У трэндзе – пральныя паслугі

Date 02.10.2026 Man
Comment 142
У трэндзе – пральныя паслугі

Сярод тавараў і паслуг бярэзінскіх вытворцаў пральныя паслугі Бярэзінскага раённага камбіната бытавога абслугоўвання – у спісе запатрабаваных, актуальных і папулярных. Чарга сюды не змяншаецца і попыт на гэтую паслугу застаецца стабільна высокім кожны дзень, як сярод юрыдычных асоб, так і сярод звычайных бярэзінцаў.

Памыць пасцельную бялізну, аддзенне, у тым ліку вялікія пледы, курткі і шмат чаго іншага, зрабіць гэта якасна, танна і даволі хутка, нягледзячы на аб’ёмы штодзённых заказаў, работнікі камбіната заўсёды гатовы і з радасцю ставяцца да кожнага кліента. І як завяраюць яны самі, нікому не адмаўляюць.

Калі я сюды наведаўся, супрацоўніца Марына Забаронак з усмешкай прадэманстравала літаральна цэлыя горы адпрацаваных заказаў у выглядзе прасцін і падкоўдранікаў. І ў пральных машынах “круціліся” яшчэ. Мы ўжо пісалі сёлета пра спектр паслуг, якія РКБА аказвае насельніцтву. І хочацца яшчэ раз спыніцца менавіта на “пральным камбінаце”, як мабыць можна яго ўмоўна назваць. Што змянілася за апошнюю палову года?

– Работы шмат кожны дзень. Мылі на працягу цэлага лета, - пракаментавала Марына Аляксандраўна. – Паступала бялізна з аздараўленчага лагера “Папараць-кветка”, потым з ваенных вучэбных збораў і шмат яшчэ адкуль. І аграсядзібы да нас вязуць мыць рэчы, напрыклад, зараз вось аграсядзіба з Жорнаўкі “У Лукоморья” павінна забраць ужо выкананы заказ, з іншых адпаведных куткоў адпачынку стабільна заўсёды паступаюць рэчы для мыцця.

Карацей, пералік можна весці доўгі. Адзначым таксама, што пральныя паслугі Бярэзінскага РКБА карыстаюцца папулярнасцю нават па-за межамі Бярэзіншчыны. Напрыклад, пасцельная бялізна на мыццё сюды паступае таксама і з гасцініцы, якая ў Чэрвені. Не праходзяць міма паслугі і бярэзінцы, у якіх дома няма адпаведных умоў, або элементарна не хапае часу займацца мыццём. Пры мне адзін мужчына здаваў прыёмшчыцы заказаў Ніне Глазавай цэлы пакет з рэчамі.

– Роўна пяць кілаграмаў, я ўжо ўзважыў, - зазначыў ён і потым дадаў. – А чаму б і не? Сюды прыносіць на мыццё рэчы вельмі зручна: аддаў, заплаціў і забраў.Дарэчы, дома, калі мыеш, гэты ж працэс займае час. Бо трэба потым прасушыць, а пасля і адпрасаваць. І калі рэчаў скопіцца шмат, на ўсё трэба будзе патраціць нават цэлы дзень. Бярэзінскі РКБА гэтай сваёй простай, але неабходнай паслугай значна спрашчае жыццё многім людзям. Бо тут пасля пральнай машыны рэчы адпраўляюцца напрамкі ў сушылку. А потым клапатлівыя рукі Марыны Забаронак яшчэ як след, належным чынам усё адпрасуюць і акуратна складуць у стос.

Сучаснае абсталяванне дазваляе працаваць без прастою. Калі ж раптам спатрэбіцца які рамонт, напрыклад, змяніць падшыпнікі, ці наладзіць баланс пральнай машыны, каб не трэслася, на дапамогу заўсёды прыходзіць Андрэй Шэлег, які таксама даўно ўжо працуе ў камбінаце.

Апрача ўсяго, тут яшчэ адбываецца і чыстка падушак – паслуга, за якой таксама часта звяртаюцца бярэзінцы.

Як адзначыла дырэктар Бярэзінскага РКБА Алена Паддубская, прыемна, што паслугі камбіната карыстаюцца попытам, адміністрацыя ж імкнецца заўсёды рабіць усё, каб быць у трэндзе сярод бярэзінцаў і шукаць новыя формы ўзаемадзеяння з насельніцтвам.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER