Выказаць шчырыя словы падзякі за старанную працу да работнікаў ферм разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Марынай Каўзуновіч прыбылі дырэктар сельгаспрадпрыемства Іван Штахура і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Ірына Чабатар. Акрамя салодкіх пачастункаў для сумеснага чаяпіцця, жывёлаводы атрымалі і невялікія падарункі.
– Наша мерапрыемства, – гаварыў Іван Мікалаевіч, – супала са святам Вадохрышча. Таму ў першую чаргу віншую вас з ім і жадаю ўсім моцнага здароўя і бадзёрасці. І, безумоўна, вялікі дзякуй за вашу працу і прыкладаемыя намаганні. Ад вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны, вашай працавітасці, у многім залежыць не толькі ваш заробак і фінансавы стан, а і дабрабыт гаспадаркі ў цэлым. Нам ёсць да чаго прыкладаць свае намаганні. Веру, што разам мы зможам дасягнуць большага, да чаго і будзем імкнуцца.