Не адпачываюць на лаўрах

Date 29.12.2023 Man
Comment 1174
Не адпачываюць на лаўрах

Для ААТ “Брадзец” адыходзячы год, нягледзячы на яго капрызы і неспрыяльнае надвор’е, выдаўся паспяховым. Зрабіўшы годны задзел ураджаю яшчэ з папярэдняй восені, а затым вясной паспяхова правёўшы яравую сяўбу, у гаспадарцы вырасцілі добры ўраджай збожжавых культур. Гэта пацвердзіў і ход жніва.

Па яго выніках “Брадзец” аказаўся пераможцам раённага спаборніцтва і заняў ганаровае першае месца. З 1554 гектараў пры ўраджайнасці 36,7 цэнтнера з гектара тут атрымалі 5700 тон збожжа. Важнай асаблівасцю стаў і той факт, што ўраджайнасць тут аказалася нават крыху вышэйшай, чым у папярэднім спрыяльным 2022-м годзе. Па выніках кампаніі ў гаспадарцы тысячнага рубяжа дасягнулі тры камбайнавыя экіпажы і чатыры вадзіцелі на адвозцы збожжа.

Найбольш працавітых работнікаў сельгаспрадпрыемства ўшаноўвалі і на свяце дажынак у Мікулічах, як пераможцаў індывідуальнага раённага спаборніцтва. У іх ліку былі старэйшы камбайнер гаспадаркі Аляксандр Кніга (трэцяе месца сярод камбайнераў), Уладзіслаў Корык (пераможца маладзёжнага спаборніцтва сярод камбайнераў), Мікалай Собаль (другое месца сярод вадзіцеляў на адвозцы збожжа), а таксама Аляксей Юнец і Уладзіслаў Казюка – лепшыя ў раёне аператары сушыльных агрэгатаў.

Не менш ударна папрацавалі вадзіцелі і механізатары і ў час нарыхтоўкі травяністых кармоў для грамадскага пагалоўя. Не падвяла і кукуруза.

Як вынік, гаспадарка пад поўную патрэбу забяспечыла пагалоўе буйной рагатай жывёлы належнымі кармамі. А яны з’яўляюцца залогам таго, што і ў зімовы час, пры належным доглядзе і захаванні рэжыму не будуць зменшаны паказчыкі атрымання малака і сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе жывёлы.

Ды і што гаворыць, у жывёлагадоўчай галіне “Брадца” працуюць адказныя, свядомыя аператары і даглядчыкі, з вялікім стажам работы і неабыякавасцю да даручанай справы.

Сярод іх аператары машыннага даення кароў малочнатаварнага комплексу “Брадзец” Алена Ацепаліхіна і Аксана Віннік. Вызначаюцца стараннасцю таксама і аператары машыннага даення кароў МТК “Крапіўня” Вольга Кароль, Наталля Гарошка і Наталля Саколіна. Менавіта дзякуючы іх намаганням у гаспадарцы ніколі не перасыхаюць малочныя рэкі, а яе казна штодзень папаўняецца фінансавымі сродкамі, якія ідуць на ўмацаванне эканомікі сельгаспрадпрыемства.

І гэта толькі частка тых адказных работнікаў гаспадаркі, якія сваімі намаганнямі і штодзённай працай не толькі ствараюць славу роднаму калектыву, а і ўмацоўваюць эканоміку Бярэзіншыны, краіны ў цэлым.

Адпачываць на лаўрах і спыняцца на дасягнутым – не ў натуры працаўнікоў ААТ “Брадзец” і яго кіраўніка Аляксандра Крука. Ужо чакаюць вясны і свайго росту пасеяныя з восені азімыя культуры.

А механізатары, карыстаючыся невялічкай перадышкай зімовай пары, старанна рыхтуюць тэхніку і агрэгаты, для таго, каб ужо з першымі цёплымі дзянькамі выехаць у поле і зноў прыняцца за прывычную для сябе гадамі працу земляробаў – даглядаць пасевы, вырошчваць хлеб, нарыхтоўваць кармы, весці жніво. Няхай і наступны год стане для іх паспяховым і ўдачным. Удача ж прыходзіць да тых, хто не сядзіць без справы, а дзейнічае і рупіцца. Менавіта такія яны – працаўнікі ААТ “Брадзец”.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER