З ласкай, цеплынёй і падарункамі

Date 26.12.2022 Man
Comment 353
З ласкай, цеплынёй і падарункамі

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан, старшыня прафсаюзнага камітэта пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Бярэзінскай ЦРБ Людміла Дарошка і старшыня Багушэвіцкага сельскага Савета Сяргей Шабан наведалі з навагоднімі падарункамі і віншаваннямі сем’і, у якіх гадуюцца дзеці з асаблівасцямі ў развіцці.

11-гадовы Улад Мікульскі жыве разам з роднай бабуляй Сафіяй Уладзіміраўнай у Якшыцах. Разам з імі жыве і 92-гадовая прабабуля Надзея Іванаўна.

- Не люблю фатаграфавацца, - сціпла ўсміхаецца Сафія Уладзіміраўна.

На пытанне, як жывяце, адказвае, што ні ў чым не адчуваецца нястачы, дзяржава клапоціцца, дзякуй Богу. Гаспадыні ўжо 63 гады, аднак гадоў асабліва не адчувае, з задавальненнем гадуе ўнука, песціць, ахінае любоўю і ласкай. Разам са сваёй маці раней у гаспадарцы працавалі даяркамі, зараз успамінаюць тыя часы, ёсць пра што паразмаўляць пры выпадку.

- Прыехалі павіншаваць з надыходзячымі святамі Улада і вас, і ўручыць падарункі ад раённых прафсаюзаў, - зазначыла Алена Токан.

Улад быў задаволены і выглядаў шчасліва. З бабулямі хлопчык не сумуе, яму ўсё цікава і захапляльна.

Таксама ганаровыя госці завіталі ў Багушэвічы ў сям’ю Людмілы Жукоўскай. Тут жыве 15-гадовая Вікторыя.

- Ці прывезлі дровы? – адразу пацікавіўся старшыня сельсавета ў гаспадыні, і пачуўшы станоўчы адказ, госці павіншавалі дзяўчынку і матулю з Новым годам і пакінулі падарункі.

- Мы стараемся наведацца з віншаваннямі да многіх дзяцей на Бярэзіншчыне, і здаровых, і з парушэннямі ў развіцці, - пракаментавала напрыканцы Алена Токан. – Прафсаюзы –заўсёды для людзей.

У падрыхтоўцы падарункавых набораў прынялі ўдзел таксама старшыня прафсаюзнай арганізацыі Бярэзінскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства Алеся Несцяровіч і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Бярэзінскага ТЦСАН Наталля Бародзіч.

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER