Мінулы год мовай лічбаў

Date 22.01.2024 Man
Comment 1637
Мінулы год мовай лічбаў

Падведзены вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за мінулы год. Частка асноўных паказчыкаў прыведзена ў размешчанай на старонцы інфармацыі райсельгасхарчу. З яе вынікае, што ў атрыманні малака і мяса гаспадаркі раёна ў цэлым не знізілі сваіх паказчыкаў да ўзроўню 2022 года.

Станоўчая дынаміка адзначана і ў іншых напрамках. І толькі па адным з паказчыкаў раён крышачку недабраў – па колькасці пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Зараз яе колькасць складае 29169 галоў, або 97,9% да папярэдняга года. Толькі тры гаспадаркі змаглі ўтрымаць лік БРЖ на належным узроўні і крыху прыбавіць яго колькасць – ААТ «Брадзец», а таксама сельгасфіліял «Арэшкавічы» і СУП «АграМАЗ». Нягледзячы на гэта, колькасць кароў да аналагічнага перыяду павялічылася, хоць і неістотна (складае 10440 галоў). Тут недапрацавалі толькі ААТ «Пагосцкі» і ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс». Між тым, паказчык па атрыманні прыплоду за мінулы год такскама аказаўся станоўчым – 104,7 працэнта. Найбольш істотны ён у ААТ «Першамайскі» (147,4%), ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс» (131,5%) і філіяле «Арэшкавічы» (129,5%). Зразумела, што тут пасля расцёлаў могуць разлічваць на вялікае малако і абнаўленне статка, не тое, што тым гаспадаркам, якія не ў дастатковым аб’ёме паклапаціліся пра гэтую справу.

Рэалізацыя малака за мінулы год склала 105,1% (знізілі яе толькі ААТ «Пагосцкі», ААТ «Уша» і сельгасфіліял «Арэшкавічы»): было прададзена 43418,7 тоны прадукцыі з 48222,1 тоны атрыманага. Пры гэтым на 0,4 працэнта павялічылася і таварнасць, дасягнуўшы паказчыка ў 90%, самы высокі паказчык яе мае СУП «Здравушка-агра» (91,5), а найбольш нізкі – ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс» (86,4).

Някепскія вынікі і ў такіх паказчыках, як вырошчванне і рэалізацыя буйной рагатай жывёлы. За год яе было вырашчана 4369,1 тоны (106,2%), а рэалізавана 3922,7 тоны (133,1% да 2022 года). На жаль, у такім важным паказчыку, як вырошчванне БРЖ, не дапрацавалі да аналагічнага перыяду папярэдняга года ААТ «Першамайскі», сельгасфіліял «Ома», ААТ «Пагосцкі» і ААТ «Багушэвічы».

Вытворчасць малака. Сярэднясутачны ўдой на карову за год склаў па раёне 12,7 кілаграма. Па ўдоі на карову дасягнуты плюс у 227 кілаграмаў. Крыху вышэй сярэднераённага паказчыка ён у ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс» – 264 кілаграмы. Але пры гэтым сярэднясутачны надой тут усяго 8,8 кг. Менш дзесяці кілаграмаў ён у ААТ «Багушэвічы». І паралельна з гэтым мы бачым іншыя лічбы: 22,6 і 21,6 кілаграма – такі сярэднясутачны надой малака ў філіяле «Ома» і СУП «АграМАЗ». Розніца паміж імі па самых сціплых падліках складае амаль 2,5 раза! Штосьці падобнае і з сярэднясутачнымі прыбаўленнямі ў вазе БРЖ, дзе дыяпазон паказчыкаў раскінуўся ад 463 (ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс») да 638 грамаў (СУП «Здравушка-агра»). Цяжка сказаць, што іменна ўплывае на канчатковыя вынікі работы нашых сельгаспрадпрыемстваў пры аднолькавых умовах іх пастаноўкі і выканання. Відаць, спецыялістам ёсць над чым задумацца, да чаго прыкласці свае намаганні, каб памяняць сітуацыю.

Напрыканцы – некалькі лічбаў аб рабоце нашага свінагадоўчага комплексу. За мінулы год у ЗАТ «Клявіца» крыху скарацілася пагалоўе і складала на пачатак года 27845 галоў, а гэта 93,8% да 2022 года. Крыху меншымі сталі сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе – яны скараціліся з 622 да 607 грамаў. А вось астатнія паказчыкі - вырошчванне, рэалізацыя свіней і валавыя іх прыбаўленні – аказаліся вышэйшымі за дасягнутыя ў 2022 годзе.

Мінулы год, як і праходзячая зараз зімоўка жывёлы, для некаторых гаспадарак складваецца не лепшым чынам: адбіваюцца вынікі складанага ў кліматычным плане лета. Тым не менш, папрацавалі мы станоўча і не знізілі тэмпаў вытворчасці. Вельмі важна захаваць гэты тэмп і, пазбавіўшыся дапушчаных пралікаў і памылак, нарошчваць свае поспехі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER