Здаровы лад жыцця

Date 14.08.2023 Man
Comment 1343
Здаровы лад жыцця

І для вяскоўцаў, і для заезджых гасцей

У апошні летні месяц, час заканчэння канікулаў, “Бярэзінская панарама” вырашыла даведацца, як дапамаглі заняткі спортам запоўніць вольны час школьнікаў. У горадзе, вядома, нашмат больш магчымасцей для аздараўлення, таму асабліва важна прасачыць, як жа з з гэтым пытаннем спраўляюцца ў вёсцы? Для прыкладу возьмем ФАЦ "Брадзец".

На парозе будынка нас сустракае атлетычна складзены дырэктар, 27-гадовы Яўген Тарасёнак. Каля чатырох гадоў гэты выпускнік факультэта фізічнага выхавання БДПУ імя М. Танка знаходзіцца на адказнай пасадзе. Адзначым, што Яўген Анатольевіч - жыхар Брадца, а таму давераны яму ФАЦ заўсёды пад пільнай увагай і рэдка калі пустуе.

- Сапраўды, у вёсцы ўсіх дзяцей можна пералічыць, і для кожнага знайсці ўпадабаны занятак, - адзначае Яўген Тарасёнак. - Ведаю, што нашы падлеткі рэгулярна бавяць час з мячом у школьнай спартзале і на футбольным полі. Мая ж задача – прыцягнуць іх увагу да паслуг, якія аказвае наш цэнтр. Найбольшай папулярнасцю ў старшакласнікаў карыстаецца більярд, у нас ёсць стол. Таксама да пяці чалавек за раз можа прыняць трэнажорная зала, дзе ёсць бегавая дарожка, эліптычны трэнажор, лаўка для жыму штангі, некалькі іншых трэнажораў, гантэлі. Дарэчы, і брадзецкія мужчыны таксама любяць патрэніравацца, але зараз, гарачай уборачнай парой, у іх на гэта проста няма часу.

- На сайце Бярэзінскага райвыканкама адзначана, што ў вас можна зняць гасцінічныя нумары. Ці папулярны такі адпачынак у турыстаў, ці дапамагае ён самаакупнасці установы?

- Мы заўсёды рады гасцям, якім можам прапанаваць спальныя пакоі, саўну, агароджаную плотам альтанку з мангалам. Лічу, што турыстам у нас цікава, бо вёска Брадзец знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад ракі Бярэзіны. Тут па-вясковаму спакойна, а кошт на паслугі прымальны, нашмат таннейшы, чым у аграсядзібах. Аб якасці адпачынку ў нас ходзіць добрая слава. Напрыклад, гэтым летам прыязджалі госці з Мурманска. Ды і наогул рэдкі тыдзень пакоі пуставалі.

Лічу, для лепшай самаакупнасці трэба спачатку ўкласці сродкі ў паслугі. У нашым выпадку можна закупіць лыжы, пашырыць трэнажорную залу, набыць лядовыя і ролікавыя канькі. Упэўнены, што затрачаныя сродкі акупяцца. І сёння ў гэтым напрамку ёсць канкрэтныя праекты і дамоўленасці з раённым упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме.

- А як сталася, што Вы захацелі звязаць жыццё са спортам?

- У мой час было нашмат менш варыянтаў для трэніровак. Улетку я займаўся на турніках і брусах, узімку паднімаў дома самаробныя гантэлі.  Удзельнічаў у разнастайных раённых спаборніцтвах, і, напэўна таму, спорт мяне пакарыў. Яшчэ будучы школьнікам, стараўся вывучаць анатомію, біямеханіку, чытаў адпаведныя артыкулы ў інтэрнэце. А пасля паступлення ва ўніверсітэт нам быў прадстаўлены вялікі спектр дысцыплін: я займаўся боксам, крыху каратэ, ездзіў на ўніверсіяды па армрэстлінгу - заўсёды заставаўся актыўным. А зараз удасканальваюся ў пад'ёме гір, і лічу, у мяне гэта нядрэнна атрымліваецца.

У сваю чаргу я стараюся рабіць усё, каб нашы дзеці палюбілі здаровы лад жыцця, нават калі яны і не стануць рэкардсменамі. Веру, што дзятва, якая прыходзіць у наш сціплы ФАЦ, у будучыні, калі надыдзе час асвойваць прафесіі і працаваць, скажа "не" небяспечным схільнасцям і дрэнным звычкам.

Калі мы пайшлі аглядаць ФАЦ, у трэнажорнай зале займаўся работнік МНС Брадзецкага пажарна-выратавальнага паста Захар Гаджыеў. Яго праца вымушае заўсёды заставацца ў трывалай форме, таму ён перыядычна знаходзіць вольны ад дзяжурстваў час на спорт. Пачынае Захар трэніроўку з кардыя-сесіі на бегавой дарожцы, а пасля працуе на сілу з вагай. З ім прыйшлі дачушкі Каця і Маша - таксама вялікія аматары фізкультуры.

Зразумела, што далейшы лёс ФАЦ “Брадзец” і падобных яму фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў на вёсцы ў большасцм сваёй залежыць і ад тых, для каго ён дзейнічае – мясцовых жыхароў, у першую чаргу – моладзі. А з такім апантаным папулярызатарам фізкультуры, якім з’яўляецца Яўген Тарасёнак, які знаходзіцца на сваім месцы, фізкультуры і спорту на месцах быць.

Павел САЛАЎЁЎ.

Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER