Дык вось. Гэтых самых ямін на вуліцах горада апошнім часам з пачатку года дзякуючы намаганням работнікаў ДРБУ-192 стала намнога менш. Ды і асобныя вуліцы, укатаныя ў свежы асфальт, набылі зусім іншы выгляд. Такія перамены адбыліся спачатку з вуліцай Юбілейнай, а не так даўно, зноў жа сіламі ДРБУ-192, пераўвасобілася і суседняя з ёй вуліца Сакалоўскага. Такім чынам, зараз жыхары вуліцы Юбілейнай маюць два камфартабельныя заезды да сваіх домаўладанняў – як з боку школы мастацтваў, так і з боку святліцкіх могілак.
Зразумела, у планах дарожнікаў ёсць чым яшчэ парадаваць жыхароў Беразіно. Начальнік ДРБУ-192 Аляксей Кніга раскрыў толькі самыя бліжэйшыя з іх. На гэты раз цэнтрам выконваемых работ стане супрацьлеглая ўскраіна горада. Так, ужо сёння там вядзецца падрыхтоўка пад будучае асфальтаванне заезду ў горад ад аўтамабільнай дарогі Р-67 Барысаў – Бабруйск, які завяршаецца вуліцай імя Мультана. Бягучы рамонт гэтага ўчастка праезнай часткі дарогі ўжо ўключаны ў адпаведную праграму і асфальтаўкладчыкі тут павінны з’явіцца ўжо ў гэтым месяцы.
Яшчэ адным аб’ектам, увод якога таксама разлічаны на летні перыяд, стане асфальтаванне завулка імя Энгельса. Як адзначыў Аляксей Уладзіміравіч, пералічанымі работамі ўклад іх арганізацыі ў добраўпарадкаванне нашага рэгіёна сёлета не абмяжуецца.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.