– Аздараўленне ў Бярэзінскім раёне традыцыйна будзе арганізавана з другога чэрвеня па жнівень уключна, – расказвае яна. – Усяго ў гэты час будзе дзейнічаць 21 выхаваўча-аздараўленчы лагер. У іх ліку і наш летнік “Папараць кветка”, а таксама лагер працы і адпачынку, палатачны лагер, спартыўны лагер і лагеры іншай накіраванасці. Усяго запланавана за летні перыяд аздаравіць 1090 хлочыкаў і дзяўчынак. Акрамя таго, на базе выхаваўча-аздараўленчага лагера “Папараць кветка” адпачнуць і непаўналетнія з гарадоў Мінска і Жодзіна.
– Раскажыце, наколькі гатоў прыняць сваіх наведвальнікаў наш летнік і як будзе арганізавана ў ім работа.
– Выхаваўча-аздараўленчы лагер “Папараць кветка” да сезона гатоў на сто працэнтаў. На яго падрыхтоўку сёлета было патрачана больш за 180 тысяч беларускіх рублёў. На гэтыя сродкі праведзены капітальны рамонт двух санітарных вузлоў, заменены дах на будынку лазні, вокны ў пакоях выхавальнікаў у шасці корпусах, на адным з участкаў тэрыторыі лагера асфальтавае пакрыццё было заменена на плітку. Вялікую дапамогу пры падрыхтоўцы лагера аказалі прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і спорту Бярэзінскага раёна. Яны правялі бягучы рамонт корпусаў для пражывання дзяцей і санітарнага корпуса, актавай залы і сталовай, іх намаганнямі была абноўлена мэбля, пафарбаваны падлога і сцены, у неабходных месцах адрамантаваны дах, заменены вокны, абноўлена надворнае абсталяванне, зроблена добраўпарадкаване тэрыторыі.
– Калі ласка, некалькі слоў аб кошце пуцёвак і іх наяўнасці, тэрмінах змены.
– Рост кошту пуцёўкі ў лагер “Папараць кветка” ў параўнанні з мінулым годам не перавышае 10 працэнтаў, а бацькоўская даплата складае ў сярэднім 177-186 рублёў і залежыць ад ўзросту дзіцяці. На сённяшні дзень усе пуцёўкі ў летнік прададзены, усе чатыры змены ўкамплектаваны. Нягледзячы на тое, што поўная загрузка лагера складае 140 месцаў і іх мы запаўняем у першую чаргу дзецьмі, якія маюць права на карыстанне дзяржаўнай датацыяй, у сувязі з павышаным попытам на пуцёўкі, на кожную змену набыта па 10-15 пуцёвак за поўны кошт.
Усяго ў летніку будуць ажыццёўлены чатыры заезды. Першая змена пачнецца ўжо 7 чэрвеня, апошняя, чацвёртая – з 30 ліпеня. Працягласць кожнай змены – 15 дзён. Паралельна з гэтым усе тры летнія месяцы на базе ўстаноў адукацыі раёна будуць адкрыты дзённыя выхаваўча-аздараўленчыя лагеры.
– Аздараўленне дзяцей заўсёды праходзіць цікава і весела. Наколькі багатай будзе праграма адпачынку дзятвы сёлета?
– На час аздараўлення і адпачынку дзяцей у нас распрацаваны планы работы, якія ўключаюць у сябе шмат мерапрыемстваў – паездак, экскурсій, запрашэнняў работнікаў культуры з гульнёвымі і творчымі прэзентацыямі і нумарамі. 17 чэрвеня да нас прыедуць гадаванцы ваенна-патрыятычных клубаў, якія супрацоўнічаюць з Міністэрствам унутраных спраў (іх будзе больш за 50 чалавек), наведаюць лагер, а затым пазнаёмяцца з нашым горадам. На базе летніка будзе дзейнічаць лагер працы і адпачынку “Мерыдыян”, падчас якога дзеці будуць не толькі аздараўляцца, а і змогуць папрацаваць у Бярэзінскім лясгасе. Цікава будзе дзятве адпачыць і ў палатачных лагерах, што будуць працаваць на базе турыстычнага цэнтра “Юнасць”, у лагеры “Алімпіец” на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. А ў СШ №3 г. Беразіно сёлета ўпершыню будзе дейнічаць ваенна-патрыятычная змена на базе лагера “Юнацтва”, якая адкрываецца ва ўзаемадзеянні з Бярэзінскім РАНС. Думаю, што цікава будзе школьнікам і ў іншых лагерах як кругласутачнага, так і дзённага знаходжання.
Магчымасць аздаравіцца будзе ў кожнага юнага бярэзінца. Прычым не толькі ў бярэзінскіх летніках. Мы трымаем з бацькамі цесную сувязь і рэгулярна паведамляем ім аб наяўнасці пуцёвак і ў іншыя лагеры, што размешчаны на тэрыторыі вобласці. У прыватнасці, ёсць лагеры інтэлектуальнай накіраванасці, дзе дзеці, акрамя аздараўлення, праходзяць падрыхтоўку да ўдзелу ў прадметных алімпіядах, і нашы школьнікі наведваюць гэты лагер.
У цэлым жа аздараўленне школьнікаў у час летніх канікул на Бярэзіншчыне набыло сваю стройную, правераную гадамі, сістэму, якая дазваляе максмімальна ахапіць усіх дзетак разнастайнымі актыўнымі формамі адпачынку, надаць лету сваю непаўторную прыцягальнасць і напоўніць яго цікавымі справамі і змястоўным правядзеннем вольнага часу. Думаю, што і сёлетняе лета для школьнікаў акажацца такім жа незабыўным.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.