных грошай пад рукамі. Па-першае, адкрыйце так званы “базавы рахунак” і атрымлівайце пенсію непасрэдна на картку. Непасрэдна пры яе дапамозе ажыццяўляйце і грашовыя плацяжы – камунальныя паслугі, за тэлефон і г.д. Карыстайцеся інфакіёскам або інтэрнэтам. Па-другое, захоўвайце свае грашовыя зберажэнні ў банках. У нас ёсць нямала відаў укладаў: каротка- і доўгатэрміновыя, адзыўныя  і безадзыўныя, у рублях і валюце і на розныя тэрміны захоўвання.

Укладчыкі больш карыстаюцца доўгатэрміновымі дэпазітамі з тэрмінам заховаўвання сумы больш за 370 дзён, бо такі ўклад не абкладаецца падаходным падаткам. Працуем мы з кожным кліентам індывідуальна і ўлічваем усе яго пажаданні, пра гэтым раскладваем усю “арыфметыку”: колькі працэнтная стаўка, колькі часу захоўваюцца грошы, ці можна папоўніць рахунак, якая сума будзе вернута ўкладчыку. Усё празраста і канкрэтна. Дарэчы, некаторыя нашы кліенты давяраюць нам свае сродкі (і не дарэмна, бо мы гарантуем іх захоўванне!) з-за таго, што захоўваць дома іх не могуць ці баяцца. Правільны крок!

Аднак лішкі наяўных грошай можна пакласці не толькі на ўклад. Рэальна залічыць іх і на вашу банкаўскую картку. Гэта таксама добры варыянт, не паддацца спакусе пад уплывам знешняга ўздзеяння камусьці аддаць свае наяўныя або папярэдзіць іх крадзеж з дома суседзямі або сваякамі.

Падобныя парады мы даём і ў час сустрэч з жыхарамі Бярэзіншчыны ў школах, працоўных калектывах, дзе выступаем з праграмай фінансавай граматнасці. Так, сёння шмат новаўвядзенняў і незразумелых на першы погляд рэчаў. Цяжка бывае разабрацца і маладому. Таму запрашаем да павышэння сваёй адукаванасці, авалодання новымі тэхналогіямі, атрымання неабходнай інфармацыі і жадаем ніколі не станавіцца ахвярамі кіберзлачынцаў. Мы дапаможам!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER