Якая адказнасць за падпіску на экстрэмісцкія каналы?

Date 12.11.2021 Man
Comment 479
Якая адказнасць за падпіску на экстрэмісцкія каналы?

Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі падчас сустрэчы з ідэалагічным актывам раёна.

Вакцынацыя!

Першай перад прысутнымі выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Сакалоўская.

— Зараз кожны з нас павінен надаць асаблівую ўвагу бездакорнаму захаванню прафілактычных мер супраць каранавіруснай інфекцыі, — заўважыла Галіна Аляксандраўна. — А як мы ведаем, самая надзейная абарона супраць кавіду — вакцынацыя. Працягнуў тэму вакцынацыі галоўны санітарны ўрач Бярэзінскага РЦГЭ Вадзім Буйніцкі.

— У нашым раёне прайшлі вакцынацыю ўжо больш за 30% бярэзінцаў. Але тэмпы мы не павінны збаўляць ні ў якім разе. Адзначаецца, але пакуль нязначны, спад захворвання, — звярнуў увагу Вадзім Буйніцкі.

Як запісацца на рэвакцынацыю?

Адразу ж паступіла пытанне:

— Ці можна ўжо прайсці рэвакцынацыю? І дзе можна гэта зрабіць?

— Так, тыя, хто прайшоў вакцынацыю і ўжо мінула 6 месяцаў, могуць прайсці рэвакцынацыю. Прышчэпку робяць вакцынай “Спутник Лайт”. Можна прайсці рэвакцынацыю ў прышчэпачным пункце ў басейне, у прыёмным аддзяленні і прышчэпачным кабінеце паліклінікі, — патлумачў Вадзім Буйніцкі.

Правапарушэнні

Не менша важная тэма — захаванне правапарадку на тэрыторыі Бярэзінскага раёна. Аб стане правапарадку на тэрыторыі Бярэзінскага раёна за 10 месяцаў 2021 года (у параўнанні з 10 месяцамі 2020 года) расказаў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Андрэй Заяц:

— Хочацца адзначыць, што за 10 месяцаў знізілася колькасць паведамленняў аб злачынствах, — заўважыў Андрэй Міхайлавіч. — Знізілася агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў, а таксама злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, пры гэтым узрасла колькасць зарэгістраваных злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Узрасла колькасць прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў, крадзяжоў, крадзяжоў з дачных дамоў, угонаў аўтатранспарту, хуліганстваў, вымагальніцтваў. Знізілася колькасць крадзяжоў, у тым ліку з жылых памяшканняў, крадзяжоў веласіпедаў. Па-ранейшаму актуальнай праблемай застаецца і кіберзлачынства. Так, зніжана колькасць кіберзлачынстваў. Але пры гэтым толькі па 1 устаноўлены падазроны. Таму хочацца яшчэ раз нагадаць: будзьце вельмі пільнымі, нікому не паведамляйце свае банкаўскія дадзеныя. Махляры — не спяць!

За 10 месяцаў бягучага года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 7 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 7 чалавек атрымалі цялесныя пашкоджанні і 2 чалавекі загінулі. 1 здарэнне адбылося з удзелам дзяцей. Затрымана 47 кіроўцаў у стане ап’янення.

На жаль, вырасла і колькасць злачынстваў, якія адносяцца да катэгорыі “насілле ў сям’і”. Звяртаем вашу ўвагу, калі вы заўважылі, што ў вашых калег, знаёмых ёсць на твары, целе пашкоджанні, сінякі, распытайцеся, што здарылася. Магчыма, вашы знаёмыя пакутуюць ад сямейнага гвалту і ім неабходна дапамога.

Экстрэмісцкія Telegram-каналы

— Хочацца звярнуць вашу ўвагу на тое, што сёння неабходна быць вельмі пільнымі і чэрпаць інфармацыю толькі з правераных крыніц, — заўважыў Андрэй Міхайлавіч. — Думаю, многія ведаюць, што сёння некаторыя тэлеграм-каналы прызнаны экстрэмісцкімі. Ёсць экстрэмісцкія тэлеграм-каналы і ў Бярэзінскім раёне. Увогуле, па ўсёй краіне такіх Telegram-каналаў больш за 200.

Якая адказнасць прадугледжана за падпіску на экстрэмісцкія Telegram-каналы?

— Крымінальныя справы пагражаюць падпісчыкам каналаў, якія атрымалі статус экстрэмісцкага фарміравання. Калі канал прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам, за яго папулярызацыю, у тым ліку рэпосты, прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, — даў адказ на пытанне Андрэй Міхайлавіч. — Пра адрозненні паміж матэрыяламі і фарміраваннямі прасцей сказаць так: экстрэмісцкія матэрыялы — гэта тое, што робіць чалавек, а экстрэмісцкія фарміраванні — хто робіць.

— Значыць падпісчыкі Telegram-каналаў могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў?

— Калі ў яго статус экстрэмісцкага фарміравання, то яго падпісчыкі, сапраўды, могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. Што тычыцца падпіскі на каналы з экстрэмісцкімі матэрыяламі, то яна пакуль не караецца. Але пры адной умове: калі падпісчык не аказвае падтрымку ў папулярызацыі канала, інакш кажучы, не рэпосціць, не пералічвае грошай, не «злівае» туды інфармацыю. Калі пералічаныя дзеянні ёсць, то падпісчыкі, адпаведна, прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці.

Юлія БУКЕЛЬ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER