Дзяніс Дзішук: Здабыткі года натхняюць, а перспектывы – радуюць!

Date 30.12.2021 Man
Comment 405
Дзяніс Дзішук: Здабыткі года натхняюць, а перспектывы – радуюць!

Прычын для сённяшняга інтэрв’ю са старшынёй Бярэзінскага райвыканкама Дзянісам Дзішуком некалькі. Па-першае, роўна год як Дзяніс Ігаравіч знаходзіцца на такой адказнай пасадзе, па-другое, жаданне атрымаць з першых вуснаў інфармацыю аб тым, што чакае бярэзінцаў у надыходзячым годзе, па-трэцяе, пагутарыць аб вельмі адказнай палітычнай кампаніі, што чакае нас літаральна на самым пачатку 2022 года – рэферэндуме і, безумоўна, перадаць нашым чытачам словы віншаванняў з надыходзячым святам.

— Дзяніс Ігаравіч, сапраўды, у Бярэзінскі раён на пасаду старшыні райвыканкама Вы былі назначаны якраз напярэдадні Новага года, роўна год назад. Думаю, што наспеў час першых Вашых ацэнак: наколькі лёгка ці складана працаваць з бярэзінцамі, яны, наогул – людзі працавітыя, што паспелі зрабіць за мінулы час? І наогул, якім аказаўся для Вас год адыходзячы?

– Яго можна ахарактарызаваць адным словам – рознапланавы. І ў плане прыкладання намаганняў, і ў плане вырашэння пастаўленых праблем, і ў плане ажыццёўленага. За гэты час па некаторых напрамках мы папрацавалі някепска, а дзесьці – хацелася б бачыць больш істотныя вынікі. У першую чаргу гэта датычыцца сельскай гаспадаркі. Дзесьці нам не хапіла фінансавых сродкаў, дзесьці былі дапушчаны парушэнні тэхналогій, дзесьці адбілася неспрыяльнае надвор’е. Хаця на яго, лічу, асабліва спасылацца нельга, бо строгае захоўванне тэхналогіі як вырошчвання ўраджаю, так і атрымання прадукцыі жывёлагадоўлі сёння ў большасці сваёй залежыць ад дакладнага захавання тэхналогіі вытворчасці. Неабходна вытрымліваць яе, планамерна рухацца наперад і дасягаць пастаўленых рубяжоў. Тым больш, што для гэтага ў нас усё ёсць – працоўны патэнцыял, новая тэхніка, якая пастаянна абнаўляецца, сучаснае абсталяванне і перадавыя тэхналогіі.

Так, Бярэзіншчына – не валаўтваральны раён Міншчыны. Але тут жыве больш як 23 тысячы нашых грамадзян, якія таксама хочуць і павінны годна жыць. Жыхары нашага рэгіёна (я пераканаўся ў гэтым), як і ўсе беларусы – народ працавіты, яны сумленна ставяцца да выканання сваіх абавязкаў і ўчасткаў работы. Мала каго з іх трэба кантраляваць. Галоўнае, што кожны з іх ведае, як неабходна працаваць, у якім рэчышчы рухацца для таго, каб рухацца наперад. І раён не стаіць на месцы. У гутарцы з кіраўнікамі я часта паўтараю, што сёлетнія паказчыкі павінны быць для бярэзінцаў пераломнымі, стаць пунктам адліку іх росту. Дасягаць большага – наша задача, таптацца на месцы або зніжаць узровень вытворчасці мы не можам, не павінны і не маем права. І такі мой пункт гледжання падзяляюць усе мае паплечнікі. Гэта радуе.

Набылі два новых аўтобусы для аўтапарка, хутка набудзем яшчэ два аўтобусы для падвозу дзяцей у школы. Правялі да пачатку навучальнага года належны капітальны рамонт Пагосцкай СШ. Завяршаем рамонт СШ №2 г. Беразіно, зараз прапрацоўваем праект новага даху для яе будынка, каб налета школа азначыла свой юбілей абноўленай і прыгожай.

Працягваем весці будаўніцтва жылля. Паглядзіце, як папрыгажэла вуліца Кастрычніцкая пасля ўводу новага пяціпавяр-ховіка на месцы былых лядашчых дамоў. Распачата ўзвядзенне яшчэ аднаго жылога дома на вуліцы Красіна, непадалёк будуецца новае пажарнае дэпо…

– Наколькі я ведаю, яго адкрыццё запланавана ўжо на наступны год, ці не так? І калі мы ўжо плаўна перайшлі да падзей будучых, запытаюся: што год наступны нам рыхтуе?

– Так, вы маеце рацыю, сапраўды, дэпо будзе здадзена ў эксплуатацыю налета. У 2022 годзе абавязкова завершым работы на будынку бібліятэкі, дзе акрамя яе размесціцца ЗАГС і пачне працаваць маладзёжны цэнтр. Адбудзецца гэта падзея прыкладна ў маі, калі завершацца рэлігійныя пасты і велікодныя святы і пачнецца сезон шлюбаў. Хочацца, каб у адкрыцці гэтага аб’екта прынялі ўдзел тыя, хто першым пераступіць парог новага ЗАГСа. Наогул, хочацца, каб наступны год аказаўся багатым на шлюбы, каб расла ў нас колькасць новых сем’яў, а маладыя людзі разумелі і бачылі, што іх цэняць, шануюць, што ім гатовы прадаставіць рабочыя месцы і жыллё, якое будзе і надалей узводзіцца ў нашым горадзе. Раскрыю невялічкую тайну: на перыяд да 2030-га года распрацаваны план дэталёвай забудовы райцэнтра, у адпаведнасці з якім у раёне ЖКГ (вуліцы Красіна) мяркуецца ўзвесці новы мікрараён з усімі ўмовамі для жыцця, дзе будзе 10 шматпавярховых сучасных жылых дамоў, а таксама дзіцячы садок і школа.

Вернемся да будынка бібліятэкі. Размешчаны насупраць яго парк ператворыцца ў зону адпачынку для дзятвы, моладзі і тых, хто бярэ шлюб. Тут установім лавачкі для адпачынку, адрамантуем дарожкі, пасадзім новыя дрэўцы, установім малыя архітэктурныя формы – месца і магчымасці дазваляюць зрабіць гэта. Адновіць сваю работу і фантан. Яшчэ адзін фантан стане ўпрыгожваннем другой зоны адпачынку – каля штучнага возера. Па-ранейшаму актыўна будзем займацца азеляненнем нашага горада, добраўпарадкаваннем яго вуліц.

Не застануцца па-за ўвагай і школы. Налета плануем капітальна адрамантаваць Капланецкую і Брадзецкую сярэднія школы. Наогул, у сельскай мясцовасці школы аб’ядноўваюць у сабе не толькі навучальныя ўстановы, але і дзіцячыя садкі, утвараючы такім чынам навучальна-педагагічныя комплексы. Гарадскія ж садкі, узведзеныя яшчэ ў савецкі час, сёння патрабуюць пільнай увагі. Касметычнымі або бягучымі рамонтамі справу тут не паправіш, неабходна брацца за яе больш грунтоўна. Зразумела, за адзін год капітальна адраманаваць іх не атрымаецца, а вось за два-тры – рэальна. На такі рытм і арыентуемся.

– Вельмі прыемна чуць, што Вы ў сваёй рабоце шмат увагі надаяце падрастаючаму пакаленню, якому працягваць нашы справы і будаваць заўтрашні дзень. Але яго фарміраванне залежыць і ад нас. Я маю на ўвазе маючы адбыцца рэферэндум па змяненні і дапаўненні дзеючай сёння Канстытуцыі нашай рэспублікі. Ад нашай актыўнасці і нашага волевыяўлення будзе залежыць многае. Ці не так?

– Што датычыцца рэферэндума, то чакаюць яго ўсе. Ужо пабачыў свет праект новай Канстытуцыі, жыхары Беларусі пачынаюць знаёміцца з ім. На жаль, некаторыя грамадзяне ставяцца скептычна да маючага адбыцца мерапрыемства. Але ж новы Асноўны Закон нам патрэбны. Патрэбны для таго, каб краіна развівалася далей, зыходзячы з рэалій сённяшняга жыцця. Гэта заканамерны шлях. Некаторыя краіны за такі ж час, як у нас, паспелі памяняць Канстытуцыю і па 10, і нават па 30 разоў. Мы ж яе за апошнія

27 гадоў мянялі толькі двойчы.

Вы, несумненна, самі бачылі, як працавала камісія па яе выпрацоўцы – часта збіралася, карэкціравала кожны артыкул, некаторыя ўбіралі, некаторыя дапрацоўвалі, упісвалі новыя… Асабіста я спадзяюся, як спадзяюцца і ўсе беларусы, што новая Канстытуцыя будзе самай паспяховай і самай удалай для нашага народа. Так, сапраўды, сёння ўсё знаходзіцца пад чулым кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта і яго ўвагай. Таму і выказваецца прапанова аб размежаванні яго паўнамоцтваў іншым структурам улады, у тым ліку і Усебеларускаму народнаму сходу, што дасць магчымасць прымаць удзел у гэтым працэсе многім грамадзянам.

Ужо зараз у працоўных калектывах праводзім гутаркі з людзьмі, расказваем і тлумачым змест і сутнасць артыкулаў Асноўнага Закона, раскладваем іх, як кажуць, па паліцах, каб кожны мог усвядоміць іх сутнасць і сутнасць прапануемых перамен. Бо ад кожнага ўдзельніка рэферэндума залежыць будучае як раёна, так і вобласці, і ўсёй рэспублікі ў цэлым.

Не пайсці сёння на рэферэндум можа любы. Але як мы будзем жыць заўтра – вялікае пытанне. Таму ўсім бярэзінцам я раю абавязкова прыняць удзел у рэферэндуме і зрабіць правільны выбар на карысць развіцця нашай рэспублікі.

– У канцы нашай гутаркі, а яна ж у нас пераднавагодняя, хацелася б запытацца аб тым, што значыць гэтае свята асабіста для Вас і як Вы яго адзначаеце?

– Новы год – гэта заўсёды час цудаў, выканання жаданняў, час чакання чагосьці новага. І хоць дарослыя людзі ў казкі не вераць, яны заўсёды жывуць спадзяваннямі на лепшае. Я – не выключэнне. Для мяне сустрэча Новага года – традыцыйна чыста сямейная ўрачыстасць. Яго праводжу ў крузе сваіх “дзяўчат” – жонкі і дзвюх дачушак з усімі абавязковымі для свята атрыбутамі – падарункамі, ёлкай, праглядам тэлеперадач, запускам феерверкаў. Па традыцыі слухаю віншаванне нашага Прэзідэнта, якое заўсёды ўсяляе ў мяне веру ў заўтрашні дзень, у далейшы росквіт нашай дзяржавы.

– Дзякуй за цікавую размову. І няхай збываюцца Вашы мары і тыя вялікія планы, якія Вы паставілі перад сабой і Бярэзіншчынай на будучы год. З надыходзячым святам!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Людзям важна быць пачутымі Диалоговая площадка »