Да чужых праблем - як да сваіх

Date 24.02.2023 Man
Comment 402
Да чужых праблем - як да сваіх

Быць чалавекам на сваім месцы – значыць адбыцца як асобе, з цікавасцю і найвялікшай аддачай выконваць даручаную табе справу, мець аўтарытэт і павагу сярод калег і людзей, з якімі і для якіх працуеш. Вось і Наталлі Аскірка з самага пачатку яе працоўнай біяграфіі пашанцавала заняць сваю нішу і прысвяціць сваё жыццё рабоце з грамадзянамі, іх праблемамі, клопатамі, зваротамі.

Сёння Наталля Леанідаўна з’яўляецца начальнікам аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб раённага выканаўчага камітэта. А ў снежні яна смела можа адзначаць невялікі юбілей: споўніцца 10 гадоў, як яна стала ўзначальваць гэтую службу. Але і да гэтага часу ўся працоўная біяграфія Наталлі была непарыўна звязана з Бярэзіншчынай, яе жыхарамі і дапамогай ім у вырашэнні праблем.

Між тым, наша гераіня мае не бярэзінскае паходжанне, бо нарадзілася ў суседнім Клічаўскім раёне. Але неўзабаве бацькі Наталлі пераехалі ў Сялібу, дзе і ўладкавалі сваё жыццё. Бацька становіцца галоўным інжынерам тагачаснага калгаса імя Ільіча, а маці ўзначаліла мясцовы фельчарска-акушэрскі пункт (дарэчы, яна і да гэтага часу працуе там, нягледзячы на пенсійны ўзрост). Там жа, у Сялібе, свае першыя крокі на шляху работы з людзьмі рабіла і Наталля пасля заканчэння ВНУ. Трапіла (можна сказаць выпадкова) ў мясцовы сельвыканкам на пасаду землеўпарадкавальніка.

- Свае першыя гады працы поплеч з выдатнымі і вопытнымі старшынёй сельсавета Марыяй Трапянок і кіраўніком спраў сельвыканкама Ганнай Калячка помню і сёння, – узгадвае Наталля Леанідаўна. – Тая навука адносін да людзей і зносін з імі, што я атрымала ад гэтых вопытных і душэўных спецыялістаў, суправаджае мяне і сёння.

Я не лічу марна патрачаным той час, калі працавала ў сістэме землеўпарадкавальнай службы і затым у аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, дзе была галоўным спецыялістам 12 гадоў, ні цяперашнія дні.

Мне прыемна адчуваць, што я магу прынесці камусьці карысць, дапамагчы, накіраваць, даць кансультацыю… І вельмі радуюся, калі чарговы зварот вырашаецца станоўча.

Такі характар, лічу, у мяне захаваўся на генетычным узроўні і перадаўся не толькі ад матулі-медыка, а і ад бабулі, якая таксама заўсёды была чалавекам разважлівым, мудрым і прыцягвала да сябе людзей.

Пасада, якую сёння займае Наталля Аскірка, надзвычай адказная, бо ад вынікаў работы са зваротамі грамадзян і паспяховага іх вырашэння ў многім залежыць аўтарытэт мясцовай улады, давер да яе, у цэлым настрой грамадства.

Тут не можа быць пралікаў і памылак, а парушэнне тэрмінаў разгляду зваротаў, нястрыманасць ці грубасць у адносінах да грамадзян наогул недапушчальныя. А людзі… Яны такія розныя і непрадказальныя, як і тыя пытанні, з якімі яны звяртаюцца. Некаторыя раз ці два, хтосьці (ёсць і такія) – на пастаяннай аснове. І кожнаму патрэбна дапамагчы, растлумачыць, даць адказ, давесці, што яго зварот узяты на кантроль, не забыты і па ім прымаюцца адпаведныя захады.

Па выніках работы за мінулы год у раённы выканаўчы камітэт паступіла 362 звароты, пераважная большасць якіх – пісьмовыя. Рэгіструюцца яны не толькі падчас правядзення асабістага прыёму старшынёй райвыканкама або яго намеснікамі, прамых тэлефонных ліній, выязных прыёмаў, сустрэч у вытворчых калектывах і па месцы жыхарства грамадзян, але і пры асабістым візіце ў райвыканкам у любы рабочы дзень тыдня.

І змест кожнага зварота добра вядомы Наталлі Леанідаўне, бо неаднойчы праходзіць праз яе рукі за час агульнай дзейнасці ўсіх зацікаўленых службаў раёна ў вырашэнні той ці іншай праблемы. Работа гэта вымагае шмат фізічных і маральных сіл.

Выслухаць іншы раз блытаны змест пытання, "патушыць" у чалавеку першачарговае абурэнне і нават злосць, на "наезды" і грубасць адказваць ураўнаважанасцю, дасканала ведаць заканадаўства, даваць слушныя парады і тлумачэнні, захоўваць у сабе стрыжань і чалавечую годнасць…

- Так, працаваць сёння вельмі няпроста, - пацвярджае яна, - але што можа быць лепш, чым усведамленне таго, што ў вырашэнні той ці іншай праблемы або бяды чалавека ёсць і доля тваіх намаганняў. Нарадзіцца чалавекам нескладана, цяжэй заставацца ім на працягу ўсяго жыцця. Спадзяюся, што мне гэта ўдаецца.


Напярэдадні 85-годдзя Мінскай вобласці Наталля Аскірка была адзначана Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта за ўдзел у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна. І гэта не адзіная адзнака яе бездакорнай службы – службы на карысць грамадства і людзей.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER