Большыя дасягненні – большыя перспектывы

Date 03.06.2025 Man
Comment 438
Большыя дасягненні – большыя перспектывы

Тэндэнцыя да выхаду з прарыву ў галіне жывёлагадоўлі раёна, якая намецілася з пачатку года, усё больш набірае сілу і даказвае, што атрыманыя станоўчыя паказчыкі не з’яўляюцца выпадкова-разавымі, а ўяўляюць сабой сістэму.

Яскрава пацвярджаюць гэту думку і вынікі работы гаспадарак раёна за студзень-красавік 2025 года. Асноўныя вытворчыя паказчыкі па атрыманні малака і прадукцыі вырошчвання прыведзены ў зводцы. Але дабавім да яе яшчэ некалькі лічбаў.

Традыцыйна пачнём з пагалоўя буйной рагатай жывёлы. На жаль, яго ўзровень па выніках чатырох месяцаў аказаўся крыху ніжэй паказчыка аналагічнага перыяду мінулага года і склаў 98 працэнтаў. Зараз колькасць БРЖ складае 27667 галоў супраць 28237 летась. Скарачэнне пагалоўя дапусцілі ўсяго чатыры сельгаспрадпрыемствы – ААТ “Пагосцкі” (80,1% да леташняга), ААТ “Уша” (94,4%), ААТ “Багушэвічы” (97%) і сельгасфіліял “Ома” (97,4%).

Зменшылася на 386 галоў і колькасць кароў. Зараз іх налічваецца 9935, а гэта 96,3 працэнта да леташняга. Тут папрацавалі з адмоўным вынікам тры гаспадаркі – зноў жа ААТ “Пагосцкі” (83,4%), ААТ “Багушэвічы” (96,3%) і ААТ “Уша” (96,6%). Як бачым, і ў першым, і ў другім выпадку атрыманы “мінус” не вельмі істотны і лёгка мог бы быць перакрыты, калі б спецыялісты галіны да праблемы паставіліся больш адказна і сачылі за справаздачнасцю.

Безумоўна, колькасць пагалоўя можна і аднавіць, і нарасціць. У першую чаргу за кошт расцёлаў і прыплоду. Яго за чатыры месяцы атрымана на 62 галавы больш, чым летась (усяго 3576), што склала 101,8 працэнта. Як аказалася, найбольш прадукцыйна па аднаўленні статка працуюць спецыялісты ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” і сельгаспрадпрыемства “Арэшкавічы”, дзе атрымана больш як па 140 працэнтаў прыплоду да леташняга. У супрацьлегласць ім з адмоўным вынікам за гэты перыяд спрацавалі ААТ “Уша” (79,4%), ААТ “Брадзец” (88,2%), СУП “Здравушка-агра” (98,1%) і ААТ “Першамайскі” (98,6%).

Узровень таварнасці малака. На сёння ён складае 91,2 працэнта і ўзрос на 0,8 пункта. Праўда, чатыры сельгаспрадпрыемствы пакуль што не змаглі дасягнуць 90-працэнтнага ўзроўню – ААТ “Багушэвічы”, ААТ “Уша”, сельгасфіліял “Ома” і ААТ “Пагосцкі”, які да таго ж на 2,4 працэнта знізіў гэты паказчык.

У цэлым за 4 месяцы рэалізавалі 16884 тоны малака, што склала 20,2 працэнта да леташняга. Найбольшага прыросту рэалізацыі дасягнулі ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” (162.7%), ААТ “Першамайскі” (159,2%), ААТ “Багушэвічы” (138,1%). На стапрацэнтны ўзровень не змаглі выйсці дзве гаспадаркі – ААТ “Пагосцкі” і сельгасфіліял “Ома” (92,8 і 95,2 працэнта адпаведна). Пры гэтым жывёлаводам неабходна звяртаць увагу і на якасць сыравіны. Так, толькі чатыры гаспадаркі ў раёне (“Уша”, “Ома”, “Арэшкавічы” і “АграМАЗ”) сваю  прадукцыю поўнасцю здаюць класам “Экстра”, 95 працэнтаў яе рэалізуе ААТ “Брадзец”, а вось у іншых вынік намнога больш сціплы.

Найбольш важкімі аказаліся валавыя прыбаўленні ў вазе БРЖ у такіх гаспадарках, як УП “АграМАЗ” (462,3 тоны) і ААТ “Брадзец” (203,6 тоны). Брадзецкія жывёлаводы аказаліся на другім месцы і па росце прываг да леташняга. Гэты паказчык у іх склаў 124,1%. На трэцім месцы аказалася ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” (122,3%). А вось лідарам стала ААТ “Першамайскі”, дзе прырост склаў 136,5%. Не дацягнулі да леташняга ААТ “Пагосцкі” (63,7%), філіял “Ома” (90%), ААТ “Уша” (93.(%) і ААТ “Багушэвічы” (98,2%).

У цэлым жа валавыя прыбаўленні БРЖ за чатыры месяцы склалі 1512,4 тоны або 103,6 працэнта. Рэалізавана ж за гэты час было 1539,5 тоны жывёлы (нагадаем, што вырашчана яе было 1584,2 тоны).

Станоўча за гэты час папрацавала і наша свінагадоўчае прадпрыемства ЗАТ “Клявіца”. Пагалоўе свіней тут вырасла амаль на 10 працэнтаў і склала 31078 парсюкоў. Вырашчана 1832,3 тоны свіней (114,4%), а іх сярэднясутачныя прыбаўленні ўзраслі на 59 грамаў і дасягнулі 700 грамаў.

Пра вынікі работы галіны ішла падрабязная гаворка падчас разбору формы 12-сг, якая адбылася на мінулым тыдні на базе раённай ветстанцыі. Спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксей Шалай у сваім выступленні таксама закрануў праблемы навядзення парадку на фермах, правядзення іх рэканструкцыі і агароджвання, у цэлым догляду жывёлы, у тым ліку і ва ўмовах пашавага ўтрымання (абавязковая наяўнасць солі і вады, журналаў уліку страўлівання і вызначэння ўраджайнасці, талонаў якасці ў пастухоў, вытрымліванне патрабаванняў франтальнай пасьбы).

Намеснік галоўнага ветурача раёна Ірына Кужалевіч правяла аналіз захавання жывёлы, звярнуўшы пры гэтым асаблівую ўвагу на тыя хібы і памылкі, якія дапускаюць спецыялісты.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER