У кругласутачным рэжыме

Date 08.12.2022 Man
Comment 468
У кругласутачным рэжыме

Каляндарнай зіме сёння толькі 8 дзён. Але свой афіцыйны прыход яна аб’явіла яшчэ 17 кастрычніка, калі выпаў першы снег. Выпаў, ды так і не растаў ні разу, усё больш і больш дабаўляючы велічыню свайго покрыва. А з ім – і дадатковых клопатаў кожнаму з нас. Нямала турбот з-за частых снегападаў маюць у першую чаргу прадстаўнікі дарожнай і камунальнай службаў. Тое, што дарогі і вуліцы іншы раз убіраюцца не так аператыўна, як таго хацелася б, параджае не толькі незадаволенасць, а і скаргі бярэзінцаў, у тым ліку і ў райвыканкам.

Як жа змагаюцца са снежнай стыхіяй работнікі РКУВП “Бярэзінская ЖКГ” і наколькі гатовы былі яны да прыходу зімы? Неабходныя падрыхтоўчыя работы тут былі выкананы своечасова. А з дня першага снегападу дыспетчарская служба перайшла на кругласутачны рэжым работы. Па такім ж графіку працуюць і вадзіцелі, якія заняты падсыпкай і ачысткай вуліц горада і населеных пунктаў Бярэзіншчыны. Гэта ж датычыцца і брыгады рабочых па добраўпарадкаванні.

Аб’ём работы камунальнай службы істотна павялічыўся з перадачай ёй усіх вёсак раёна. Пры гэтым колькасць снегаўборачнай тэхнікі засталася ранейшай. Сёння тут занята 8 яе адзінак: 3 МАЗы, 3 трактары, аўтагрэйдар і 2 пагрузчыкі. Кожны з агрэгатаў забяспечаны адвалам для чысткі снегу. А вось пескараскідвальнік устаноўлены толькі на адным з аўтамабіляў. Да паўнаты малюнка неабходна дадаць, што на ўліку камунальнай службы знаходзіцца 67 кіламетраў вуліц горада, а працягласць вуліц сельскіх населеных пунктаў складае аж 340 кіламетраў. Усяго – крыху больш за чатыры сотні. Для параўнання: на балансе ДРБУ-192 – 597 кіламетраў дарог, на апрацоўцы якіх задзейнічана 4 пескараскідвальнікі, 6 трактары, 1 грэйдар і 4 пагрузчыкі.

Дарэчы з работнікамі гэтай дарожнай арганізацыі камунгас мае цесныя сувяі, яны ўзаемна выручаюць адзін аднаго, і пры неабходнасці не абмяжоўваюцца ачысткай толькі замацаваных вуліц або дарогі. Ды і навошта гнаць дадатковую тэхніку “сумежнікаў” у тыя ж Якшыцы, напрыклад, калі неабходны аб’ём работ можна выканаць сіламі адной арганізацыі, меншымі стратамі і мець той жа вынік.     

Маршруты руху снегаўборачнай тэхнікі складаюцца ў дыспетчарскай ЖКГ у залежнасці ад умоў надвор’я і паступіўшых на нумар 115 заявак грамадзян. Пры гэтым улічваецца рэгіён, дзе знаходзіцца тая ці іншая вёска, дзе патрэбна выканаць работу. У залежнасці ад гэтага і выдаецца пуцявы ліст з разлікам таго, каб за дзень было ахоплена як мага больш населеных пунктаў і аддаленых куточкаў усяго раёна. Закрыць жа адразу ўсе вёскі наяўнай тэхнікай, зразумела, немагчыма. Да таго ж, яе частка ў выпадку завеі пастаянна задзейнічана на ачыстцы горада.

Адным з прыкладаў арганізацыі работы па ачыстцы снегу можа стаць снегапад, які адбыўся ў гэтую сераду. На ліквідацыю яго наступстваў тэхніка выйшла ў чатыры гадзіны раніцы ў чацвер пасля таго, як снегапад закончыўся і сіноптыкі паабяцалі часовае яго зацішша. Чаму з такім спазненнем, а не ў час завеі? Адказ на гэтае пытанне відавочны: ці ёсць сэнс задейнічаць тэхніку на ачыстку снегу, калі той ужо праз некалькі хвілін ізноў замяце дарогу? Акрамя дарэмных выдаткаў і страты рабочага часу гэта нічога не дае. З гэтага моманту пачалася расчыстка горада, пасля чаго тэхніка адправілася па сваіх маршрутах па раёне. Паралельна з гэтым, яшчэ задоўга да пачатку рабочага дня, з рыдлёўкамі выйшла брыгада рабочых па добраўпарадкаванні. Гэтым васьмі жанчынам належыць у першую чаргу вызваліць прыпыначныя пункты, стаянкі, пеаходныя выхады на перакрыжываннях, а таксама дваровыя тэрыторыі і ўчасткі каля пад’ездаў шматпавярховых дамоў. Зразумела, што ў час снегападаў і ў вадзіцеляў, і ў жанчын рабочы дзень завяршаецца намнога пазней, чым у кожнага з нас. І так сёлета з пачатку зімы адбываецца, лічы, штодзённа.

Бывае што застаюцца асобныя ўчасткі вуліц нябранымі на працягу дня-двух. Але такая сітуацыя не супярэчыць устаноўленым нарматывам, якія тут выконваюцца, нягледзячы на тое, што падобны стан выклікае ў людзей нараканні. Хаця, і яны бываюць розныя. Да прыкладу: вуліцу прачысцілі, пасля чаго з маіх веснічак немагчыма выйсці з-за груда снегу. Але ж калі вадзіцелю чысціць (напэўна рыдлёўкай?) і гэты ўчастачак, то колькі вёсак ён паспее праехаць?

Так, снег сапраўды стаў для нас агульнай навалай. А як звычайна паступаем мы ў падобных выпадках? Змагаемся з бядой талакой. Я не заклікаю вас сваімі намаганнямі замяняць работу дарожнікаў і камунальнікаў. А вось адгрэбці снег каля свайго жылля, стварыць парадак сваімі рукамі – гэта нам па сілах. І не толькі ў прыватным сектары, а і каля пад’ездаў сваіх дамоў. Бо калі мы хочам жыць утульна, някепска было б для яе стварэння прыкласці і свае намаганні. Ну, хаця б крышачку.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.  

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER