Старэйшы камбайнер раёна

Date 19.08.2022 Man
Comment 1268
Старэйшы камбайнер раёна

Сорак два гады за штурвалам камбайна – такі працоўны стаж мае механізатар ААТ “Брадзец” Аляксандр Кніга, адзін са старэйшых працаўнікоў бярэзінскай нівы.

І якраз з “Нівы”, тагачаснага серыйнага камбайна СК-5, і пачынаў свой шлях камбайнера малады юнак. Не шукаў ён ні выгод, ні прыгод у горадзе, а заўсёды быў верным сваёй малой радзіме. Тут жа і шчасце сваё знайшоў, стварыў сям’ю з прыгажуняй Галінай, з якой да гэтага часу і крочаць па жыцці разам: ён здабывае хлеб і кармы для грамадскага пагалоўя, яна – вось ужо больш за 35 гадоў даглядае на ферме цялятак, з’яўялецца надзейным аплотам мужу, які заўсёды – з вясны і да позняй восені – у працы да позніх вечароў.

– Вядома, – пацвярджае А. Кніга, – яна – маё галоўнае шчасце ў жыцці. І як бы не даводзілася ёй іншы раз цяжка з-за таго, што дома я бываю вельмі мала, ніколі не чую ні папрокаў, ні крыўды. А яе ж работа жывёлавода таксама нялёгкая, ды і дзетак гадаваць было няпроста,
калі я і на гэта асабліва не меў часу.

Сапраўды, у Аляксандра Мікалаевіча занятым з’яўляецца амаль круглы год. З вясны да яго трактара МТЗ-1221 прычапляюць плугі, потым ён займаецца падрыхтоўкай глебы пад пасяўную.

Затым надыходзіць час нарыхтоўкі кармоў, які, не паспеўшы яшчэ завяршыцца, плаўна перацякае ў жніво – галоўнага экзамена года. Пасля збожжавых культур ідзе ўборка кукурузы. Завяршаецца сезон ізноў жа пасяўнымі клопатамі, калі ідзе сяўба азімых і падрыхтоўка глебы пад будучы яравы клін.

– Працаваць у сельскай гаспадарцы нялёгка, – прызнаецца А. Кніга. – Але калі гэтая работа табе па душы, да многага ставішся па-іншаму. Па-іншаму пачынаеш цаніць і вольны час, які парой выпадае табе. Мая адтуліна зараз – мае ўнукі (іх у нас трое), асабліва меншанькі, якому толькі годзік споўніўся. Радуюся, калі ўся наша сям’я, нашы двое сыноў з сем’ямі, збіраецца разам.

А цяжкасці… На тое яны і існуюць, каб іх пераадольваць і атрымліваць ад гэтага задавальненне.

У працы Аляксандр Мікалаевіч – для многіх сапраўдны прыклад. Вось ужо каторы год запар выходзіць ён па выніках жніва ў лік лідараў, дасягае тысячнага рубяжа ў намалоце збожжа, рыхтуе маладых механізатараў да самастойнай працы на камбайне. Сёлета, напрыклад, чарговым яго напарнікам з’яўляецца Мікалай Максімаў – хлопец старанны і працавіты.

Дасягнуты на палетках гаспадаркі тысячны рубеж экіпаж мяркуе істотна павялічыць, даўшы згоду аказаць дапамогу суседзям з Крупскага раёна. Адсюль Аляксандр Мікалаевіч плануе вярнуцца маючы за плячыма намалот у дзве тысячы тон. Раней, як прызнаўся механізатар, яго найвышэйшым дасягненнем былі 1800 тон. Што ж, пажадаем нашаму майстру хлебнай нівы і яго напарніку ажыццявіць сваю мару і атрымаць магчымасць заваяваць права насіць імя камбайнераў-двухтысячнікаў. А. М. Кнігу налета ў сакавіку споўніцца 58, пасля чаго ён мае права выйсці на заслужаны адпачынак. Толькі не збіраецца механізатар пакідаць родную гаспадарку, а паўдзельнічаць у жніве 2023 года ён лічыць сваім абавязкам. Няхай і наступны год прынясе яму толькі перамогі і радасць працы.

Анатоль ПАЛЫНСКІ. Фота аўтара

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER