Яднае іх адно месца працы – ферма па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы «Гара» ААТ «Брадзец», дзе яны вось ужо каторы год поплеч, падмяняючы адна адну, важдаюцца з маленькімі цяляткамі. Ды і як працуюць! У асобныя перыяды іх гадаванцы прыбываюць у вазе за суткі на цэлы кілаграм. Вось што значыць вялікі, больш за 30 гадоў у кожнай, практычны стаж работы ў галіне, беражлівыя адносіны да жывёлы і бязмежная працавітасць.
Галіну Кніга і Ірыну Стасевіч мы засталі ў не вельмі зручны, але адказны час пераўзважвання жывёлы. Частка яе, якая дасягнула 6-месячнага ўзросту, павінна быць пераведзена на далейшую гадоўлю на месцінскую ферму. Такіх цялушак трэба было не толькі ўзважыць, а і правакцынаваць, зрабіць адпаведную апрацоўку. Дапамагала ў гэтым жанчынам спецыяліст ветэрынарнай службы.
На сёння жанчыны даглядаюць 302 цялятак. Прывезеныя сюды ў 3-месячным узросце з малочнатаварных ферм, яны за наступныя тры месяцы набіраюць вагу і трапляюць на далейшае ўтрыманне. Працы жывёла патрабуе шмат, яе Уладзіміраўны не дзеляць паміж сабой: пакормяць (у рацыён уваходзяць кормасумесь і камбікармы ўласнай вытворчасці і прывазныя), папояць, прыбяруць, пры неабходнасці нават падлечаць. Дарэчы, працуюць яны самастойна – на ферме адсутнічае загадчыца. Адзіным памочнікам мужчынскага роду ў справе з’яўляецца… конь Каштан, які каманды жанчын выконвае з першага слова, надзвычай паслухмяны і з даверлівымі вачыма.
Адзначым, што па выніках работы за першы квартал ААТ “Брадзец” атрымала ў цэлым па гаспадарцы па 786 грамаў сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе БРЖ пры сярэднераённым паказчыку 704 грамы. Пры гэтым прырост да аналагічнага мінулагодняга перыяду склаў 140 грамаў. Такім чынам, сельгаспрадпрыемства заняло другі радок у зводцы (пасля СУП «АграМАЗ») па паказчыку сярэднясутачных прывагаў жывёлы.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.