Прысвяціўся Богу і людзям

Date 24.12.2021 Man
Comment 447
Прысвяціўся Богу і людзям

25 снежня каталікі адзначаюць Божае Нараджэнне. Самая нагода паразважаць пра тое, колькі месца ў жыцці чалавека займае вера. Мы сустрэліся з пробашчам касцёла Маці Божай Міласэрнасці г.Беразіно ксяндзом Андрэем Фёдаравым, каб паразмаўляць пра шлях да святарства.

– Адкуль вы родам?

– Нарадзіўся 15 студзеня 1981 года ў Лідзе ў сям’і Ірэны і Мечыслава Фёдаравых. У сям’і я старэйшы сын. Нас чацвёра, яшчэ ёсць брат і дзве сястры. Касцёл памятаю з дзяцінства. Вядома, калі ў Лідзе яны адчыніліся напрыканцы 80-х, то на набажэнствы пачало хадзіць шмат людзей, сярод іх вялікая колькасць моладзі і дзяцей. Мяне ж вадзіла на імшу мая прабабуля, маміна бабуля, вельмі веруючая жанчына. Добра помніцца, як прымаў упершыню святую камунію і сакраманты. Калі мне споўнілася гадоў дзесяць, я хадзіў у касцёл цалкам усвядомлена, мэтанакіравана.

Дарэчы, спачатку ў Лідзе ў нашай роднай парафіі касцёл у імя беззаганнага зачацця найсвяцейшай Панны Марыі быў стары і драўляны, потым пабудавалі новы, больш сучасны. Мы, дзеці, дапамагалі святару пры касцёле і падчас набажэнстваў таксама. Дапамагалі рыхтавацца да святаў. Можна нават сказаць, што на святую імшу я наведваўся амаль кожны дзень, а па нядзелях і святах – дакладна ніколі не прапускаў набажэнстваў.

Там яшчэ існавалі розныя гурткі па інтарэсах. Напрыклад, камп’ютараў яшчэ не было, і мы хадзілі на курсы вучыцца друкаваць на друкарскіх машынках.

Пазней летам збіраліся гуляць у футбол. У Лідзе былі вялікія тэнісныя корты, мы з задавальненнем гулялі ў тэніс. Прычым збіралася на гульні разам як каталіцкая моладзь, так і праваслаўная.

Калі скончыў 11 клас у 1998 годзе, вырашыў паступіць у духоўную семінарыю ў Гродна. І не адзін: разам з сябрам, які цяпер служыць святаром у вёсачцы на Лідшчыне.

– Калі Вы адчулі, што святарства гэта Вашае пакліканне?

– Пакліканне – гэта не голас з неба, гэта тое, што чалавек доўга ўзважвае і абдумвае. Вось Папа Ян Павел ІІ напісаў кнігу “Дар і таямніца”, у якой закранаецца дадзеная тэма. Пакліканне шмат у чым з’яўляецца ўласным выбарам. Сям’я, у якой я нарадзіўся, была не святарская, вядомая справа, бо каталіцкім святарам нельга жаніцца і мець сям’ю, дзяцей. Маці мая працавала ў дзіцячым садку нянечкай. Бацька быў слесарам на лідскім заводзе электравырабаў (памёр ужо). Яны кожную нядзелю і па святах хадзілі ў касцёл. Бабулі і прабабулі мае таксама былі надта веруючымі. У сукупнасці ўсё гэта паўплывала на маё рашэнне паступіць у семінарыю.

– Як паставіліся дома да Вашага рашэння стаць ксяндзом?

– Бацькі ўспрынялі як добрую звестку. Толькі сказалі так: падумай добра, сын, каб нам пазней не было сорамна, бо гэта на ўсё жыццё. Калі хочаш – мы не супраць. Калі выбраў – гэта тваё жаданне, ідзі ў семінарыю.

Ніякіх адгавораў не было, толькі падтрымка. У сям’і былі ж яшчэ дзеці, мо бацькам цяжэй адпускаць аднаго сына… Дарэчы, брат працуе зборшчыкам мэблі, адна сястра працуе ў банку, другая – офісным менеджарам на заводзе.

– Вам ні разу не хацелася стаць кімсьці іншым? Пэўна ж, у школе падабаліся нейкія прадметы.

– Зразумела, думкі былі розныя. Дзед мой працаваў вадзіцелем. Гледзячы на яго, таксама хацелася пайсці гэтай сцежкай. А вось муж маёй хроснай матулі — лётчык у Расіі, шмат распавядаў пра сваю прафесію, таксама вабіла. Падобныя рэчы заўсёды прыцягваюць, асабліва хлопчыка ў школе. Але ў школе я зразумеў, што дакладныя навукі: фізіка, хімія, матэматыка – гэта адназначна не маё, больш прыцягвалі гуманітарныя дысцыпліны, вучыўся ў класе з паглыбленым вывучэннем моў. Гэта ўсё дало добры досвед, аднак у выніку я менавіта той, кім стаў.

– Каталіцкім святарам нельга мець сям’ю, існуе паняцце цэлібату. Хочацца задаць лагічнае пытанне: як успрынялі і змірыліся з гэтым правілам?

– Вядома, падчас вучобы хапала спакус і розных крызісаў, і шмат розных думак лезла ў галаву. Па праўдзе кажучы, малады чалавек, калі ідзе ў семінарыю пасля школы, можа не зусім разумее адказнасць падобнага кроку. Паўтаруся, святарства — гэта на ўсё жыццё. Таму яшчэ на субяседаванні перад паступленнем пра гэта гаварылі, папярэджвалі на прыёмнай камісіі: у цэлібаце нельга мець жонку і дзяцей. Сэнс гэтага правіла ў тым, каб поўнасцю прысвяціць сябе Богу і касцёлу. Пасля шасці гадоў вучобы ў семінарыі ты прысягаеш, абяцаеш чыстасць і паслухмянасць біскупу. Гэта ўласны мой выбар, ніхто не прымушаў. Трэба разважаць так: ты прысвяціўся Богу, ты прысвяціўся людзям. Прыняцце цэлібату – гэта неабходная ахвяра дзеля служэння.

– Што Вас уразіла, калі прыбылі ў Беразіно?

– У Беразіно я прыехаў у жніўні 2014 года. Гэта не першая мая парафія. Атрымаўшы святарскае пасведчанне 10 лютага 2007 года, пасля пасвячэння ў сан, я амаль 6 гадоў быў дапаможным святаром у Маладзечне ў парафіі святога Юзафа. Дарэчы, родны горад Ліда і Маладзечна маюць больш насельніцтва, і людзі ў тых мясцінах больш набожныя, там распаўсюджаны каталіцкія традыцыі вельмі шырока. Потым быў памочнікам старэйшага ксяндза два гады ў вёсцы Рубяжэвічы на Стаўбцоўшчыне. Пасля ўжо перавялі ў якасці пробашча ў Беразіно. І ўразіла адразу тое, што мала людзей наведваецца ў касцёл. Пасля Ліды і Маладзечна гэта было вельмі кантрасна. Зразумела, што маюцца вернікі, якія пастаянна штотыднёва прыходзяць на святую імшу – дзякаваць Богу! Але ж хочацца, каб да Бога звярталася больш бярэзінцаў.

Бярэзінская парафія вялікая, але шмат вернікаў наведваюцца на імшу толькі на Божае Нараджэнне і на Вялікдзень. Прыгадваецца анекдот: “Ці ходзіш ты ў касцёл?”. “Хаджу, але як ні прыйду, ксёндз яйкі свеціць”. Іншымі словамі, чалавек паказваецца на набажэнства толькі адзін раз на год.

У Беразіно ж, да прыкладу, сёлета былі толькі два хросты і ніводнага шлюба. На жаль, бацькі зараз часцяком думаюць так: няхай дзіця вырасце, тады само вызначыцца, да якой царквы далучыцца, ці быць вернікам. Але ж калі вырасце, будзе позна, асновам веры трэба вучыць з дзяцінства!

– Не ўзнікае думка перавесціся ў іншае месца?

– Ні ў якім разе! Няма такога жадання. Людзі на Бярэзіншчыне добрыя: і каталікі, і праваслаўныя. Дый уласна я даўно вызначыў для сябе, што Беразіно – гэта мой лёс. Да таго ж, хто людзям пакажа шлях да веры, да царквы, як не святар? Несумненна, у дадзеным месцы маё прызванне.

– Чым зараз жыве парафія, якія перспектывы? Многія пытаюцца пра будаўніцтва новага касцёла, ці хутка яно завяршыцца?

– 16 снежня ў нас былі госці. Парафію наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці (Маці Божай Вастрабрамскай). У гэты дзень адзначаўся парафіяльны адпуст. Вернікі рыхтуюцца сустракаць адно з самых вялікіх свят – Нараджэнне Хрыстова. Гэтай падзеяй зараз і жывём.

Што ж тычыцца новага будынка касцёла, будаўніцтва яго распачалося ў 2018 годзе. Справа ў тым, што тое месца па вуліцы Піянерскай, 25, дзе каталікі збіраюцца на набажэнствы, зусім не касцёл, а больш капліца. Таму і было вырашана будаваць касцёл сапраўдны, як мае быць. Раённыя ўлады выдзелілі зямлю пад гэтую справу, за што ім шчыры дзякуй. Дзякаваць Богу, людзі дапамагаюць. Зараз ідуць унутраныя работы. Праўда, хочацца, каб трошкі актыўней, каб людзі дапамагалі не толькі ахвяраваннямі, але і сваёй працай уключыліся ў працэс будоўлі. Мы ўсе жывём у невялікім горадзе, і вельмі важна, каб у Беразіно быў касцёл. Прыгожы, сучасны, каб быў мясцовай славутасцю.

– Што на думку святара з’яўляецца галоўным у чалавечым жыцці, асабліва сёння?

– Напэўна, каб людзі былі добрымі адзін да аднаго. Каб стараліся дапамагаць адзін аднаму. Каб стараліся дапамагаць іншым людзям, не былі эгаістамі, не думалі толькі пра сябе, былі чулымі да патрэб іншых.

Размаўляў Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER