Скончыўшы Лешніцкую школу ў 2021-м, дзяўчына ўзяла мэтавае накіраванне і паступіла ў Барысаўскі медыцынскі каледж. Па яе словах, рыхтавацца да паступлення пачала яшчэ ў дзявятым класе, бо вельмі хацелася набыць медыцынскую прафесію. Зараз Яна ўжо два гады працуе па выбранай спецыяльнасці.
Дарэчы, у хірургічнае аддзяленне дзяўчына патрапіла адразу пасля вучобы. Настаўнікам спачатку была старшая медсястра Валянціна Парфянюк. А запрасіла менавіта сюды медсястра Святлана Цэдрык. Малады спецыяліст паспрабавала прымяніць набытыя веды ў гэтым аддзяленні, і ёй спадабалася.
Яна Тамаровіч шчыра прызнаецца, што спачатку работа здавалася вельмі цяжкай, але цяжкай выключна з аднае прычыны – хірургічнае аддзяленне мае ўласную спецыфіку, сюды трапляюць людзі, якія часам “на мяжы”, і па-чалавечы вельмі складана назіраць за пакутамі і болем іншых.
– Нават плакала і прасілася, каб перавялі ў іншае месца. Вельмі шкада тых людзей, якія хварэюць. Але цяпер ужо прывыкла. Працую з задавальненнем. Стараюся падбадзёрыць нашых пацыентаў, падтрымаць і ўнушыць ім надзею.
Ці заставацца ў родных мясцінах пасля тэрміну адпрацоўкі, спецыяліст пакуль канчаткова не вырашыла. Аднойчы пашчасціла на працягу месяца папрацаваць у Мінскай абласной клінічнай бальніцы, дзе практыкуюць запрашаць на тэрміновую занятасць спецыялістаў з райцэнтраў сталічнага рэгіёна.
– Работа ў МАКБ пакінула вельмі добрыя ўражанні, гэта была своеасаблівая камандзіроўка, якая вельмі спадабалася, - завярае Яна.
З нашым выданнем знаёмая даўно, літаральна з дзяцінства – “Бярэзінскую панараму” чытала ўся сям’я, а выпісваць пачала яшчэ маці, якая зараз таксама працуе ў Бярэзінскай ЦРБ – у інфекцыйным аддзяленні. На старонках раённай газеты любіць знаёміцца з навінамі з розных сфер жыцця горада, а найперш – чытаць пра калег, знаёмых і сяброў.
– Яшчэ я падпісана на ўсе рэдакцыйныя сацсеткі, з задавальненнем гляджу рознае відэа ў стужках навін і іншую інфармацыю, - усміхаецца Яна. – Раённая газета – выданне актуальнае і неабходнае, якое яскрава адлюстроўвае жыццё Бярэзіншчыны. Таму жадаю газеце і надалей заставацца інфармацыйна насычанай, цікавай і запатрабаванай!
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.