«Крымінал за тыдзень» вяртаецца?

Date 06.12.2022 Man
Comment 481
«Крымінал за тыдзень» вяртаецца?

Зіма сёлета ніяк не спазнілася. Прыйшла нават раней запланаванага, бо першы снег парадаваў нас яшчэ ў апошняй дэкадзе лістапада, ды і не дачакаліся афіцыйнага старту зімы маразы. Усё гэта наводзіць на думку, што так неспадзявана і надыдзе новы год.

Таму, пакуль на календары яшчэ маецца цэлы стос лісткоў, трэба паспець не толькі наладзіць у сябе навагоднюю ілюмінацыю, але і перарабіць цэлы груд спраў.

Адкладваць гэту справу на апошні дзень не варта, бо падпісная кампанія ўжо пачалася. Аб гэтым даўно вядома і гучна было абвешчана ў ходзе работы дыялогавай пляцоўкі ў кабінеце галоўнага рэдактара Юліі Букель, дзе ішло абмеркаванне новых рубрык і тэм у наступным годзе. Шчырымі і жывымі субяседнікамі былі нашы актыўныя падпісчыкі, пастаўшчыкі самых "гарачых" навін – намеснік начальніка РАУС Генадзь Рабіза, старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Аляксей Шалай, старшы дзяржаўны інспектар аддзялення ДАІ Валерый Несцяровіч, старшы інспектар аддзялення прафілактыкі і аховы правапарадку Уладзімір Мацкевіч.

У віхуры іх самае галоўнае – не забыцца выпісаць раённую газету “Бярэзінская панарама”. Як жа без яе ў казачнае навагодняе свята. Газета абавязкова павінна ісці ў кожны дом і даўно слыве выдатным падарункам для бацькоў, сваякоў, суседзяў і проста добрых знаёмых.

 

Дзейнічаць будзем талакой

Актыўным удзельнікам гэтай дыскусіі была начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Лучанок. Яна таксама пераканана ў тым, што паляпшаць папулярнасць друкаванага выдання лепш разам з падпісчыкамі і талакой. Вось тады газета абавязкова атрымае прапіску ў кожным доме і будзе любімая чытачамі.

 

Крымінал заўсёды ў трэндзе

– “Міліцэйская” тэматыка традыцыйна самая запатрабаваная ў нашых чытачоў, – пачала размову першай Юлія Букель, – яна нязменна збірае самую вялікую колькасць каментарыяў і лайкаў. Нашым падпісчыкам газеты і ў сацыяльных сетках падабаюцца нарысы пра супрацоўнікаў міліцыі, іх працоўныя будні, матэрыялы пра пачынаючых сваю дзейнасць у міліцыі вартавых правапарадку і ветэранаў пад рубрыкамі “Акцыя”і “Ваша бяспека”. Але разам з гэтым нам хацелася мець ад вас больш цікавую і патрэбную нашаму чытачу інфармацыю наконт маёмаснай бяспекі і абароны сваіх законных правоў.

 

Пачынаць варта з даверу

З гэтым цалкам пагадзіўся Аляксей Аляксеевіч, які займаецца выкрыццём злачынстваў у галіне незаконнага абароту наркотыкаў:

– Ведаеце, якое зло тояць наркотыкі ў нашым грамадстве, колькі гора нясуць яны ў сем’і, колькі лёсаў ламаюць. Перад гэтай бядой ужо даўно бяссільныя бацькоўскія слёзы, нараканні знаёмых і нават перасцярогі педагогаў. Дастукацца да сэрцаў наркаманаў і наркакур'ераў цяжка, але рэальна магчыма. У гэтым мяне пераканала перадача “Зона X”. Яна аказваецца падабаецца майму “кантынгенту” і служыць выдатнай прафілактыкай. Думаю, і нашым журналістам хопіць вопыту і майстэрства наглядна, даступнымі сродкамі паказаць наркатычную навалу. Трэба толькі больш крэатыву і рашучасці, а нам больш давяраць нашым карэспандэнтам.

 

Прэч фармалізм, прывітанне новы фармат

Сваё меркаванне наконт даверлівых адносін міліцыі і газеты выказаў і Валерый Несцяровіч:

– Мы рэгулярна друкуем свае матэрыялы на старонках выдання і рэальна маем ад гэтага плён. Колькасць дарожных аварый змяншаецца, менш рэгіструецца гібелі на дарогах. Аднак мы ніяк не можам самазаспакойвацца, бо ўсё роўна трывогу выклікае дысцыпліна ўсіх удзельнікаў дарожнага руху і трэба быць увесь час напагатове. Таму мы прапануем не толькі больш друкаваць рэпартажаў з рэйдаў і акцый, а праз рэальныя гісторыі нашых інспектараў расказваць пра бездакорнае выкананне Правілаў дарожнага руху. Тады, глядзі, яшчэ больш бярэзінцаў насілі б на вопратцы флікеры і не забываліся прышпільвацца рамянямі бяспекі!

 

Ізноў на перадавую

Як на вернага сябра і памочніка, разлічваюць на газету і ў аддзеле аховы правапарадку і прафілактыкі.

– Бярэзінцы добра ведаюць, як мы ў свой час плённа зма-галіся супраць самагоншчыкаў, бутлегераў, выпівак і хуліганаў, як у гэтым напрамку нам дапамагалі паведамленні людзей. Сёння нам ізноў патрабуецца бойкае пяро і трапнае слова журналістаў у барацьбе супраць сямейнага гвалту, наладжванні дзейснай работы з абавязанымі асобамі, працаўладкаванні раней асуджаных асоб. Нам сёння мала выкрыць зло, патрэбна ўзняць на новую вышыню юрыдычную пісьменнасць, выхаваць у людзей адмоўную рэакцыю на гвалт і абудзіць неабыякавасць да крымінальных праяў. Тады сямейныя трагедыі перастануць бударажыць наш раён.

 

Заўвагі і прапановы будуць пачуты

Своеасаблівы вынік абмеркавання падвёў Генадзь Рабіза.

– Газета была і застаецца нашым лепшым сродкам у плане наладжвання прафілактычнай работы з насельніцтвам, павышэнні росту іміджу чалавека з міліцэйскімі пагонамі і юрыдычнай пісьменнасці грамадзян, – падкрэсліў ён, – і мы заўсёды гатовы да цеснага супрацоўніцтва. Сёння мы ўважліва выслухаем усе вашы прапановы і пажаданні, абмяркуем іх з начальнікамі падраздзяленняў і сумесна складзём планы асвятлення міліцэйскай тэматыкі на будучы год. У сваю чаргу хачу зазначыць, што падпіска на раённае выданне займае другую пазіцыю пасля ведамаснага выдання “На страже”. І справа не толькі ў яе невялікім кошце, але і цікавасці супрацоўнікаў міліцыі да ўсяго, што адбываецца ў раёне, і ў павазе да працы карэспандэнтаў. Яны ж, як і мы, стаяць на варце спакою і інтарэсаў сваіх чытачоў і падпісчыкаў.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER