Будзем са збожжам!

Date 01.08.2023 Man
Comment 1115
Будзем са збожжам!

– Прагнозаў наконт ураджайнасці і агульнага намалоту гаспадаркі па выніках сёлетняга жніва рабіць не буду, бо справа гэтая няўдзячная, усё пакажа час, – адзначыў у час нашай размовы галоўны аграном СУП “АграМАЗ” Яўген Пілецкі. – Адно, што з дакладнасцю скажу, дык гэта тое, што будзем са збожжам!

А яно, сапраўды, падышло ўжо і залаціцца на палетках: самы час убіраць. І ў гаспадарцы не марудзяць з гэтай адказнай і напружанай працай. Вось ужо завяршылі ўборку азімага ячменю, якога было пасеяна 273 гектары, і зараз прыступілі да азімага рапсу. Яго плошча крыху большая – 410 гектараў, а значыць, і часу на яго ўборку запатрабуецца больш. Галоўнае, каб надвор’е было спрыяльным і дало магчымасць камбайнерам разгарнуцца на поўную сілу.

Усяго на жніве, па меры разгортвання работ і павелічэння аб’ёмаў, будзе задзейнічана пяць экіпажаў, пакуль жа працуе толькі чатыры. Для правядзення самай адказнай кампаніі года тут падабраны выдатныя механізатары, правераныя ўжо не адной уборкай і якія паказалі ў мінулыя гады высокія вынікі. Так, зараз лідарамі ў гаспадарцы з’яўляюцца Аляксей Цэдрык і Васіль Цялюк, якія яшчэ на 20 ліпеня з 99 гектараў намалацілі 243 тоны. І гэта ўжо тады, калі жніво толькі пачынала свой размах! Несумненныя прэтэндэнты на званне тысячнікаў. Тысячнікамі па выніках мінулагодняга жніва былі Аляксандр Пянкрат і Валерый Несцяровіч, якія зараз пакуль што займаюць другі радок сярод лідараў спаборніцтва і запісалі на свой рахунак 185 тон намалоту. Хочацца спадзявацца, што і на гэты раз яны дасягнуць запаветнай лічбы. Наогул, пакарыць запаветны рубеж намер маюць усе камбайнеры і з такім баявым настроем штодзень выходзяць на працу.

Акрамя названых культур, у СУП “АграМАЗ” уборцы падлягае яшчэ 154 гектары азімай пшаніцы, 210 гектараў азімага жыта і 457 гектараў азімага трыцікале. Аб’ёмы немалыя, нагрузка на адзін камбайн складае 280 гектараў. Нагрузка пасільная, асабліва, калі ўлічыць, што камбайнавы парк у гаспадарцы на 90 працэнтаў абноўлены і літаральна напярэдадні кампаніі тут набылі два новыя камбайны.

На адвозцы збажыны задзейнічана пяць адзінак тэхнікі. Лідарам спаборніцтва тут з’яўляецца вадзіцель Дзмітрый Ганчарык, які з пачатку жніва перавёз ужо (зноў жа, на 20 ліпеня) 262 тоны збожжа. Паралельна з уборкай вядзецца прасаванне і звозка саломы. Тут рупіцца на прэс-падборшчыку ветэран вытворчасці Мікалай Трафімчык.

Не заціхае ў гэтыя дні гул на зернесушыльным комплексе гаспадаркі, дзе круглыя суткі вядзецца дапрацоўка дастаўленай сюды збажыны. Пакуль што задзейнічана толькі адна сушылка, новая, амкадораўская, якая была летась уведзена ў эксплуатацыю. За суткі тут перапрацоўваецца ў сярэднім каля 250 тон зерня, хаця яе магутнасць намнога большая. У рэзерве знаходзіцца і старая польская сушылка М-819 – таксама спраўная і гатовая ў любы момант уступіць у строй.

Абслугоўваюць зернесушыльны комплекс чатыры чалавекі – па два ў змену. Аператары тут таксама людзі не новыя, правераныя не адным годам стараннай працы. Гэта Аляксандр Карпушкін і Рыгор Бохан, Уладзімір Губіч і Мікалай Вярбіцкі.

– Гэта наша сезонная праца, – расказвае Рыгор Бохан, – а так – я слесар, яшчэ двое маіх калег – электрыкі, а Уладзімір Губіч – галоўны энергетык. На новай сушылцы працаваў і летась. Цудоўны агрэгат! Тут усё камп’ютарызавана, кіраваць вельмі проста, ды і ў эксплуатацыі ён вельмі надзейны, не падводзіць нас. Хаця калі-нікалі даводзіцца і ўручную выконваць дадатковыя наладачныя работы.

Сярод тых, хто заняты на зернетаку, і кіроўца пагрузчыка Аляксей Цэдрык. Толькі сёлета прыйшоў ён у “АграМАЗ” з мясцовага лясніцтва і адразу атрымаў новенькі “Амкадор”. Як прызнаецца мужчына, у гаспадарцы працаваў і раней, але толькі сезонна, у прыватнасці, прымаў удзел у жніве. Вось і вырашыў стаць пастаянным членам гэтага зладжанага калектыву.

Жніво працягваецца. Набірае абароты і называе сваіх лідараў. Іх будзе сёлета нямала, нягледзячы на тое, што ўборка складваецца не самым лепшым чынам і наўрад ці зможа апраўдаць тыя спадзяванні, якія ўскладалі на яе аграрыі. Віной таму надвор’е. Але тым больш каштоўнымі будуць нашы поспехі і дасягненні, тым большую славу будуць мець героі жніва.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

 

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER