Паспяхова займаюцца гэтай справай і ў СУП “Здравушка-агра” і дарэмна не губляюць час. У ліку тых, хто штодзённа ажыццяўляе “рэйсы ўрадлівасці” на палеткі, і механізатар Дзяніс Тарасенка. Ён – з ліку маладога пакалення земляробаў, які, нягледзячы на свой маладжавы ўзрсот, паспеў ужо сфарміравацца і як надзейны працаўнік, і як выдатны сем’янін, і як патрыёт свайго роднага кутка пад назвай Паплавы.
У распараджэнні механізатара адразу два трактары – “Фэндт” (якіх у раёне засталіся лічаныя адзінкі) і МТЗ-3522. Першы з іх, па ўзросце ўжо “дзядуля”, Дзяніс выкарыстоўвае для менш працаёмкіх аперацый: для прасавання саломы, адвозкі кармоў з палеткаў. А вось энерганасычанаму МТЗ дастаюцца больш адказныя даручэнні: не толькі дастаўка кармоў, але культывацыя і іншыя глебаапрацоўчыя работы, вывазка (чым зараз і заняты) арганікі.
Кантраляваць ход выконваемых ім работ ніколі не даводзіцца, бо яны заўсёды маюць высокую якасць, выконваюцца своечасова.
Вось і зараз, калі ў гаспадарцы паралельна з палявымі работамі вядзецца пастаноўка тэхнікі на зімовае захоўванне, Дзяніс Тарасенка свае прычапныя і навясныя агрэгаты паспеў ужо памыць, пачысціць і паставіць пад навес.
Між іншым, Дзяніс па дыпломе тэхнік-будаўнік і ў свой час закончыў аддзяленне прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва ў коледжы. Нават нейкі час працаваў па выбранай прафесіі. Але ўсё ж цяга да тэхнікі ўзяла сваё. І вось ужо восем гадоў мужчына кіруе магутным сталёвым памочнікам у “Здравушцы-агра”.
Не менш клапатлівы і адказны Дзяніс і як сем’янін. Домік у Паплавах, што застаўся ў спадчыну ад бабулі, новыя гаспадары адрамантавалі, добраўпарадкавалі, пашырылі яго плошчу: і сабе жыць прыемна, і людзям паказаць не сорамна. Дык і як маладой сям’і без утульнага гняздзечка? Тым больш, што гадуецца ў ёй трое дзетак.
Самаму старэйшаму сыночку вось ужо восем гадоў, сярэдняму – пяць, а меньшанькаму хутка будзе два. Дарэчы, жонка Дзяніса – таксама спецыяліст сельскай гаспадаркі. Мае спецыяльнасць заатэхніка і да выхаду ў дэкрэт працавала
ў райплемстанцыі.
Такім чынам, Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, які днямі адзначаўся ў нашай краіне, – іх агульнае сямейнае свята. Хто ведае, можа і надалей, калі павырастаюць дзеткі, яны таксама стануць слаўнымі прадаўжальнікамі гэтай дынастыі.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.