Навошта выратавальніку байк?

Date 17.01.2023 Man
Comment 754
Навошта выратавальніку байк?

Прапаршчык унутранай службы Лідзія Васількова вось ужо сёмы год служыць дыспетчарам у дзяжурнай змене № 3. Аднак бярэзінцы дагэтуль памятаюць, што яна раней працавала ў Бярэзінскім аддзяленні ААТ “Беларусбанк”.

– Так, я па адукацыі – эканаміст, – расказвае яна пра сябе, – і вельмі хацела працаваць у банку. Аднак з цягам часу зразумела: душа патрабуе перамен у прафесійным жыцці. А калі так, дык чаму не рызыкнуць?

Вось Лідзія і рызыкнула. Хутка прайшла ўсе неабходныя іспыты і апранула форму выратавальніка. Актыўная, неабыякавая і ініцыятыўная жанчына хутка ўлілася ў калектыў суровых і мужных выратавальнікаў. Лідзія ж яшчэ і выдатная спартсменка: штогод годна адстойвае гонар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях на спаборніцтвах раённага і абласнога этапаў па лыжным спорце, тэнісе, плаванні.

Ды гэта няпоўны пералік таго, чым яна заслужыла аўтарытэт у мужчын, якія кожны дзень, рызыкуючы ўласным жыццём, ратуюць людзей на пажарах. Уся справа ў тым, што Лідзія па прыкладзе свайго мужа захапляецца матацыкламі і з задавальненнем "ганяе" на байку. Трэба прызнацца, што захапленне гэта рэдкае для жанчын. Але любячы муж, дачушкі-прыгажуні – тыя людзі, што падтрымліваюць Лідзію Генадзьеўну ва ўсіх яе задумках і планах.

Таму і нядзіўна, што яна з лёгкасцю ўпраўляецца з манеўраным байкам. Няўжо язда на ім дорыць жанчыне больш яркія пачуцці, чым высакародная справа выратавання людзей? Так непрыкметна мы падышлі да пытання пра цяжкасці службы выратавання.

– Язда на матацыкле патрэбна для душы, а яшчэ гэта выдатны сродак выхавання характару і ўпраўлення ўласнымі эмоцыямі, – тлумачыць Лідзія. – І яна нялёгкая, як і мая служба. Праўда, гаварыць пра цяжкасці, калі робіш патрэбную справу людзям, няёмка. Аднак кожны званок на лінію 101 прымушае сэрца біцца часцей, як быццам ляціш на байку з хуткасцю звыш 100 кіламетраў у гадзіну, бо дзесьці, магчыма, вырашаецца чыйсьці лёс і менавіта ад цябе, тваёй реакцыі залежыць увесь зыход справы…

– Чаму пайшла служыць?

– Гэта ж зразумела! – смяецца жанчына. – Служыць асабіста мне цікава, незвычайна, разам з тым адказна і ганарова. Мне падабаецца дапамагаць людзям, быць членам вялікай і дружнай сям’і выратавальнікаў.

– А якія цяжкасці ў вашай службы?

– Пра цяжкасці ў свята гаварыць не хочацца, – дадае яна. – Цяжка бывае не спаць суткі, калі пажар ноччу, – усміхаецца Лідзія. – А тэлефануюць людзі па розных нагодах, не толькі паведаміць пра пажар: хтосьці разбіў ртутны тэрмометр, хтосьці баіцца за лёс птушак, што засталіся зімаваць на вадаёме, а хтосьці скардзіцца на непачышчаныя дарогі і спадзяецца, што гэта абавязкова наша справа. У любым выпадку чалавека трэба проста выслухаць, растлумачыць, што рабіць, а кагосьці нават проста супакоіць і пераадрасаваць запыт на адпаведную службу.

З людзьмі працаваць – нялёгка заўсёды. Але ж душа радуецца, калі ўдаецца дапамагчы, калі чуеш падзяку. Яе абавязкова падзяляю са сваім калектывам.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER