Швачкі Бярэзінскага раённага камбіната бытавога абслугоўвання Людміла Карповіч, Вольга Алейнікава, Наталля Малашкевіч, Вольга Харытановіч і майстар швейнага цэха Наталля Пыж (другая злева) на працягу многіх гадоў аб’яднаны любоўю і адданасцю абранай справе.
Працоўны стаж многіх адлічвае больш за тры дзесяцігоддзі, а ў некаторых, як напрыклад у швачкі Наталлі Малашкевіч – наогул, 43 гады. Пасля заканчэння Дубасарскага прафтэхвучылішча атрымала спецыяльнасць швачкі-матарысткі Вольга Харытановіч (тады яна жыла ў Малдавіі). Людміла Карповіч, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, працягвае займацца любімай справай, прысвяціўшы РКБА амаль усё працоўнае жыццё.
Многім з іх давялося яшчэ папрацаваць на некалі існуючай у Беразіно швейнай фабрыцы пад назвай “Бярозка”. Такім чынам, яны маюць у некаторай ступені дачыненне да лёгкай прамысловасці і суадносна да свята работнікаў гэтай галіны. Таму віншаванні будуць дарэчы.
– Швачкі нам патрэбны, напішыце аб гэтым, – гавораць у арганізацыі і з павагай адносяцца да кожнага работніка цяпер параўнаўча невялікага швейнага цэха.
Дарэчы, асаблівым аўтарытэтам і павагай карыстаецца ў калектыве цэха адзіная мнагадзетная матуля – Вольга Алейнікава, у яе сям’і – дачушка Віка і два сыны-двайняты Ваня і Саня, і нават ёсць ужо ўнучка Даша. Некалі Вольга Уладзіміраўна працавала на швейнай фабрыцы “Світанак”, што ў Жодзіна, а потым – услед за мужам – перабралася ў Беразіно, дзе яны стварылі надзейнае сямейнае “гняздо”.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.