Калі на стале гусь і парася – то работа хараша

Date 30.08.2023 Man
Comment 1555
Калі на стале гусь і парася – то работа хараша

Што больш за ўсё надае аптымізму, калі мінула палова працоўнага дня? Я лічу, што гэта магчымасць някепска падсілкавацца падчас абедзеннага перапынку. Адны з гэтай нагоды бягуць у бліжэйшую краму за няхітрымі прадуктамі, хтосьці бярэ з дому “ссабойку, а некаторыя выкарыстоўваюць адведзеную гадзіну, каб паесці ў цэнтрах хуткага харчавання ці сталоўцы. Давайце паспрабуем разгледзець апошні варыянт (ці варыянты), балазе, што бярэзінцам ёсць куды пайсці і з чаго выбіраць.

Калі хочацца як дома

Вось ужо чатыры гады добрая слава ідзе аб сталовай бярэзінскага лясгаса. Наша газета пісала пра яе, і, вядома, мы таксама спрабавалі стравы, якія тут гатуюць. Загадчыца вытворчасці сталовай Таццяна Філончык гаворыць, што з пачатку лета працы тут дадалося: акрамя работнікаў лясгаса ў час жніва ім даводзіцца карміць па заключаных дагаворах і працаўнікоў шэрагу сельскіх гаспадарак. Таксама абеды гатуюць для работнікаў торфапрадпрыемства “Бярэзінскае” і для гасцей паляўнічай базы ў Вязычыне. Вось і атрымліваецца, што пяць работніц сталовай сёння падаюць больш за 150 паўнацэнных порцый.

Планаванне заўтрашняга дня тут пачынаецца з вечара, калі праводзіцца аналіз таго, што карысталася асаблівым попытам у едакоў на працягу дня. Але ў цэлым усё адбываецца больш-менш стабільна.

— Стараемся кожны дзень, так ці інакш разнастаіць меню, — расказвае Таццяна Пятроўна. – Што тычыцца гарачага, то прыкладна трыццаць порцый робіцца з цэльнага мяса, трыццаць з курыцы, і каля ста з сечанага мяса, каб дагадзіць і языку, і кашальку нашых гасцей. Такую ж колькасць рыхтуем гарніраў, салатаў, супоў. Пры гэтым усе прадукты праходзяць праз вагі, так што будзьце ўпэўнены: мяса ў вашай катлеце столькі, колькі заяўлена. За асноўныя стравы ў нас адказвае Кацярына Бяляева. Вам пашанцуе, калі пакаштуеце галубцы, прыгатаваныя па яе рэцэпце: вельмі ж добра яны атрымліваюцца! Адзначу і нашага повара-кандытара Наталлю Дзеравянку. Смачная булачка ў канцы абеду – гэта яе шэдэўрык. Дарэчы, у нас уся выпечка натуральная. Можа, гатуем мы і няхітрыя абеды, але нашым гасцям падабаецца. У нас ёсць і пастаянныя кліенты, якія працуюць у цэнтры горада, а сюды прыязджаюць за падсілкаваннем. У інтэрнэце можна лёгка знайсці наш адрас, а значыць, і заезджыя госці будуць сытна накормленымі.

Менш інфармацыі ў інтэрнэце аб сталовай  ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, што знаходзіцца на вуліцы Зялёнай. Яна адзіная знаходзіцца ў прамысловым мікрараёне горада, мае даўнюю гісторыю: працаваць пачала яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя, і заўсёды мела добрую славу. Сёння задзейнічаныя тут тры повары запатрабаваны, бо гатуюць на 120 чалавек у дзень, у тым ліку і для механізатараў некаторых гаспадарак раёна. Стравы тут таксама смачныя і разнастайныя. Вядома, шлях сюды з цэнтра горада няблізкі, але як варыянт для падмацавання сіл, асабліва калі ў вас ёсць аўтамабіль,  абавязкова трэба мець на ўвазе.

 

Выбіраем фаст-фуд

Больш за пяць гадоў у Беразіно не толькі сытна, але і арыгінальна кормяць у кафэ “Мандарын”, якое размяшчаецца на другім паверсе аўтавакзала. Уладальнік гэтага цэнтра харчавання Антон Няхай узгадвае, як па парадзе бацькоў адным з першых у горадзе заняў свабодную нішу, прапаноўваючы бярэзінцам шаурму і бургеры. А зараз у кафэ ёсць да таго ж вялікі асартымент піцы, бульбы-фры, кактэйляў, а таксама сэты, якія задаволяць апетыты як дзяцей, так і дарослых. Антон Міхайлавіч расказвае, што дзякуючы дастаўцы, у абедзенны час даводзіцца пастарацца, каб накарміць усіх жадаючых. Але, вядома, “час-пік” па колькасці заказаў і візітаў  прыпадае на вечары і выхадныя. Рэгулярна ў “Мандарыне” ладзяць дзіцячыя святы.

Антон Няхай, як прадпрымальнік, бачыць магчымасці развіцця свайго бізнесу ў Беразіно. З 1 жніўня пачаў працаваць яго фудтрак у раёне крамы “Капеечка” па дарозе на вёску Святліца. Месца было абрана невыпадкова: пакупнкі гэтага магазіна, а таксама “Светофора” і будаўнічых крам, якія размешчаны тут, ужо звяртаюць увагу на гэты вагончык. Акрамя таго, у Антона Міхайлавіча ёсць палатка для ўстаноўкі ў горадзе на святы, каб таксама прадаваць смачны фаст-фуд.

На момант адкрыцця кафэ в'етнамскай кухні “Сайгон” у Беразіно было нямала цэнтраў харчавання. Але ўсё ж яго гаспадары не пабаяліся канкурэнцыі, бо сталі прапаноўваць абсалютна экзатычныя і непаўторныя для беларусаў стравы. І вось ужо больш за год кафэ радуе гараджан.

- Усе нашы стравы прыгатаваны ў асаблівай стылістыцы, - усміхаецца адна з уладальнікаў кафэ Наталля Нгуен. - Нават папулярная ў пакупнікоў шаурма - таксама робіцца ў непаўторным стылі. Тым не менш, у нас часта бяруць наўпрост звычайныя “патэльні” з мясам і гарнірам. А вось арыгінальны суп “Фо-бо” не прыжыўся ў Беразіно, хаця ў сталічных рэстаранах в'етнамскай кухні з ім праблем няма. Прызнаюся, калі мае бацькі планавалі адкрыццё “Сайгона”, мы не чакалі такой папулярнасці. Заходзяць да нас і ў абед, і ўвечары, але больш у выхадныя. Пакуль што мы не здаём залу пад святы, але і такі варыянт разглядаецца.

Варта ўспомніць і аб першапраходцы хуткага харчавання ў Беразіно – “Піцэрыі”, або кафэ “Еда и кофе”, як яно называецца цяпер. Хутка гэтая ўстанова, якая належыць Бярэзінскаму філіялу Мінскага аблспажыўтаварыства, адзначыць пятнаццацігоддзе. З развіццём выбару гастранамічнага сэрвісу ў горадзе тут ужо даўно мінулі шумныя вечары, калі ў выходныя практычна немагчыма было знайсці свабодны столік. Але і зараз, па словах бармена ўстановы Вольгі Гоман, у буднія дні рыхтуюць па 10 і болей піц. Выдатнае рашэнне, каб падсілкавацца ў абед, або ўзяць каробачку ўвечары дадому, каб самаму не гатаваць вячэру.

 

А калі заказаць залу?

Ёсць у Беразіно і комплекс прыдарожнага сэрвісу, якім валодае Сяргей Піскун. Пачынаў яго прадпрымальнік з аўтамагазіна і СТА, а зараз тут красуецца і кафэ “Гранд-Ваяж”. Як гаворыць дырэктар кавярні Аляксандр Шаптурэнка, праезджыя аўтамабілісты, што рассмакавалі мясцовую кухню, абавязкова прыязджаюць сюды ізноў, каб добра правесці час. Хутка, смачна, разнастайна - вось сакрэт установы. Шэсць работнікаў кухні прыгатуюць і фаст-фуд, і здаровае меню, і фірменныя стравы для святаў. Месца ўпадабалася бярэзінцам, банкетная зала арандуецца ва ўсе выхадныя. Хіба што для вяселляў яна не падыходзіць - замалая. Так што і для будзённага абеду, і для адзначэння падзей месца тое, што трэба.

Калі адцягнуцца ад шэрых будняў, і адзначыць, куды можна пайсці паесці бярэзінцу ў выхадны дзень, то правераным і традыцыйным месцам будзе рэстаран. Па словах афіцыянта Марыны Кароль, тут заўсёды людна ў суботу, ёсць жывая музыка і дыскатэка. Само сабой, установу часта арандуюць пад святы. Хоць рэстаран знаходзіцца ў самым цэнтры горада, у будні паесці прыходзіць не так шмат людзей – каля дваццаці ў дзень. Дзіўна, бо і тарыф для абедзеннага часу не “кусае” - 8 рублёў ад "першага" да "трэцяга". Меню вар'іруюць штодзень. А кароннай стравай тут па праве лічацца дранікі са свінымі каўбаскамі.

Бярэзінцы ведаюць, што заказаць залу для свята яшчэ можна ў кафэ “Стары бераг”, “Амадэус” і “Івушка”. Раней у дзвюх апошніх таксама можна было адпачыць і ў выхадны вечар, але зараз яны працуюць толькі пад заказ. У кожным з гэтых месцаў ёсць свае плюсы, так што пакінем чытачам права аддаць перавагу любому з іх на свой густ і кашалёк..

Павел САЛАЎЁЎ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER