И падрыхтоўка да вясны, і бягучы рамонт

Date 12.01.2023 Man
Comment 320
И падрыхтоўка да вясны, і бягучы рамонт

Міхаіл Макаўка на пасадзе галоўнага інжынера ААТ “Багушэвічы” сустракае сваю другую вясну. Хвалюецца і клапоціцца аб тым, каб прайшла яна гладка і арганізавана, а даручаная яму тэхніка гаспадаркі была своечасова і якасна падрыхтавана да тэхагляду і затым не давала збояў у час пасяўной кампаніі.

На бярэзінскай зямлі Міхаіл Мікалаевіч пяты год, прыехаў сюды разам з жонкай, якая да дэкрэтнага водпуску працавала бухгалтарам, сам пачынаў з пасады загадчыка мехмайстэрняў. Маладым сельгаспрадпрыемства выдзеліла добраўпарадкаваны дом, таму сям’я спецыялістаў не збіраецца пакідаць Багушэвічы і пераязджаць на малую радзіму мужа ў Крупскі раён, або ў Пінск, адуль паходзіць жонка.

– Мне, сельскаму жыхару, больш даспадобы менавіта вёска, – расказвае Міхаіл. – А тут нам вельмі спадабалася, тут і застанёмся.

Для таго, каб умацаваць сваё становішча як спецыяліста вышэйшага звяна і мець больш паглыбленыя веды ў галіне інжынерыі, летась паступіў у Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, неўзабаве яго чакае выклік на сесію. Вучоба, лічыць М. Макаўка, не будзе адмоўна адбівацца на выкананні яго абавязкаў і стане толькі спрыяць набыццю новых ведаў. Дарэчы, Міхаіл, як высветлілася, не толькі ўмее кіраваць людзьмі, а і сам пры неабходнасці можа выканаць шэраг аперацый у якасці незаменнага рабочага. Напрыклад, таго ж токара, якога няма ў гаспадарцы, або газазваршчыка.

– Так, рабочых у мехмайстэрнях, якія заняты рамонтам тэхнікі, усяго чатыры чалавекі. Гэта слесары Сяргей Якушэнка і Дмітрый Марчанка, а таксама зваршчыкі-столінцы Іван Саноцкі і Аляксандр Вандзіч, якія вось ужо тры гады аказваюць нам істотную дапамогу. Нараканняў на іх работу няма, бо хлопцы яны старанныя і адказныя, а работы ім хапае заўсёды. Не выключэнне і гэтыя зімовыя дні, калі арганізавана захоўванне тэхнікі, яе рамонт і падрыхтоўка да чарговага перыяду масавых сельгасработ.

А тэхнікі ў гаспадарцы нямала. Гэта 21 трактар (у ліку якіх 6 энерганасычаных), 6 зернеўборачных камбайнаў (адзін з якіх “Фэндт”), 3 кормаўборачныя камбайны, 3 пагрузчыкі, 2 МАЗы і некалькі легкавых аўтамабіляў. Сюды ж неабходна дадаць вялікую колькасць прычапных і навясных агрэгатаў. Частка трактараў сёння задзейнічана на абслугоўванні ферм, занята перакідваннем і дастаўкай кармоў, дзейнічае ў гаспадарцы і звяно па нарыхтоўцы арганікі (2 трактары і пагрузчык).

Тэхніку на зімовае захоўванне тут ставілі паступова, у адпаведнасці з распрацаваным графікам, па меры завяршэння палявых работ. А вяліся яны да “белых мух” – убіралі кукурузу, працавалі на азімай сяўбе і падняцці зябліва. Сёння тэхніка, якая не выкарыстоўваецца, стаіць пад навесам – чыста памытая, з пабеленымі коламі, на калодках, з захаваннем патрэбных норм. Частка яе ўжо адрамантавана. Работы пачыналі з рамонту кормаўборачнага камбайна “Палессе”, затым быў раскідвальнік угнаення, сеялка АППМ-6. На чарзе – давядзенне да ладу культыватараў, плугоў і яшчэ двух сеялак. Менавіта іх у першую чаргу будуць выкарыстоўваць з наступленнем вясны, першыя – для закрыцця вільгаці, ну а для чаго патрэбны плугіі сеялкі, тлумачыць не трэба. Паралельна з падрыхтоўкай асноўнай глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі ў майстэрнях вядзецца і бягучы рамонт. Як жа без яго? Зараз тут знаходзяцца два трактары.

– Усе рамонтныя работы праводзім уласнымі сіламі, – дадае Міхаіл Макаўка. – Дзякаваць Богу, сур’ёных паломак няма. Тэмпы работ у некаторай ступені стрымлівае фінансавая праблема, вырашэннем якой занята кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. І зрухі да выпраўлення сітуацыі ўжо ёсць. Ды і самі знаходзім магчымасць не выбівацца з графіка, без спраў не сядзім. На сёння адрамантавана прыкладна трэцяя частка з таго, што павінна быць гатова да вясны. У рабоце традыцыйна прымаюць удел не толькі слесары і зваршчыкі, а і самі механізатары: ім жа працаваць на гэтай тэхніцы, з гэтымі агрэгатамі, таму і робяць усё сумленна, каб затым менш было прастояў і страт не толькі рабочага часу, а і пры налічэнні зарплаты. Ды і за час міжсезоння засумавалі па вялікай працы, “ірвуцца ў бой” і настрой маюць самы рашучы. На лінейку гатоўнасці тэхніку мы павінны паставіць да 1 сакавіка.  Часу да гэтай даты застаецца не так многа, і мы яго не марнуем, каб укласціся ва ўстаноўлены тэрмін і выканаць усе работы належным чынам. Веру, што гэта нам па сілах.

Маладым спецыялістам пасля заканчэння Мар’інагорскага каледжа загадчык майстэрняў Мікіта Хадунько працуе з 11 сакавіка 2022 года; механізатар Валянцін Корзун з аднолькавым майстэрствам валодае навыкамі кіравання і трактарам, і камбайнам, бо за яго плячыма больш за 30 гадоў працоўнага стажа, які адразу пасля школы напрацоўваў у роднай гаспадарцы; галоўны інжынер ААТ “Багушэвічы” Міхаіл Макаўка.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER